Уладзімір Зяленскі: Трэба ціснуць на Расію значна мацней, каб быў вынік

Расія зацягвае са сваім «мірным мемарандумам», і Украіна мяркуе, што гэта робіцца наўмысна. Але прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, падобна, не мае вялікіх спадзеваў на гэты дакумент і прапануе ўзмацніць ціск на Расію ўжо цяпер. Ідзе 1186-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 202 боесутыкнення, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы за 25 траўня. 61 штурм расіян УСУ спынілі на Пакроўскім кірунку непадалёк Шаўчэнкі Першага, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Малінаўкі, Лісоўкі, Удалага, Траецкага, Катляроўкі, Андрэеўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 30 атак у раёнах Новаполю, Зялёнага Поля, Багатіру, Вясёлага, Бурлацкага.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 21 атаку ў раёнах Раманаўкі, Азаранаўкі, Крымскага, Дружбы і Тарэцку. На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 16 разоў, паблізу Новага, Зялёнай Даліны, Торскага, Грекаўкі, Ямполаўкі і іншых

Па пяць атак былі зафіксаваныя на Харкаўскім, Купянскім і Арэхаўскім кірунках.

У Курскай вобласці Расіі УСУ спынілі 43 штурмавыя дзеянні арміі РФ.

* * *

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся пад Тарэцкам. Расійскія войскі пайшлі наперад пад Новапаўлаўкай і Курахава, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 23 траўня, паказваюць, што УСУ прасунуліся ў паўночнай частцы Тарэцка і на поўнач ад Тарэцка. Намеснік камандзіра ўкраінскага механізаванага батальёна, які дзейнічае на Тарэцкім кірунку, паведаміў, што расійцы спрабуюць перакрыць наземныя лініі сувязі УСУ ўдарамі БПЛА, і што армія РФ працягвае атакаваць пяхотай з выкарыстаннем лёгкай тэхнікі, уключаючы матацыклы і багі.

Як паказваюць апублікаваныя 23 траўня геалакацыйныя кадры, войскі РФ прасунуліся на паўночны ўсход ад Траецкага (на паўднёвы ўсход ад Новапаўлаўкі).

Геалакацыйныя кадры ад 23 траўня паказваюць, што войскі РФ, імаверна, нядаўна акупавалі Атраднае (на паўднёвы захад ад Курахава).

* * *

У ноч на 24 траўня расіяне здзейснілі ўдар па Украіне з ужываннем 14 балістычных ракет Іскандэр-М/KN-23 і 250 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Асноўны напрамак атакі — сталіца Украіны.

СПА Украіны збілі 6 балістычных ракет, абясшкодзілі 245 БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 128 дронаў былі збітыя агнявымі сродкамі паразы, 117 —лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ (без негатыўных наступстваў).

У выніку начной расійскай атакі ў Кіеве налічылі 15 пацярпелых, пашкоджаныя жылыя дамы ў Дняпроўскім, Саломенскім і Абалонскім раёнах. Акрамя жылых дамоў пашкоджаны гандлёва-забаўляльны цэнтр, навучальная ўстанова, 8 аўтамабіляў і памяшканне кацельні.

24 траўня ўначы РФ атакавала Адэскую вобласць ударнымі беспілотнікамі. Расійцы змаглі трапіць па аб'ектах партовай інфраструктуры. У выніку ўдару па порце загінулі тры чалавекі.

У Тульскай вобласці Расіі атакаванае хімічнае прадпрыемства «Азот». Праз атаку беспілотнікаў узнік пажар. Жыхароў вёскі Грыцова, якое знаходзіцца прыкладна за 10 кіламетраў ад хімкамбіната, эвакуююць, паведаміў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Андрэй Каваленка.

На «Азоце» вырабляюць хімічныя рэчывы для вытворчасці выбухоўкі і вырабу ракетнага паліва. 

Дроны зноў атакавалі завод «Энергія» ў расійскім Яльцы Ліпецкай вобласці, паведамляюць расійскія паблікі. Завод атакуюць другую ноч запар. Некалькі дронаў нібыта збітыя над прамзонай горада, сцвярджаюць расійцы.

* * *

500084723_1051171907195887_3639511794653981187_n.jpg

* * *

Расія рыхтуе для Украіны праект дакумента, дзе будуць пазначаны яе патрабаванні для дасягнення міру. Яго плануецца перадаць пасля завяршэння абмену палоннымі «1000 на 1000», заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.

Паводле яго, Расія актыўна працуе над другой часткай дамоўленасцяў з Украінай. Гаворка ідзе аб падрыхтоўцы праекта дакумента з умовамі дасягнення «ўстойлівай, доўгатэрміновай, ўсёабдымнай дамоўленасці аб урэгуляванні».

«Як толькі завершыцца абмен ваеннапалоннымі, да гэтага часу мы будзем гатовыя перадаць украінскаму боку праект такога дакумента, які расійскі бок цяпер завяршае», — дадаў ён.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мяркуе, што Масква наўмысна зацягвае падрыхтоўку мірнага мемарандума. «У расійцаў ужо тыдзень пайшла на фармулёўку так званага "мемарандума", які яны хочуць, каб адказаць на неабходнасць спыніць агонь — гэта дакладна здзек з усяго свету. Колькі часу! Кожны дзень на вайне — гэта страта жыццяў. Вядома, у Расіі людзей не лічаць. Але свет павінен лічыць», — заявіў Зяленскі.

«Украіна шмат разоў прапаноўвала спыненне агню — як поўнае, так і ў небе. Усё гэта праігнаравана. Відавочна, што трэба ціснуць на Расію значна мацней, каб быў вынік і пачалася сапраўдная дыпламатыя. Мы чакаем санкцыйных крокаў ад ЗША, Еўропы і ўсіх нашых партнёраў. Толькі дадатковыя санкцыі супраць ключавых сектараў расійскай эканомікі прымусяць Маскву спыніць агонь», — рэзюмаваў Зяленскі.

* * *

Еўрапейскі Саюз разглядае санкцыі супраць газаправода «Паўночны паток-2», каб канчаткова перакрыць шлях для вяртання расійскага газу ў ЕС, піша Bloomberg.

Агенцтва паведамляе, што Еўрапейская Камісія пачынае кансультацыі з дзяржавамі-чальцамі аб забароне шляхоў зносін, якія пралягаюць па дне Балтыйскага мора, і чакаецца, што рашэнне будзе прынятае з улікам нядаўніх падзей у перамовах аб спыненні вайны ва Украіне.

Ананімныя крыніцы адзначылі, што важным складнікам з'яўляецца тое, што план блока мае падтрымку Германіі. Па словах крыніц, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц на мінулым тыдні ў Рыме заявіў, што падтрымлівае «прапанову Камісіі пачаць працу над еўрапейскімі мерамі супраць трубаправодаў "Паўночны паток-2"», і сам спадзяецца на тое, што санкцыі могуць змякчыць ўнутраныя дэбаты па адраджэнні трубаправодаў.

Чуткі пра патэнцыйнае адраджэнне праекта трубаправода ўзмацніліся ў гэтым годзе, паколькі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп настойваў на пасярэдніцтве ва ўсталяванні міру паміж Расіяй і Украінай. Аднак, як адзначае выданне, нават без афіцыйнай забароны актывацыя «Паўночнага патоку-2», які быў пабудаваны, але так і не быў сертыфікаваны Германіяй, і быў часткова пашкоджаны падчас выбухаў у верасні 2022 года, наўрад ці адбудзецца найбліжэйшым часам.