Падсласцілі горыч

Вось і скончыўся для Беларусі чарговы чэмпіянат свету па хакеі. Вынікі выступлення нашай зборнай на сусветным першынстве 2017 года можна ахарактарызаваць як «курыны ўзлёт і, хоць і не зусім арліная, але і не самая горшая пасадка».

Фота з сайта hockey.by

Фота з сайта hockey.by

Сёння адбылася апошняя гульня беларускай зборнай, якая змагалася са зборнай Нарвегіі. Вынікі гэтага матчу ўжо нічога не вырашалі ў турнірнай табліцы, пры любым раскладзе наша каманда заставалася на перадапошнім — сёмым — месцы ў сваёй падгрупе. Тым не менш, завяршылі першынство айчынныя хакеісты на больш-менш мажорнай ноце – у перадапошнім змаганні перамаглі славенцаў (5:2), якія вылятаюць і ніжэйшы дывізіён, а ў апошнім атрымалі вікторыю над зборнай Нарвегіі (4:3).

Трэба сказаць, што гэтая гульня атрымалася “валідольнай”. Пасля першага перыяду на табло красаваліся “баранкі”, у другім нашы гульцы здолелі закінуць дзве шайбы ў вароты суперніка і адну прапусцілі ў свае. А трэці перыяд пачаўся эйфарычна для нарвегаў – цягам некалькіх хвілінаў вікінгі двойчы паразілі беларускую браму. І толькі сапраўдная воля ды, нарэшце, аказваецца, яшчэ майстэрства, якое чамусьці не было прадэманстравана ў першай частцы чэмпіянату, дазволілі нашым зборнікам, якія цягам адной хвіліны двойчы прымусілі засумаваць нарвежскага брамніка і ягоных партнёраў, атрымаць перамогу. Такім чынам, беларуская каманда набрала ў выніку сем пунктаў. 

Але былі перад гэтым пяць запар паразаў. Першая — ад фінаў — была не такая ўжо і ганебная: усё ж 2:3 супраць аднаго з фаварытаў сусветнага хакею не так ужо і блага. Але потым паследавалі некалькі сапраўдных разгромаў. З нулямі ў пасіве нашай каманды. 

Шчыра кажучы, не зайздрошчу я ні каманднаму штабу беларускай зборнай, ні самім спартоўцам, ні кіраўніку федэрацыі хакея Ігару Рачкоўскаму. Бо самы галоўны “хакеіст” краіны ўжо паабяцаў ледзьве не кары нябесныя і “жэстачайшыя” разборкі пасля заканчэння сусветнага першынства.

Падаецца, што перашкаджае Беларусі мець моцную зборную ў гэтым, паводле выразу спартовага каментатара Уладзіміра Навіцкага, усеагульна любімым відзе спорту, на які выдаткоўваюцца вялікія грошы, у тым ліку і з бюджэту краіны? Прэзідэнт штогод праводзіць калядныя хакейныя турніры, яшчэ некаторыя іншыя спаборніцтвы, дзе, як правіла, перамагае са сваімі сябрамі. Мікалай, ягоны нашчадак (ці, як яшчэ яго называюць кітайцы, “залаты прынц”) са сваёй дружынай перманентна становіцца пераможцам турніраў “Залатая шайба”. Карацей, увага да хакея ў нас на самым высокім узроўні і пры самым высокім спрыянні. Дык чаму ж дарослы хакей у нас на такім, мякка кажучы, не самай лепшай якасці?

Спецыялісты кажуць, што ў пагоні за хуткімі вынікамі ў нашай краіне страчаны некалькі пакаленняў хакеістаў на ўзроўні дзіцячых і юнацкіх школ. У Беларусі шалёнымі тэмпамі за вялікія грошы будаваліся лядовыя палацы ва ўсіх рэгіёнах краіны, але ці ёсць ад іх аддача? Ці ідуць туды бацькі з дзецьмі, каб займацца хакеем альбо іншымі зімовымі відамі спорту? Аказваецца, не. Таму што ў бальшыні людзей проста не хапае грошай на заняткі ў такіх палацах. І ў гэты ж час партнёр Лукашэнкі і ягоны сябра, трэнер мінскай каманды нацыянальнага чэмпіянату “Юнацтва” Міхаіл Захараў заяўляе, што ў Беларусі трэба пабудаваць яшчэ столькі ж лядовых пляцовак.    

На які ляд гэты новы лёд, калі стары пустуе? А дзе на гэта грошы ва ўмовах беспрасветнага эканамічнага крызісу, у якім апынулася Беларусь? Сродкі, якія ёсць, ці, магчыма, з’явяцца, можна было б выдаткоўваць на больш даступныя для шараговых грамадзян ды іх дзяцей і прасцейшыя спартовыя аб’екты. Трэба мець стратэгічнае бачанне развіцця таго ж хакея, разумеючы, што за тры-пяць гадоў новых майстроў, якія б прыстойна маглі адстойваць гонар краіны ў змаганні з сусветнымі лідарамі гэтага віду спорту, падрыхтаваць немагчыма. Таму пачынаць трэба ўжо сёння з выхавання новых пакаленняў спартоўцаў, а не піліць мазгі тым, хто не здолеў паказаць прыстойную гульню на чарговым першынстве. Гэтым нічога не зменіш і не вырашыш, асабліва на перспектыву.

І гэта тычыцца не толькі хакея, але і футбола, біятлона, іншых відаў спорту. Аднак, на жаль, наша самае высокае начальства жадае і патрабуе выдаць вынік “тут і цяпер”, не разумеючы, што так не бывае. Але хто яму гэта патлумачыць...