«Шмат клопатаў»? Куды ўсё ж падзеўся міністр абароны Расіі?

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў інфармацыю аб адсутнасці ў публічнай прасторы міністра абароны РФ Сяргея Шайгу.

shoigu4.jpg


«Слухайце, ну ў міністра абароны цяпер шмат клопатаў, як вы разумееце. Ідзе спецыяльная ваенная аперацыя. Вядома, цяпер не зусім час для медыйнай актыўнасці. Гэта цалкам зразумела», — прыводзіць яго словы РІА «Навіны».

«Не трэба слухаць выданне “Агенцтва”, — дадаў ён у адказ на пытанне аб магчымых праблемах са здароўем у Сяргея Шайгу, параіўшы звярнуцца па інфармацыю ў Мінабароны.

Нагадаем, Сяргей Шайгу не з'яўляецца на публіцы з 11 сакавіка. Тады абароннае ведамства РФ паведамляла, што ён правёў тэлефонную размову са сваім турэцкім калегам Хулусі Акарам, а таксама распаўсюдзіла відэа, на якім ён наведвае Цэнтральны вайсковы клінічны шпіталь імя Мандрыка. Пасля міністр абароны згадваўся ў навінах, аднак без актуальных відэа і фота. «Агенцтва» са спасылкай на знаёмага міністра пісала аб магчымых праблемах з сэрцам, аднак пацверджанай інфармацыі з гэтай нагоды не агучвалася.

У той жа час газета Washington Post сёння паведаміла, што вышэйшае камандаванне амерыканскага войска, уключаючы міністра абароны Лойда Осціна, шматразова пасля пачатку вайны ва Украіне спрабавала звязацца па спецыяльным канале з расійскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу і начальнікам Генштаба Валерыем Герасімавым. Аднак расійскі бок адхіляе ўсе спробы перамоваў.

Амерыканскі бок кажа, што такія размовы паміж дзвюма найбуйнейшымі ядзернымі дзяржавамі патрэбныя, каб пазбегнуць непатрэбнай эскалацыі або блытаніны, і ўвогуле мець магчымасць абмеркаваць любое імавернае непаразуменне, — асабліва гэта важна ва ўмовах ваенных дзеянняў.

Ці сапраўды ў Шайгу і Герасімава так «шмат клопатаў», што яны ігнаруюць нават амерыканскае камандаванне?