У Расіі рыхтуецца новая хваля мабілізацыі. Яна можа стаць усеагульнай
У расійскіх тэлеграм-каналах пачалося абмеркаванне магчымага працягу мабілізацыі. Пракрамлёўскія каналы абвяргаюць такую магчымасць, але расійскія «Z-ваенкоры» лічаць новую мабілізацыю непазбежнай і неабходнай. Тэлеграм-канал «Можам патлумачыць» разбіраўся, чаму мабілізацыя ўсё-ткі магчымая.
На думку каналу, пра гэта сведчыць некалькі момантаў. Напрыклад, нягледзячы на заяву аб заканчэнні «частковай» мабілізацыі, у розных рэгіёнах працягваюць раздаваць позвы. У Пецярбургу выдаюць позвы якраз на студзень.
Дзяржаўныя структуры таксама працягваюць адпраўляць сваіх супрацоўнікаў на навучанне, як менавіта трэба праводзіць мабілізацыю. Такія мерапрыемствы праводзяць ва Ульянаўскай вобласці, Омску, Пецярбургу і Чувашыі.
Расійскія «Z-ваенкоры» сталі сінхронна распавядаць пра тое, што мабілізацыя пачнецца дзе-небудзь у снежні альбо ў студзені.
З пачатку вайны Украіна ўжо правяла некалькі хваляў мабілізацыі і паспела падрыхтаваць і навучыць навабранцаў. Нават калі выказаць здагадку, што Расія мабілізавала ўсяго толькі 300 тысяч чалавек, то ва Украіны ўсё яшчэ ёсць колькасная перавага. Цяпер у УСУ больш за 700 тысяч чалавек пад ружжом, а ўсяго ў арміі служыць больш за мільён чалавек.
Калі Расія плануе праводзіць наступ, як мяркуюць эксперты, то УС РФ трэба павелічэнне колькасці, каб ствараць на напрамках магчымага ўдару колькасную перавагу.
Нагадаем, Пуцін абвесціў частковую мабілізацыю ў Расіі раніцай 21 верасня. Ужо 28 кастрычніка Сяргей Шайгу далажыў прэзідэнту РФ аб завяршэнні частковай мабілізацыі.
Пабочным вынікам загаду Пуціна сталі масавыя ўцёкі расійцаў за мяжу. Па некаторых падліках, магло выехаць з Расіі да мільёна чалавек.