Ніхто нармальны не лётае з бомбамі над горадам — авіяцыйны эксперт
Якім чынам расійскі знішчальнік мог "выпадкова" выпусціць бомбу на Белгарад? Самалёт ляцеў бамбіць Украіну — але нешта пайшло не так. Што менавіта — тлумачыць авіяцыйны эксперт.
20 красавіка каля 10 гадзін вечара на адной з цэнтральных вуліц Белгарада адбыўся выбух — на яго месцы ўтварылася варонка радыусам 20 метраў.
У Мінабароны Расіі мусілі прызнаць: бомбу скінуў расійскі знішчальнік Су-34 — выпадкова. Ніякіх падрабязнасцяў ваеннае ведамства больш не ўдакладняла.
На Белгарад магла ўпасці фугасная бомба, якая збілася з курсу, пра гэта расійскаму выданню "Агенцтва" распавёў вайсковы аналітык Кірыл Міхайлаў. Такія боепрыпасы цяпер актыўна прымяняе Расія.
Прыкладна пра тое ж пішуць і расійскія праваенныя тэлеграм-каналы. У прыватнасці, "Ваенны інфарматар" сцвярджае, што на Белгарад магла ўпасці фугасная авіябомба ФАБ-500-М62. Аўтары канала нагадваюць пра інцыдэнт з такім боепрыпасам 12 сакавіка, калі на адной з вуліц акупаванага Расіяй Данецка была знойдзеная такая ж авіябомба.
Як расійскі знішчальнік мог выпадкова скінуць бомбу на Белгарад і чаму ён ляцеў над горадам? Пра гэта распавёў авіяцыйны эксперт Валерый Раманенка «Настоящему времени».
— Вы можаце растлумачыць, гэта сапраўды магла быць фугасная бомба, якая ўпала на Белгарад? Што гэта за бомба?
— Гэта такі ўніверсальны модуль планавання і карэкцыі. Мяркуючы па тым, што варонка 20 метраў, тут не "пяцісотка". Хутчэй за ўсё, бомба УПАБ-1500. Тут могуць быць два варыянты. Першы варыянт — гэта калі звычайная бомба ператвараецца ў высокадакладную. Другі — гэта спецыяльныя распрацоўкі: бомба, упершыню прадэманстраваная на выставе ў 2019 годзе. І цяпер яе актыўна пачалі ўжываць супраць Узброеных сіл Украіны на ўсходзе.
— Што такое 500 і 1500? Гэта вага гэтага боепрыпасу?
— Так, гэта калібр бомбы, які ў авіяцыі вымяраецца ў кілаграмах. Калі кажуць, што гэта бомба М62, то гэта бомба ўзору 1962 года вагой прыкладна 480 кілаграм, у якой знаходзіцца каля 300 кілаграм выбухоўкі. Калі бомба 1500, то гэта ўжо вага бліжэй да паўтары тоны — і ў гэтай бомбе знаходзіцца 1010 кілаграм выбухоўкі.
Кажуць, што варонка глыбінёй тры метры і дыяметрам 20 метраў — гэта падобна на 1500 кілаграм.
— Як можна растлумачыць тое, што кажуць у расійскім Мінабароны: "няштатны сход авіяцыйнага боепрыпасу"? Як гэта тлумачыцца?
— Штатна расіяне спачатку бамбілі Варонеж, правільна? А цяпер перайшлі на Белгарад. Вы ж памятаеце гэты жарт?
Быў выпадак, калі пазаштатна падчас навучальнага паветранага бою адзін расійскі знішчальнік расстраляў другі. Замест таго, каб уключыць фотапулямет, ён уключыў рэальна гармату. Няштатна — гэта калі замест таго, каб проста ажыццявіць праверку, лётчык рэальна ажыццявіў скідванне бомбы. Гэта значыць, ён выканаў усе гэтыя аперацыі, якія трэба выканаць перад скідваннем бомбы — уключыў тумблер — “скід” і націснуў кнопку скідвання бомбаў замест таго, каб проста зрабіць праверку гэтага боепрыпасу.
— Гэта значыць выпадкова націснуў кнопку — і бомба ўпала на горад?
— Невыпадкова ён праляцеў над Белгарадам. Наогул, нармальныя ваенна-паветраныя сілы імкнуцца пазбягаць палётаў, асабліва з боепрыпасамі, над населенымі пунктамі, я ўжо не кажу пра гарады. Тое, што яны ляцелі амаль праз цэнтр Белгарада, — гэта наогул у галаве не ўкладаецца. Ніхто нармальны не лётае з бомбамі над горадам. Нават у Ейску быў выпадак, калі ўпаў знішчальнік на горад, ён быў без усялякіх бомбаў — там была толькі гармата зараджана, але гэта так, штатна. А тут — відавочнае грэбаванне жыццямі ўласных грамадзян. Белгарад — не такі вялікі горад. Цалкам можна было яго абляцець. Не, самалёт паляцеў над густанаселенымі раёнамі горада.
— Ці можна тут па наяўнай інфармацыі вызначыць: гэта былі нейкія вучэнні, тэставыя палёты, рэальны нейкі баявы вылет, каб гэтая бомба прызямлілася не на Белгарад, а ўжо ў якім-небудзь украінскім горадзе?
— Я паспеў праглядзець тэлеграм-каналы. На адным з іх было паведамленне, што вылецелі самалёты Су-34, на падвесах у якіх былі ФАБ-1500. Калі чалавек разбіраецца ў гэтым пытанні і мае нейкую інфармацыю, тады варыянтаў не застаецца: гэта былі ФАБ-1500, якія ляцелі скідаць на пазіцыі ўкраінскіх войскаў.
— Гэта значыць, як мяркуецца, гэта быў баявы вылет?
— Так, гэта быў баявы вылет. Несумненна, што гэта ніякі не навучальны. На навучальны падвешваюць навучальныя бомбы, якія замест выбухоўкі запоўненыя бетонам.
— Фугасная авіябомба, пра якую вы казалі — ФАБ-500-М62, — гэта не кіраваная авіябомба, а бомба, якая ўпала туды, куды ўпала?
— Гэта кіраваная авіябомба, якая пераробленая са звычайнай авіябомбы. Пад яе падвешваюцца крылы, якія раскрываюцца ў палёце пасля скідвання. Яна мае модуль кіравання. Крылы дазваляюць гэтай бомбе планаваць і падаць не па балістычнай траекторыі, а здзяйсняць палёт як планёр — гэта значыць, безматорны самалёт. І сістэма навядзення, калі яна рэальная, таму што было тры варыянты гэтых універсальных модуляў планавання і карэкцыі, якія ператвараюць звычайныя бомбы ў высокадакладныя.
- Першы варыянт — проста падвешваюцца крылы. Бомба ляціць проста ў кірунку праціўніка. Так можна бамбіць толькі гарады. Там ні пра якую дакладнасці гаворка не ідзе. Яны скідаюцца на адлегласці да васьмі кіламетраў — максімум 10 кіламетраў.
- Другі варыянт — з прымітыўнай сістэмай навігацыі, якая ўжо можа выразна вытрымаць кірунак, але досыць груба, і дакладнасць падзення да 50 метраў.
- І апошні варыянт — гэта з сістэмай навядзення па GPS. Там ужо дакладнасць 10 метраў.
Якая з гэтых бомбаў была скінутая — невядома. У прынцыпе, на ФАБ-500-М62 гэта не падобна, таму што занадта вялікая варонка і выбух закінуў аўтамабіль на дах крамы. Гэта значыць, магутнасць выбуху досыць высокая. Гэта, хутчэй за ўсё, тая ж ФАБ, але ўжо 1500.
— Расійскія праваенныя тэлеграм-каналы пішуць, што гэтая авіябомба з цыклу "новая сырая распрацоўка". Ці можна пра гэта казаць?
— Адназначна. Вы б бачылі гэтыя крылы — вы б жахнуліся. Гэта ўзровень машынна-трактарнай станцыі савецкіх часоў ці сельскай кузні. На гэтыя крылы проста страшна глядзець. Акрамя таго, бомба з універсальным модулем планавання і карэкцыі пасля скідвання здзяйсняе паўбочку ў паветры, таму што крылы размешчаныя пад бомбай. І калі бомба здзяйсняе пераварот пасля скідвання, яна наогул можа страціць кірунак палёту. Гэта значыць дакладна, калі яна не кіруецца па GPS, адхіліцца на некалькі градусаў.
— Вы кажаце, што пілот націснуў кнопку, хутчэй за ўсё, выпадкова. Ці магла гэта быць тэхнічная няспраўнасць?
— У Расіі магчыма ўсё што заўгодна.
Пераклад «НЧ»