Неўраджайны год. Знік «Макдоналдс» — знікла і бульба-фры
Частка расійскіх рэстаранаў сеткі «Вкусно и точка», што прыйшла замест «Макдоналдса», прыбрала з меню бульбу-фры. Гэта патлумачылі «неўраджайным годам».
У некаторых
рэстаранах сеткі «Вкусно и точка», які замяніў у Расіі «Макдоналдс», не будзе
бульбы-фры, паведамілі ў прэс-службе кампаніі. Частка ўстаноў сеткі хуткага
харчавання таксама прыбярэ з меню бульбу па-вясковаму.
«Гэта звязана з тым, што 2021 год у Расіі стаў неўраджайным для гатункаў бульбы, які выкарыстоўваецца для вытворчасці бульбы-фры ў прадпрыемствах сеткі. На працягу апошніх васьмі гадоў кампанія арыентавалася на расійскіх пастаўшчыкоў і закупляла прадукты ў іх. Акрамя таго, стаў немагчымы імпарт з рынкаў, якія маглі б стаць часовымі пастаўшчыкамі бульбы для прадпрыемстваў у Расіі», — заявілі прадстаўнікі сеткі
У сетцы хуткага харчавання абяцаюць, што стравы з бульбы вернуцца ва ўсе рэстараны сеткі восенню, калі збяруць новы ўраджай. З недахопам бульбы, відаць, сутыкнуцца і іншыя ўдзельнікі рынку.
У траўні рэстараны сеткі «Макдоналдс», што вырашыла сысці з расійскага рынку праз вайну ва Украіне, набыў бізнесовец Аляксандр Гоман, чыя кампанія кіравала 25 установамі гэтай сеткі хуткага харчавання ў Сібіры.
Новая сетка атрымала назву «Вкусно и точка», першыя яе рэстараны адкрыліся на месцы «Макдоналдсаў» 12 чэрвеня. Па ўмовах здзелкі, новыя ўладальнікі не могуць выкарыстоўваць брэнд «Макдоналдс» і назвы самых папулярных страў, напрыклад «Біг Мак». «Вкусно и точка» абяцала, што паспрабуе захаваць меню «Макдоналдса».
Паводле "Медузы"