Шпіёнскі скандал: выведка Бельгіі абвінаваціла сталага прадстаўніка Расіі пры ЕС
Пра падазрэнне ў шпіянажы прадстаўніка Расіі пры ЕС паведаміў Spiegel. МЗС РФ прапанаваў выданню раскрыць усіх агентаў нямецкіх спецслужбаў.
Служба дзяржаўнай бяспекі Бельгіі падазрае, што выканаўца абавязкаў сталага прадстаўніка Расіі пры Еўрасаюзе Кірыл Логвінаў працуе на Службу замежнай выведкі РФ, піша «Медуза».
Пра гэта гаворыцца ў расследаванні, якое выпусцілі De Tjid і Der Spiegel у партнёрстве з іншымі СМІ. Журналісты спасылаюцца на крыніцы ў розных краінах.
Бельгійская выведка падазрае 48-гадовага Логвінава і іншых супрацоўнікаў прадстаўніцтва РФ у Еўрасаюзе ў тым, што яны займаюцца «сакрэтнай дзейнасцю супраць еўрапейскіх інтарэсаў».
Логвінава пачалі падазраваць у працы на расійскія спецслужбы ў 2022 годзе, калі ён займаў пасаду намесніка пастаяннага прадстаўніка РФ пры ЕС.
Выведка Бельгіі настойвала, што Логвінава трэба выслаць з краіны, але супраць выступіла Еўрапейская знешнепалітычная служба — як мяркуецца, праз боязь, што ў яе прадстаўнікоў у Расіі могуць узнікнуць цяжкасці. Па выразе аўтараў расследавання, ЕС трывае шпіянаж дзеля «дыпламатычнай далікатнасці».
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава ў адказ на публікацыю Spiegel пра Кірыла Логвінава рэкамендавала выданню «апублікаваць спіс агентаў нямецкіх спецслужбаў ва ўсім свеце». «Як гэта зрабіць? Запытаць урад ФРГ і правесці ўласнае расследаванне. Калі расейскія дыпламаты будуць падвяргацца цкаванню ў заходніх СМІ, заходнія дыпламаты адчуюць на сабе, як гэта», — заявіла Захарава ў гутарцы з ТАСС.
Прадстаўнік службы дзяржбяспекі Бельгіі адмовіўся ад каментароў. Кірыл Логвінаў і пастаяннае прадстаўніцтва Расіі ў ЕС не адказалі на запыт журналістаў.
У Еўрапейскай замежнапалітычнай службе заявілі, што не каментуюць інфармацыю аб канкрэтных дыпламатах, але супрацоўнічаюць са спецслужбамі і сочаць за пагрозамі шпіянажу.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну краіны Еўрасаюза выслалі сотні расійскіх дыпламатаў. У Бруселі персонамі нон грата абвясцілі 19 супрацоўнікаў сталага прадстаўніцтва РФ у ЕС, а таксама 21 супрацоўніка амбасады РФ у Бруселі. Германія выслала 40 супрацоўнікаў расійскіх дыпламатычных місій.