Ці ўратуюць літоўскія інвестыцыі беларускую эканоміку?
27 мая ў Лідзе завяршае працу ХІІ Беларуска-літоўскі эканамічны форум. Афіцыйныя беларускія выданні з лёгкім аптымізмам пішуць пра дамоўленасці на супольныя праекты. Наколькі літоўскі бізнес прысутны ў Беларусі?
З такім пытаннем "Радыё Рацыя" звярнулася да эканаміста, кіраўніка цэнтра даследаванняў “Стратэгія” Леаніда Заікі.
— Будаваць нейкія планы па вялікіх інвестыцыйных праектах не мае сэнсу, — адзначыў Леанід Заіка. — Ёсць некалькі сфер, дзе літоўцы нядрэнна працуюць. Гэта аўтамабілі, аўтарамонт, будаўніцтва. Яны нават займаюцца такім бізнесам, як абслугоўванне дамоў. Яны маюць замовы аж да Казахстана. Таму тут, з пункта погляду канкрэтнай спецыфікі, нейкіх абсалютных паветраных замкаў будаваць не варта.
Гэта можа быць вельмі малы бізнес, які ў большасці сваёй будзе звязаны з трансакцыямі, гандлем. Сфера будаўніцтва ў нас знаходзіцца зараз у стане дэградацыі. Даходы людзей падаюць, будаўніцтва жылля выходзіць на свой крытычны мінімальны аб’ём. Таму я б сказаў так: калі людзі знойдуць сферу для ўкладанняў — гэта добра, а калі не — тады мы будзем назіраць, што ўрад спрабуе нешта зрабіць, людзі прыкладаюць нейкія намаганні, але нічога не атрымліваецца.
Беларусь літоўцы ведаюць. Яны працуюць тут ужо не першы год. Таму, я думаю, нейкіх вялікіх праектаў не будзе.
— Напрыклад, паводле інфармацыі, якая з’явілася на сайце БелТА, распавядаюць пра паспяховыя праекты перапрацоўкі адкідаў жывёльнага паходжання “Biovast” на Лідчыне, а таксама збіраюцца яшчэ вырабляць мяса індыка на тэрыторыі Беларусі. Як такія дробныя праекты ўплываюць на агульны эканамічны клімат у Беларусі? І колькі ж трэба такіх розных невялікіх прадпрыемстваў, каб эканоміка адчула прыток гэтых фінансаў і інвестыцый?
— Інвестыцыі ў малы бізнес таксама невялікія. І ўзгаданыя вамі праекты таксама нельга назваць буйнымі — яны маюць лакальнае значэнне. Пры гэтым трэба звяртаць увагу на тое, што бізнесоўцы, як гэта часта і правільна робіцца, рэкламуюць свае праекты, каб атрымаць грамадскую падтрымку і доступ да фінансавых рэсурсаў. Бо вельмі многія спадзяюцца на такое: заявіць пра гэта, разрэкламаваць, пасля прыйсці ў Беларусь і ўзяць грошы ў адным з беларускіх банкаў, бо навошта ім са сваіх банкаў везці.
І я не лічу, што мяса індыка будзе каласальным прарывам. Я нават схільны думаць, што калі б беларусы больш-менш правільна вялі свае справы з Аўстраліяй, то мяса кенгуру было б таннейшае за мяса індыка, ды і па сваіх экалагічных уласцівасцях яно лепшае.
А што тычыцца выпрацоўкі біягазу і паліва, то тут я хачу сказаць, што Беларусь перанасычана электраэнергіяй. Сёння нават будаўніцтва АЭС не мае сэнсу.
— Вы маеце рацыю. Сёння на канферэнцыі пасля паведамлення пра мяса індыка нават прагучалі словы: “Калі знойдзем паразуменне ў банкаў, будзем далей развіваць свае праекты ў Беларусі”.
Увогуле, чаму літоўскі бізнес даволі лёгка функцыянуе ў Беларусі? Ці ён ведае нейкія іншыя правілы, якіх не ведае бізнес у Нямеччыне ці Польшчы?
— Не. Па-першае, я не магу падтрымаць сцвярджэнне, што літоўскаму бізнесу тут добра жывецца. Насамрэч, ёсць шмат правальных праектаў. Часта даводзілася адступаць. І як у нас, так і ў Літве ёсць некалькі даволі спрытных і здольных людзей, якія ўмеюць рабіць грошы з нічога. І калі мы будзем арыентавацца на іх, то ў выніку мы нічога не атрымаем. Я думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, постсавецкі сіндром: тут бліжэй, тут прасцей. Немцам гэта незразумела, а канадцам — дык увогуле… Трэба адзначыць, што ёсць таксама літоўцы беларускага і расейскага паходжання. А яны ўжо могуць рабіць бізнес, дзе хочаш.
У бліжэйшы панядзелак цэнтр “Стратэгія” мае намер арганізаваць беларуска-літоўскую канферэнцыю, прысвечаную праблемам малога бізнесу, дзе будуць расказваць пра развіццё малога бізнесу ў Літве і Беларусі. Чакаецца, што з літоўскага боку ў ёй возьмуць удзел важныя эксперты, сярод якіх былы прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота polymia.by
Чытай больш на: