Расія нанесла маштабны паветраны ўдар па Украіне. Уладзімір Зяленскі патрабуе рэакцыі Захаду

У ноч на 25 траўня Расія атакавала Украіну амаль 400-мі ракетамі і дронамі — гэта ці не найбуйнейшы ўдар з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Ёсць ахвяры, сярод іх дзеці. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што такі ўдар — гэта дастатковая прычына для новых санкцый. Ідзе 1187-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Пашкоджаны праз атаку РФ шматпавярховік на Лук'янаўцы ў Кіеве. Фота РБК-Украіна.

Пашкоджаны праз атаку РФ шматпавярховік на Лук'янаўцы ў Кіеве. Фота РБК-Украіна.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 204 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 траўня. 

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 65 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Зары, Новай Палтаўкі, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Удалага, Малінаўкі, Новасергіеўкі, Траецкага, Котліна, Андрэеўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 23 разы, спрабуючы уклініцца ў абарону Украіны ў раёнах Капанкі, Ліпавага, Рэдкадубу і іншых.

На Тарэцкім кірунку зафіксавана 16 атак расійцаў непадалёк Дружбы, Дыліеўкі, Крымскага, Тарэцка і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 14 атак паблізу Канстанцінопалю, Багаціру, Атраднага, Шаўчэнкі, Навасёлкі, Зялёнага Поля і іншых.

УСУ адбілі па пяць атак расіян на Харкаўскім і Купянскім кірунках, і па чатыры штурмы на кожным — на Краматорскім і Арэхаўскім кірунках.

У Курскай вобласці Расіі адбылося 39 боесутыкненняў. Расіяне нанеслі 12 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы пры гэтым 16 кіраваных авіябомбаў.

* * *

Па даных аналітычнага праекта DeepState, арміі РФ атрымалася замацавацца ў Сумскай вобласці Украіны па адрэзку Весялоўка — Жураўка — Новенькае — Басоўка. Гэтая тэрыторыя цяпер пазначаная на карце як акупаваная, а не як «шэрая зона».

«Доўгі час Сумшчыну можна было ўспрымаць як шэрую зону, бо байцы Сіл абароны Украіны спрабавалі і спрабуюць стрымліваць ворага, ажыццяўляючы паражэнне дронамі па перамяшчэнню і спробах назапашвацца. У гэтым раёне расійцы выкарыстоўваюць пяхоту і прыцягваюць квадрацыклы для хуткага даезду да заданай кропкі штурму. Аднак варта канстатаваць, што ім удалося замацавацца па адрэзку Весялоўка — Жураўка — Новенькае — Басоўка. Яны працягваюць ажыццяўляць спробы зайсці ў Бялёсы, а таксама складанай з'яўляецца сітуацыя ў Локнях», — адзначаюць у DeepState.

Па даных рэсурсу, Сілам абароны Украіны ўдалося стабілізаваць рэзкае прасоўванне расійскіх войскаў у глыбіню Сумўчыны. «УСУ штодня і кожную ноч знішчаюць пяхоту, якая лезе, як саранча, спрабуючы, хоць і з вялікімі стратамі, заняць яшчэ тэрыторыі, бо пасля выцяснення УСУ з Куршчыны ў іх у планах было стварэнне "буфернай зоны" на Сумшчыне, што цалкам лагічна і чакана ў гэтым сцэнары развіцця падзей», — пішуць аналітыкі.

* * *

У ноч на 25 траўня Расія здзейсніла масавую камбінаваную паветраную атаку на Украіну з ужываннем 367-мі сродкаў паветранага нападу:

  • 9 балістычных ракет Іскандэр-М / KN-23 (раён пускаў —Курская вобласць);
  • 55 крылатых ракет паветранага і марскога базавання Х-101, Калібр з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95, ТУ-160 (раёны пускаў — Саратаўская вобласць, акваторыя Чорнага мора);
  • 1 крылатая ракета Х-22 з самалёта Ту-22М3 (з акваторыі Чорнага мора);
  • 4 кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59/69 з самалётаў тактычнай авіяцыі (з паўночнага кірунку);
  • 298 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў розных тыпаў (з кірункаў Бранск, Мілерава, Курск, Арол, Прыморска-Ахтарск).
  • Супрацьпаветранай абаронай збіта 45 крылатых ракет Х-101, Калібр, 2 ракеты Х-59/69 лакацыйна страчаныя. 

Абясшкоджана 266 БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў: 139 збіта агнявымі сродкамі, 127 лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

У выніку варожай атакі пацярпелі большасць рэгіёнаў Украіны. Зафіксавана трапленне сродкаў паветранага нападу праціўніка ў 22 лакацыях, а таксама падзенне збітых крылатых ракет і ўдарных БпЛА ў 15 лакацыях.

Па дадзеных Кіеўскай грамадзянскай адміністрацыі, у Кіеве ад нападу пацяпрпелі 11 чалавек, з іх трое шпіталізаваныя. У Кіеўскай вобласці пашкоджаны дамы, складскія будынкі і іншыя будынкі. Загінулі чатыры чалавекі, 16 чалавек атрымалі раненні, сярод іх трое дзяцей.

Падчас атакі на Жытомірскую вобласць расійскія войскі забілі трох дзяцей ва ўзросце 8, 12 і 17 гадоў. Яшчэ 10 чалавек пацярпелі, восем былі выратаваныя з-пад завалаў.

У Хмяльніцкай вобласці з-за варожага абстрэлу разбураныя шэсць прыватных жылых дамоў, больш за 20 — пашкоджаныя. Загінулі чатыры чалавекі, пяць чалавек атрымалі асколачныя раненні і знаходзяцца ў бальніцы, адзін пацярпелы — у цяжкім стане.

У Мікалаеве адбылося трапленне дрона ў пяціпавярховы жылы дом. Там узнік пажар. Было разбурана два паверхі дома, астатнія-пашкоджаныя. Загінуў мужчына 1948 года нараджэння. Пацярпелі пяць чалавек, сярод іх 17-гадовы падлетак. З-пад завалаў выратаваныя дзве жанчыны, адну шпіталізавалі ў цяжкім стане.

У іншых рэгіёнах Украіны ракеты і дроны трапілі, у асноўным, па грамадзянскіх прамысловых прадпрыемствах, пра ахвяры не паведамлялася.

* * *

Кожная атака Расіі на Украіну — гэта дастатковая прычына для новых санкцый. Расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна трэба прымусіць думаць аб заканчэнні вайны, напісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram, каментуючы масіраваную атаку Украіны гэтай ноччу.

Як адзначыў Зяленскі, сёння ўначы ратавальнікі працавалі ў больш чым 30 украінскіх гарадах і вёсках. «Свядомыя ўдары па звычайных гарадах. Разбураныя і пашкоджаныя звычайныя жылыя дамы. У Кіеве пашкоджаны інтэрнаты гістфака ўніверсітэта. Ёсць трапленні па прадпрыемствах. На жаль, ёсць загінулыя, у тым ліку дзеці. Мае спачуванні», — напісаў кіраўнік Украіны.

Зяленскі падкрэсліў, што кожны такі тэрарыстычны расійскі ўдар — гэта дастатковая прычына для новых санкцый супраць Расіі. «Гэта нельга ігнараваць. Маўчанне Амерыкі, маўчанне іншых у свеце толькі заахвочвае Пуціна», — заявіў Зяленскі.

* * *

501042941_1051906980455713_1905911938587094154_n.jpg

* * *

Расійскія войскі канцэнтруюцца ля мяжы з Харкаўскай вобласцю. Аналітыкі мяркуюць, што Крэмль можа рыхтаваць наступ на Харкаў або Сумы — гарады, якія раней фігуравалі ў пагрозах падчас перамоваў у Стамбуле, піша Sky News.

Колькасць расійскай групоўкі ля мяжы складае каля 50 тысяч вайскоўцаў. Большасць з іх сканцэнтраваны каля Харкава — другога па велічыні горада Украіны. Расійскае камандаванне сцягнула сілы пасля фактычнага выцяснення ўкраінскіх падраздзяленняў з прыгранічных тэрыторый Курскай вобласці.

Паводле ацэнкі Майкла Кларка, брытанскага вайсковага аналітыка, у расійцаў ёсць «чатырохмесячнае акно» для прарыву ва Украіне да таго, як надвор'е ўскладніць баявыя дзеянні, а запасы савецкай тэхнікі вычарпаюцца. На яго думку, у склад групоўкі могуць увайсці элітныя падраздзяленні ПДВ, здольныя распачаць спробу прарыву да Харкаву, Сум або, прынамсі, захапіць тэрыторыі, якія УСУ вызвалілі восенню 2022 года.

Начальнік штаба 13-й брыгады «Хартыя» Андрэй Помагайбус адзначае, што расіяне пакуль праводзяць толькі абмежаваныя безвыніковыя штурмы. Паводле яго слоў, назіраецца «відавочная падрыхтоўка праціўніка да актыўных наступальных дзеянняў».

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не адмаўляецца ад мэты перамагчы ва Украіне. Нягледзячы на значныя страты і зацяжны канфлікт, яго стратэгія застаецца нязменнай, гаворыцца ў штогадовай справаздачы «Ацэнка глабальных пагроз — 2025», падрыхтаванай Упраўленнем ваеннай выведкі ЗША для Кангрэса ЗША.

Паводле звестак выведкі, мэты Пуціна застаюцца па большай частцы нязменнымі з пачатку вайны: гэта нейтралітэт Украіны і далейшы падзел украінскай дзяржавы.

Як паведамляе выведка ЗША, пры адсутнасці перамоўнага ўрэгулявання або магутнай заходняй дапамогі, перспектывы на поле бою, верагодна, будуць павольна мяняцца на карысць Расіі да канца 2025 года, хоць, як удакладнілі ў выведцы, расійскія дасягненні на полі бою запавольваюцца і працягваюць адбывацца за кошт вялікіх страт асабовага складу і тэхнікі.

«З пачатку вайны Расія страціла не менш за 10 000 наземных баявых машын, уключаючы больш за 3000 танкаў, а таксама амаль 250 самалётаў і верталётаў і больш за 10 ваенна-марскіх судоў. Расія панесла больш за 700 000 страт сярод асабовага складу падчас вайны», — гаворыцца ў справаздачы.

«Хоць Расія і пацвярджае сваю адкрытасць да ўрэгулявання шляхам перамоваў, яна застаецца непахіснай у сваіх патрабаваннях адносна постканфліктнага нейтралітэту Украіны, кантролю над колькасцю Узброеных Сіл Украіны і далейшага падзелу ўкраінскай дзяржавы. Расія, імаверна, працягне сваю стратэгію», — падсумавала выведка ЗША.

* * *

Па даных Bloomberg, еўрапейскія лідары разглядаюць варыянт куплі амерыканскай зброі для пастаўкі яе Украіне, калі ЗША адмовяцца ад далейшай дапамогі.

Еўропа не мае ні запасаў зброі, ні магутнасцяў для яе вытворчасці ў дастатковым аб'ёме, каб забяспечыць Украіну. У той жа час становіцца зразумела, што ЗША больш не будуць пастаўляць Украіне зброю і адкінулі заклікі Еўропы ўзмацніць санкцыі супраць Расіі, каб прымусіць яе пагадзіцца на неадкладнае спыненне агню. Як адзначылі суразмоўцы Bloomberg, прапанова, якая заваёўвае ўсё больш даверу, заключаецца ў тым, каб закупіць больш амерыканскіх сістэм, а затым адправіць гэтую зброю ва Украіну.

«Калі Трамп адмовіцца адпраўляць амерыканскую зброю ва Украіну, то гэта зробіць Еўропа. Гэта дапамагло б Украіне стрымаць наступ Расіі і магло б аказаць новы ціск на Пуціна, прымусіўшы яго сур'ёзна паставіцца да спынення агню. І калі еўрапейцы змогуць пераканаць Трампа працягваць даваць выведвальныя звесткі Украіне, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, магчыма, зможа пратрымацца», — піша выданне.

«Эксперты кажуць, што пастаўкі зброі Украіне, ухваленыя і прафінансаваныя былым прэзідэнтам Джо Байдэнам, могуць скончыцца гэтым летам. Еўропа будзе спрабаваць вырабіць дастаткова зброі, каб запоўніць гэты прабел, а Пуцін паспрабуе скарыстацца гэтай дынамікай», — гаворыцца ў публікацыі.