У Расіі прызналі адпраўку салдат тэрміновай службы на вайну супраць Украіны
У Расіі афіцыйна прызналі, што мінімум 600 ваеннаслужачых тэрміновай службы былі адпраўленыя на вайну супраць Украіны. Сцвярджаецца, што іх ужо вярнулі назад. Пра гэта заявіў у Савеце Федэрацыі вайсковы пракурор Заходняй вайсковай акругі Артур Егіеў.
«Згодна з данымі па наглядзе Заходняй ваеннай акругі, каля 600 ваеннаслужачых па прызыву былі прыцягнутыя да спецыяльнай ваеннай аперацыі, усе яны вернуты ў самыя кароткія тэрміны», — цытуе яго REFORM.by са спасылкай на «Інтэрфакс».
Паводле інфармацыі пракурора, па ўсіх выяўленых фактах былі прынятыя дысцыплінарныя меры. Да адказнасці прыцягнутыя 12 афіцэраў. У асобных выпадках яны былі звольненыя з вайсковай службы.
Нагадаем, адразу пасля пачатку вайны расійскія афіцыйныя асобы адмаўлялі, што да баявых дзеянняў прыцягнутыя салдаты тэрміновай службы. Толькі 9 сакавіка прадстаўнік Мінабароны Расіі заявіў, што прызнае «асобныя» такія факты.
Трэба адзначыць, што Егіеў далажыў аб выніках праверкі па ЗВА. Між тым, у баявых дзеяннях прымалі ўдзел таксама падраздзяленні Паўднёвай і Усходняй ваенных акругаў, Ваенна-марскі флот.