Расійскія вайскоўцы за хабар купляюць сабе адпачынкі, ратацыі, «раненні» і няўдзел у штурмах
У расійскіх частках, якія ваююць ва Украіне, дзейнічае сістэма хабараў, з дапамогай якой вайскоўцы за грошы купляюць сабе «раненні», адпачынкі, ратацыі і нават магчымасць не ўдзельнічаць у штурмах. Пра гэта «Новая газета. Еўропа» даведалася з размовы з маці былога зняволенага, завербаванага ў падраздзяленне «Шторм Z». Інфармацыю таксама пацвердзіла другая крыніца — расійскі афіцэр з мотастралковых войскаў.
Сваячка штурмавіка распавяла, што яе сын пайшоў на вайну ў
красавіку 2023 года з калоніі. У распараджэнні выдання ёсць дакумент, які пацвярджае гэтую інфармацыю, аднак больш
канкрэтных даных рэдакцыя прыводзіць не можа па меркаваннях бяспекі.
Маці былога зняволенага падала галасавое паведамленне, якое, як яна сцвярджае, яе сын даслаў ёй з фронту. У паведамленні штурмавік распавядае, што ягоны атрад стаіць на месцы і не ўдзельнічае ў баях дзякуючы «шматмільённым хабарам».
«Натуральна, гэта ўсё з нашых грошай. Нават людзі, у якіх ёсць карты (гаворка ідзе пра банкаўскія карты, якія Мінабароны выдае завербаваным на фронт зняволеным для атрымання заробку), грошай практычна не бачаць, таму што ўвесь час даводзіцца скідвацца на хабары, на падарункі гробаным генералам, начальнікам, таму што чым далей, тым больш людзі пачынаюць абурацца, чаму «Шторм [Z]» сядзіць на месцы ўжо паўгода», — кажа былы зняволены на запісе.
Пры гэтым штурмавік скардзіцца ў паведамленні, што былым зняволеным даводзіцца самастойна купляць сабе генератары, бензін, сродкі сувязі і абсталяванне.
«Чым вышэй генерал, тым вышэй хабар, сама разумееш. А калі тут ужо застаюцца ўжо лічаныя дзянёчкі да дома, хочацца жыць больш. <...> Так што жыцці мы свае купілі. Проста не разлічвалі, што нас кінуць на паўзаробка», — рэзюмуе вайсковец.
Паводле слоў штурмавіка, яму і некалькім былым зняволеным з яго атрада заплацілі па 100 тысяч у месяц замест абяцаных 200 тысяч рублёў — гэта распаўсюджаная праблема ў «Шторм Z», на якую скардзяцца і іншыя былыя зняволеныя. У прыватнасці, пра гэта пісала выданне «Вёрстка». Гісторыі былых зняволеных, якім Мінабароны не выплаціла поўны заробак за ўдзел у вайне, распавядала таксама валгаградскае медыя V1.ru.
Інфармацыю пра тое, што хабарніцтва шырока распаўсюджанае ў расійскіх частках, якія ваююць ва Украіне, пацвердзіла і іншая крыніца — расійскі афіцэр з мотастралковых частак. Ён таксама паведаміў «расцэнкі» на тыя ці іншыя «паслугі», якія могуць набыць вайскоўцы.
Паводле яго слоў, «кантузія», гэта значыць раненне са шпіталізацыяй, каштуе ад 10 да 50 тысяч долараў у залежнасці ад пасады вайскоўца і таго, на якім участку фронту ён знаходзіцца. Адпачынак каштуе 5-10 тысяч долараў, аднак афіцэры яго купляць не могуць, сцвярджае суразмоўца. За перавод з аднаго ўчастка фронту на іншы або датэрміновую ратацыю вайскоўцы могуць заплаціць ад 500 долараў да 3 тысяч.
Крыніца нагадвае, што за раненне на вайне ва Украіне выплочваецца дзяржаўная выплата ў 3 млн рублёў (крыху больш за 30 тысяч долараў). Гэта датычыцца і тых выпадкаў, калі «раненне» было атрымана не ў баі, а дзякуючы хабару афіцэру.
Да вайны вайскоўцы часта звярталіся да праваабаронцаў з нагоды карупцыі ў войску, кажа дырэктар праваабарончай групы «Грамадзянін. Армія. Права» Сяргей Крывенка. Паводле яго слоў, хабары даваліся, каб не хадзіць у нарады, атрымліваць звальняльныя, сыходзіць у адпачынак. Часам камандаванне выпісвала прэміі з умовай падзяліць яе, сцвярджае Крывенка.
«Цяпер такіх зваротаў да праваабаронцаў мала, але не таму што гэтай з'явы няма, а таму што ў войску жэсць, цяжкія парушэнні правоў вайскоўцаў. Хабар або ўцёкі з часткі становяцца часцяком адзінымі інструментамі выратавання жыцця і здароўя вайскоўцаў», — лічыць праваабаронца.
Раней «Важныя
гісторы» высветлілі, што мабілізаваныя і кантрактнікі даюць
хабару за магчымасць не ехаць на вайну ва Украіне. Журналісты выдання вывучылі
прысуды ваенных гарнізонных судоў і выявілі некалькі такіх спраў. Згодна з
матэрыяламі судоў, хабары за магчымасць не ехаць на вайну ва Украіне
вар'іруюцца ад 10 да 400 тысяч рублёў.