Відэаблогер Алесь Круткін праводзіць «аўтаспын салідарнасці» па Еўропе, прысвечаны беларускім палітвязням
Відэаблогер Алесь Круткін, які атрымаў палітычны прытулак у Літве, адправіўся ў аўтаспын па Еўропе, праводзячы серыю адзіночных пікетаў у буйных гарадах Еўрасаюза. Акцыя салідарнасці прысвечаная беларускім палітвязням, у прыватнасці Мікалаю Статкевічу і Яўгену Афнагелю, чые партрэты Алесь дэманструе жыхарам ЕС.
Акцыі ўжо прайшлі ў Беластоку, Варшаве, Уроцлаве, Празе, Браціславе, Будапешце, Любляне, Вене, Маўтхаўзене, Зальцбургу, Мюнхене, Штутгарце, Карлсруэ, Люксембургу, Ліле, Брусэлі, Парыжы.
Пра сваё падарожжа, незвычайныя выпадкі і іншыя цікавосткі Алесь піша ў сваім тэлеграм-канале «Еўрааўтаспын салідарнасці». Ён пакуль не прызнаны экстрэмісцкім.
Вядома, што Круткін прайшоў ужо больш за палову запланаванага маршруту. Канец маршруту будзе наступны; Ліён – Ансі – Жэнева праз Францыю і Германію (магчыма, з заездам у Страсбург) уздоўж Рэйна да Гаагі і Амстэрдама. А потым па Поўначы ФРГ з заездам у Капенгаген (Стакгольм і Осла пакуль пад пытаннем) і праз Памеранію ў Брандэнбург, Берлін. Затым спынам у Варшаву, потым у Літву, а ўжо адтуль — у Рыгу і Талін. Затым — на пароме ў Фінляндыю, дзе гэтае падарожжа салідарнасці скончыцца ў Хельсінкі.