The Telegraph: Вялікабрытанія пачала падрыхтоўку да прамога нападу з боку Расіі
Напярэдадні 80-годдзя перамогі ў Другой Сусветнай вайне ўвесь свет разважае пра небяспеку, якая зыходзіць ад пераможцаў і думае, што з гэтым можна зрабіць. Улады некаторых краін адзначаюць небяспеку Расіі і пачынаюць рыхтавацца да наўпроставага канфлікту з ёй. Ідзе 1168-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 200 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 траўня.
Пакроўскі кірунак застаецца самым гарачым: там абаронцы Украіны спынілі 78 атак расіян у раёнах Сухой Бэлькі, Старой Мікалаеўкі, Вадзянога Другога, Новатарэцкага, Шаўчэнка, Удалага, Успенаўкі, Катляроўкі, Андрэеўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 31 раз, спрабуючы прасунуцца непадалёк Грэкаўкі, Новаміхайлаўкі, Новага, Торскага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 24 штурмы арміі РФ ў Наваполю, Навасёлкі, Прывольнага і іншых.
На Арэхаўскім кірунку, паблізу Стэпавага, Малых Шчарбакоў, Каменскага і ў бок Новаандрэеўкі расіяне здзейснілі 14 атак.
Сем атак зафіксавана на Гуляйпольском кірунку, шэсць — на Тарэцкім кірунку, пяць — на Купянскім, па чатыры атакі на Краматорскім і Харкаўскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі УСУ адбілі 18 атак расіян праціўніка. Армія РФ здзейсніла 12 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 27 КАБ.
* * *
Расійскія войскі рыхтуюць маштабны прарыў на Данбасе і перакідваюць брыгады з трох участкаў фронту, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У ведамстве адзначылі, што ваеннае камандаванне РФ перадыслакавала падраздзяленні 68-га армейскага корпуса і 58-й агульнавайсковай арміі на Тарэцкі кірунак з раёна Курахава і акупаваных раёнаў Запарожскай вобласці.
Як адзначае ISW, у атацы населенага пункта Мірнае на паўднёвы захад ад Тарэцка былі заўважаныя падраздзяленні 39-й мотастралковай брыгады ВС РФ (68-ы армейскі корпус, Усходняя вайсковая акруга).
У ISW упершыню зафіксавалі паведамленне аб перадыслакацыі падраздзяленняў 39-й мотастралковай брыгады на Тарэцкі кірунак у канцы сакавіка 2025 года пасля іх удзелу ў баявых дзеяннях на Угледарскім і Курахоўскім кірунках. Падраздзяленні гэтай брыгады, верагодна, цяпер раззасяроджаныя па некалькіх участках фронту.
Расійскі блогер 4 траўня пісаў, што падраздзяленні 42-й мотастралковай дывізіі ВС РФ (58-я агульнавайсковая армія, Паўднёвая вайсковая акруга) вядуць баявыя дзеянні ў раёнах Старой Мікалаеўкі і Александропаля на паўднёвы захад ад Тарэцка. Раней падраздзяленні 42-й мотастралковай дывізіі дзейнічалі на Запарожскім кірунку.
«Перамяшчэнне падмацаванняў з розных участкаў фронту сведчыць, што вайсковае камандаванне РФ уважае гэты кірунак адным з прыярытэтных», — канстатуюць у ISW.
«Расійскія сілы могуць паспрабаваць выкарыстоўваць нядаўнія перадыслакацыі на Тарэцкі і ўсходні Пакроўскі кірункі ў рамках узаемазлучанай аперацыі, накіраванай на ліквідацыю ўкраінскага выступу на паўднёвы захад ад Тарэцка для далейшага прасоўвання на Канстанцінаўку з поўдня і акружэння Пакроўска і Мірнаграда», — адзначаюць у ISW.
* * *
Уначы 6 траўня расійскія войскі масіравана атакавалі ўдарнымі беспілотнікамі Харкаў. За дзве гадзіны ў горадзе зафіксавана 20 трапленняў у розных раёнах. Паведамляецца аб чатырох пацярпелых.
У ноч на 6 траўня армія РФ ўдарыла дронамі па Адэскім раёне. У выніку атакі разбураная грамадзянская інфраструктура, загінуў чалавек, паведаміў кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер.
Мінабароны Расіі заявіла, што СПА РФ нібыта знішчыла 105 украінскіх беспілотнікаў. У Маскве, Самары, Калузе, Валгаградзе і Саратаве былі ўведзеныя часовыя абмежаванні на працу аэрапортаў. У Маскве збіта не менш за 19 дронаў, адзін з якіх упаў паблізу шматпавярховага жылога дома.
* * *

* * *
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрв'ю сетцы Axel Springer Global Reporters Network звярнуўся да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з заклікам узмацніць эканамічны ціск на Расію, каб прымусіць яе спыніць вайну супраць Украіны. Ён лічыць, што Трамп адзіны хто здольны прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў.
«Амерыка можа ўжыць розныя эканамічныя інструменты, каб прымусіць Расію прытрымлівацца пэўных дзеянняў. Таму калі хтосьці і здольны прымусіць Уладзіміра Пуціна заключыць мір, то гэта Амерыка, прэзідэнт Злучаных Штатаў», — мяркуе Дуда.
«Прэзідэнт Злучаных Штатаў мае сродкі, якія могуць прымусіць Расію выконваць патрабаванні. Некаторыя з гэтых сродкаў могуць быць вельмі радыкальнымі, вельмі жорсткімі, асабліва эканамічнага характару. Але я веру, што прэзідэнт Дональд Трамп здольны іх рэалізаваць», — заявіў польскі прэзідэнт.
* * *
Прэм'ер-міністр Нідэрландаў Дзік Схооф папярэдзіў, што пагроза з боку Расіі не абмяжоўваецца вайной ва Украіне — яна ўсё часцей выяўляецца ў гібрыдных формах і ўяўляе небяспеку для ўсёй Еўропы.
У сваёй заяве з нагоды 80-годдзя завяршэння Другой сусветнай вайны, кіраўнік урада Нідэрландаў звярнуў увагу на рост гібрыдных пагроз, якія зыходзяць з Расіі: «Прама цяпер, на ўсходняй мяжы Еўропы, мы бачым, як Украіна вядзе жорсткую барацьбу за сваё далейшае існаванне як нацыі і за ўласны мір і бяспеку. Пагроза з боку Расіі выходзіць за межы Украіны і ўсё часцей выяўляецца ў гібрыдных формах».
ЗША плануюць выкарыстоўваць пагадненне аб нетрах з Украінай для ўплыву на Расію, заявіў кіраўнік амерыканскага Мінфіна Скот Бесент.
«Ён (прэзідэнт ЗША Дональд Трамп — рэд.) лічыць, што пагадненне прынясе некалькі вынікаў. Па-першае, гэта дало б яму больш рычагоў уплыву на расійскае кіраўніцтва, калі наступіць час звярнуцца да іх. Пагадненне павінна паказаць Расіі, што ЗША нікуды не сыдуць з Украіны», — сказаў Бесент, выступаючы на канферэнцыі ў Інстытуце Мілкена ў Каліфорніі.
Другім фактарам ён назваў узмацненне эканамічнага супрацоўніцтва і інвестыцыйных сувязяў паміж Украінай і ЗША. Міністр фінансаў падкрэсліў, што падпісанае пагадненне з'яўляецца «гістарычным». «50 на 50, пароўну. Гэта не пагадненне, якое прапануе Кітай сваім партнёрам — "падпішыце, а мы забярэм усе вашы карысныя выкапні". Сэнс гэтага пагаднення-эканамічнае партнёрства, інвестыцыі і гарантыі бяспекі», — рэзюмаваў чыноўнік.
* * *
Вялікабрытанія пачала падрыхтоўку да прамога вайсковага нападу з боку Расіі праз боязь, што акажацца не гатовай да вайны, піша The Telegraph.
Чыноўнікам даручылі абнавіць 20-гадовыя стратэгіі экстраных захадаў, а таксама распрацаваць новы план абароны краіны. «Міністры асцерагаюцца, што Расія і яе саюзнікі не толькі будуць пераўзыходзіць Вялікабрытанію на полі бою, але і краіна акажацца непадрыхтаванай і дрэнна абароненай дома. Крамлёўскія чыноўнікі неаднаразова пагражалі Вялікабрытаніі прамым нападам праз яе падтрымку Украіны, якая можа неўзабаве ўключаць брытанскія войскі на месцах», — гаворыцца ў матэрыяле.
Паводле звестак журналістаў, новы план будзе ўключаць стратэгію дзеянняў у першыя дні пасля ўдару па мацерыковай частцы Вялікабрытаніі. Разглядаюцца сцэнары, пры якіх краіну атакуюць звычайнымі ракетамі, ядзернымі боегалоўкамі або з дапамогай кіберперацый. Асаблівую занепакоенасць у чыноўнікаў выклікаюць атакі на газавыя тэрміналы і атамныя электрастанцыі.
Абаронны план прадугледжвае падзел Вялікабрытаніі на 12 зон, кожнай з якіх будуць кіраваць міністры Кабміна, вышэйшыя ваенныя афіцэры, галоўныя канстэблі і суддзі з асаблівымі паўнамоцтвамі. Па некаторых сцэнарах, прадукты харчавання і будаўнічыя матэрыялы будуць запасацца і нарміравацца. BBC даручаць трансляваць звароты да людзей, а самыя важныя творы мастацтва вывезуць у Шатландыю.