Расія можа стварыць крызісы ў Еўропе

Расія можа зладзіць крызісы ў Еўропе, таму што Крэмль хоча палепшыць свае пазіцыі за сталом перамоваў і атрымаць выгаду.

ukraina_9.jpg

Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк, паведамляе ўкраінская служба РБК.

Падаляк адзначыў, што для стварэння крызісу Расія можа накіраваць вялікую колькасць мігрантаў на межы з ЕС. Таксама Масква можа планаваць тэрарыстычныя атакі на інфраструктурныя аб'екты. Такім чынам Расія хоча палепшыць перамоўную пазіцыю або дамагацца іншай выгады для сябе.

У той жа час Падаляк падкрэсліў, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін засяроджваецца на вайне на знясіленне.

«Яны пачнуць закулісна маніпуляваць настроямі, правакаваць стомленасць ад вайны», — падкрэсліў дарадца Офіса прэзідэнта. А каб пераламіць ход вайны, Украіне трэба больш узбраення.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», колькасць мігрантаў, што спрабуюць праз Беларусь трапіць у Еўропу, зноў павялічылася. Так, у Літве за 26 жніўня быў зарэгістраваны антырэкорд 2022 года — на мяжы затрымалі 122 мігранты. 53 мігранты, у тым ліку грамадзяне Непала і Бангладэш, спрабавалі 26 жніўня трапіць з Беларусі ў Польшчу.