Украінскі камандуючы: Украіна мае працоўны прататып лазернай зброі
Напярэдадні сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім Дональд Трамп паразмаўляў з Пуціным. Вынікі размовы невядомыя, але эксперты сумняюцца ў жаданні мірных перамоў з боку Расіі. Тым часам вайна дала моцны штуршок развіццю ва Украіне навуковай думкі. Ідзе 1082-гі дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
![Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота](/img/v1/images/4293060.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1739094247&w=528)
Ілюстрацыйнае фота
За 8 лютага на фронце ва Украіне адбыліся 133 боесутыкненні. Найбольшая актыўнасць па-ранейшаму фіксуецца ў раёне Пакроўска, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 лютага.
На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 54 штурмавых і наступальных дзеянняў расійцаў. На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны адбілі 12 атак пазіцый украінскіх войскаў. На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі дзевяць атак непадалёк Крымскага і Тарэцка. Восем атак было адбіта на Купянскім кірунку, сем — на Ліманскім.
У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ за мінулыя суткі адбілі 28 штурмаў расійскіх войскаў, адзін бой доўжыўся 16 гадзін. Расіяне нанеслі 44 авіяцыйныя ўдары па сваёй тэрыторыі з ужываннем 64 кіраваных авіябомбаў.
* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што Сілы абароны Украіны мелі поспех паблізу Часавага Яра, аднавіўшы на гэтым кірунку раней страчаныя пазіцыі. Між тым фіксуецца прасоўванне расійскіх войск паблізу Купянска, Лімана і Тарэцка.
У аперацыйнай зоне УСУ ў Курскай вобласці ідуць баі ў Чаркаскай Канапельцы (на паўднёвы ўсход ад Суджы). Войскі РФ захоўваюць пазіцыі ў паўднёвай частцы населенага пункта, пры гэтым два расійскія блогеры сцвярджалі, што УСУ кантралююць Чаркаскую Канапельку і Фанасееўку.
Расійцы нядаўна прасунуліся на Купянскім кірунку — на захад і паўночны ўсход ад населенага пункта Заходні. Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец заявіў, што войскі РФ не цалкам выцеснілі УСУ з Двурэчнай (на поўнач ад Купянска), і што расійцы займаюць толькі некаторыя раёны ў паўночнай частцы населенага пункта.
Геалакацыйныя кадры ад 7 лютага паказваюць, што расійцы прасунуліся ў паўночна-заходнюю частку Ямпалеўкі (на паўночны ўсход ад Лімана) і захапілі палі на ўсход ад населенага пункта. Машавец паведаміў, што расійскія войскі нядаўна захапілі Церны (на паўночны ўсход ад Лімана).
Сілы абароны Украіны нядаўна аднавілі страчаныя пазіцыі ў кірунку Часавага Яру. Геалакацыйныя кадры ад 7 лютага паказваюць, што УСУ прасунуліся ўздоўж трасы Т-0504 Бахмут — Канстанцінаўка на поўдзень ад Часавага Яра.
* * *
Аператыўна-стратэгічная групоўка войскаў «Хорціца» паведаміла, што расійскія войскі спрабавалі пераправіцца праз раку Аскол у Харкаўскай вобласці, але былі знішчаныя. Днём раней Нацыянальная гвардыя паведаміла аб знішчэнні штурмавой групы расійцаў у раёне Лазавой на Купянскім кірунку.
* * *
![_vtrati_rosijan_9_ljutoho_2025_roku.jpg _vtrati_rosijan_9_ljutoho_2025_roku.jpg](/img/v1/images/_vtrati_rosijan_9_ljutoho_2025_roku.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739094543&w=528)
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што паводле звестак расійскай крыніцы, камандаванне РФ перадыслакуе з кірунку Курахава ў бок Тарэцка часткі 102-га і 103-га мотастралковых палкоў, 163-га танкавага палка і 381-га артылерыйскага палка, — усе са складу 150-й мотастралковай дывізіі, — а таксама часткі 96-га палка.
«Перадыслакацыя элементаў 8-га армейскага корпуса на Тарэцкі кірунак у спалучэнні з актывізацыяй расійскіх намаганняў у кірунку Часавага Яра цягам апошніх тыдняў можа сведчыць, што расійскае камандаванне, імаверна, мае намер даць прыярытэт прасоўванню ў кірунку Канстанцінаўкі і ціснуць на фартыфікацыйны пояс Украіны ў 2025 годзе, як гэта раней ужо ацэньвалася ISW», — пішуць эксперты.
* * *
Расія ў ноч на 9 лютага выпусціла па Украіне 151 дрон. Супрацьпаветраная абарона працавала ў 14 абласцях Украіны, паведамляюць паветраныя сілы УСУ.
Сілы СПА знішчылі 70 варожых дронаў. Яшчэ 74 варожых беспілотніка лакальна страчаныя (без негатыўных наступстваў). У выніку атакі пацярпелі Кіеўская, Сумская, Днепрапятроўская, Харкаўская, Жытомірская і Валынская вобласці.
У Кіеўскай вобласці трывога доўжылася 11 гадзін. Абломкі аднаго з збітых дронаў упалі на тэрыторыі будаўніцтва шматпавярховага дома, ёсць пашкоджанні.
У Мінабароны Расіі заявілі, што цягам мінулай ночы 35 беспілотнікаў атакавалі 7 абласцей РФ і акупаваны Крым: 18 БПЛА – над тэрыторыяй Курскай вобласці; па чатыры – над Арлоўскай вобласцю і Краснадарскім краем; па тры – над Варонежскай і Растоўскай абласцямі і па адным – над Бранскай, Тульскай абласцямі і Рэспублікай Крым. Пра наступствы атакі не паведамляецца.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што размаўляў праз тэлефон з расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным, каб паспрабаваць дамовіцца аб спыненні вайны ва Украіне, піша New York Post.
На пытанне, колькі разоў ён размаўляў з Пуціным, Трамп адказаў: «Я лепш прамаўчу». Пры гэтым, гаворыцца ў матэрыяле, Трамп лічыць, што Пуціна «сапраўды турбуе» гібель расійцаў на вайне.
Трамп сказаў, што ў яго ёсць канкрэтны план, як скончыць вайну. «Я спадзяюся, што гэта будзе хутка» — сказаў прэзідэнт ЗША.
Акрамя таго Трамп заявіў, што хоча заключыць з Зяленскім пагадненне на 500 мільёнаў долараў аб доступе да рэдказямельных мінералаў і газу ва Украіне ў абмен на гарантыі бяспекі ў любой патэнцыйнай мірнай дамове.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, спасылаючыся на звесткі ўкраінскай выведкі, паведаміў 8 лютага, што расійскія войскі фармуюць новыя вайсковыя дывізіі, будуюць дадатковыя аб'екты абаронна-прамысловай базы, плануюць павялічыць колькасць вайскоўцаў больш чым на 100 тысяч жаўнераў і паглыбляюць вайсковае супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй.
Зяленскі падкрэсліў, што намаганні Расіі ў нарошчванні сіл, рэструктурызацыі і абароннай вытворчасці даюць зразумець, што Пуцін не зацікаўлены ў перамовах з Украінай і імкнецца прадаўжаць расійскую вайну.
Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) паказваюць на тое, што такія дзеянні ўладаў Расіі:
«сведчаць, што Расія, а не Украіна, з'яўляецца бокам, які адмаўляецца ад добрасумленных перамоваў і актыўна прасоўвае зацяжную вайну, а не мір, а таксама стварае ўмовы для падрыхтоўкі да патэнцыйнага больш шырокага канфлікту з NATO. Расійскія афіцыйныя асобы і інфармацыйная прастора часта падаюць вайну ва Украіне як частку больш шырокай канфрантацыі з Захадам»
* * *
Украінскія вайскоўцы ў хуткім часе змогуць збіваць расійскія «шахеды» з дапамогай лазернай зброі, заявіў камандуючы сіламі беспілотных сістэм Вадзім Сухарэўскі ў інтэрв'ю на YouTube-канале Pressing.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра распрацоўку «Трызуб», пра якую стала вядома ў канцы 2024 года. Сухарэўскі распавёў, што распрацоўка паспяхова праходзіць выпрабаванні і можа прапальваць метал і збіваць самалёты.
«Я суправаджаю гэты праект для таго, каб эфектыўна з дапамогай тэхналагічных рашэнняў маглі збіваць шахеды, разведвальныя дроны праціўніка, забяспечыць абарону стратэгічных аб'ектаў, гарадоў нашага насельніцтва. Мы даем вектар вытворцам, вайскоўцам фантазіяваць на ўсе гэтыя тэмы», — адзначыў ён.
Камандуючы сіламі беспілотных сістэм дадаў, што дзякуючы такім распрацоўкам Украіна можа стаць тэхналагічнай краінай.