Мюнхен-2025. Дасье ў карыкатурах
Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы, якая прайшла на гэтым тыдні, увойдзе ў гісторыю: ЗША і ЕС уступілі ў фазу канфрантацыі. За развіццём падзей уважліва сачылі і карыкатурысты.
Мерапрыемства адбывалася на фоне дыялогу Трампа і Пуціна. За два дні да канферэнцыі Трамп перагаварыў з прэзідэнтам Расіі і анансаваў пачатак мірнага ўрэгулявання ва Украіне без удзелу Зяленскага. Тут жа з'явіліся асацыяцыі з Мюнхенам 1938 года, калі заходнія краіны санкцыянавалі анэксію часткі Чэхаславакіі. Сімвалам Мюнхена-1938 была сцэна, калі прэм'ер Чэмберлен дэманстраваў аркуш з мірнай дамовай з Гітлерам, якая, маўляў, гарантавала мір. Як вядома, мюнхенскі мір наадварот стаў імпульсам для новых авантур нацыстаў. На думку гэтага мастака, новым Чемберленам з’яўляецца Дональд Трамп.

З'явіліся таксама малюнкі-пародыі на вядомую карыкатуру 1939-га, на якой Гітлер і Сталін віталі адзін аднаго побач з забітым чалавекам, што ляжаў побач – сімвалам Польшчы, якую атакавалі Германія і СССР. Тут замест кіраўнікоў СССР і Германіі выяўленыя кіраўнікі ЗША і РФ. Ролю Польшчы выконвае Украіна.

У цэнтры першага дня Мюнхенскай канферэнцыі аказалася выступленне амерыканскага віцэ-прэзідэнта Вэнса. Гэта было канфрантацыйнае і жорсткае пасланне на адрас Еўропы. Віцэ-прэзідэнт ЗША абвінаваціў еўрапейскі істэблішмент у цэнзуры, умяшанні ў выбарчы працэс, правальнай міграцыйнай палітыцы і г.д. Як іранізуюць мастакі, Вэнс фактычна навязвае еўрапейцам трампаўскі лозунг «Make America Great Again» з папраўкай на еўрапейскі кантэкст.

Дэмарш Вэнса стаў халодным душам для еўрапейскіх палітыкаў. А еўрапейскія карыкатурысты не разумеюць, як можна запрашаць на канферэнцыі маштабу Мюнхена правых і левых экстрэмістаў. На гэтым малюнку Вэнс сцвярджае, што адсутнасць экстрэмістаў у Мюнхене для яго важней за расійскую і кітайскую пагрозы.

Акрамя ўсяго іншага, Еўропа і ЗША не могуць знайсці агульнага падыходу да вырашэння ўкраінскага канфлікту. Большасць еўрапейскіх спікераў выступалі супраць мірнага плана, паводле якога за Расіяй застанецца занятая на дадзены момант тэрыторыя, а Украіне будзе забаронена сяброўства ў NATO.
Аднак як Еўропа можа навязаць іншы план? Сваёй арміі ў Бруселя няма. А заклікі стварыць такое войска выклікаюць пакуль смех. У брытанскай газеце The Sunday Telegraph нарадзіўся графічны жарт, як адрэагаваць на заклік Зяленскага ствараць «армію Еўропы» для абароны Украіны: «Можам мы прапанаваць Украіне сяброўства ў NATO ў вольны час? Мы будзем абараняць іх, але толькі не ў самы загружаны перыяд», — кажуць еўрапейскія генералы-героі малюнка.

Баіцца Еўропа і варыянта, калі лёс Украіны будуць вырашаць без удзелу ЕС. На гэтай карыкатуры французскі прэзідэнт Макрон і брытанскі прэм'ер Стамер вымушаны назіраць за перамовамі Пуціна і Трампа наконт Украіны з дапамогай оптыкі.

Зрэшты, галоўнай ахвярай разборак Вашынгтона і Бруселя пакуль стала Украіна. Без амерыканскай падтрымкі Кіеву будзе вельмі цяжка. А прыняцце ўмоў Трампа-Пуціна будзе фактычнай капітуляцыяй каманды Зяленскага. Падобна, пакуль украінцы маюць намер ваяваць, нават не атрымліваючы дапамогі са Штатаў. Невясёлую сітуацыю, якая склалася пасля Мюнхена, спрабуюць кампенсаваць у тым ліку прыкольнымі «фотажабамі».
