«Курскі фронт — гэта надоўга». Што адбываецца ў Курскай вобласці і чаго можна чакаць бліжэйшым часам?

З пачатку наступальнай аперацыі УСУ ў Курскай вобласці мінула два тыдні. За гэты час Расея не толькі не здолела спыніць украінскіх вайскоўцаў, але сутыкнуліся з пагрозай атачэння і страты яшчэ аднаго раёну. 

Yan Dobronosov, Reuters

Yan Dobronosov, Reuters

«Белсат» тлумачыць, як развіваецца ўкраінскі наступ, і чаму Курскі фронт — гэта надоўга. 

Прарыў і замацаванне

Наступленне УСУ ў Курскай вобласці распачалося 6 жніўня. Украінскія вайскоўцы, скарыстаўшыся фактарам нечаканасці, здолелі адразу прарвацца ўглыб расейскай тэрыторыі. Менш чым за тыдзень быў захоплены райцэнтр Суджа і яшчэ звыш за 70 паселішчаў. Агулам украінцы ўзялі пад кантроль звыш за 1000 кв. км. расейскай тэрыторыі.

На другім тыдні аперацыі тэмпы прасоўвання ЗСУ істотна запаволіліся, што тлумачыцца аб’ектыўнымі прычынамі: стратай эфекту нечаканасці, з’яўленнем расейскіх рэзерваў, неабходнасцю падцягнуць уласныя тылы і рэзервы, правесці зачыстку занятых тэрыторыяў і г.д. Аднак ініцыятывай па-ранейшаму цалкам валодае Украіна.

Украінскае камандаванне зрабіла стаўку на асцярожную тактыку: замест таго, каб прарывацца яшчэ далей углыб тэрыторыі РФ, рызыкнуць узяць з наскоку Курчатаўскую АЭС або пагражаць Курску, ЗСУ пачалі паступова пашыраць свае пазіцыі на флангах, каб зрабіць курскі плацдарм больш устойлівым і бяспечным. 19 жніўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што зона кантролю ў Курскай вобласці пашырана ўжо да 1250 км і ўключае ў сябе 92 паселішча.

Блізкі да Мінабароны РФ Telegram-канал «Рыбарь» паведамляе 19-20 жніўня, што ў Курскай вобласці ідуць разлютаваныя баі, захоўваецца «напружаная абстаноўка па ўсёй лініі фронту». «Рыбарь» сцвярджае, што ўкраінцы атакуюць на розных участках, у тым ліку спрабуюць замацавацца ў пасёлку Коранева (паўночна-заходней Суджы), які з'яўляецца адміністратыўным цэнтрам Коранеўскага раёну. Паводле Conflict Intelligence Team, Коранева, што на левым беразе Сейма, цяпер знаходзіцца пад кантролем украінцаў. Таксама ёсць звесткі пра пашырэнне ўсходняга флангу ЗСУ і баях у Рускай Канапельцы.

Аднак галоўныя падзеі апошніх дзён разгортваліся ў Глушкоўскім раёне Курскай вобласці. З захаду і поўдня гэты раён мяжуе з Украінай, на ўсходе з захопленым ЗСУ плацдармам, а на поўначы абмежаваны натуральнай воднай перашкодай - ракой Сейм. Забяспечваць расейскую групоўку ў Глушкоўскім раёне можна толькі праз Сейм, дзе да нядаўняга часу існавала тры стацыянарныя масты. Цягам 17-19 жніўня ўсе тры масты былі знішчаны ў выніку высокадакладных удараў ЗСУ. Пасля гэтага расейцы пачалі наводзіць пантонныя пераправы, а ўкраінцы - наносіць па іх удары. Адзін з двух пантонных мастоў неўзабаве быў знішчаны.

Пагроза акружэння

Такім чынам, расейская групоўка трапіла ў пастку. У адрозненні ад стацыянарных мастоў, пантонныя пераправы - вельмі крохкая рэч. Разбураць іх можна агнём звычайнай ствольнай артылерыі і РСЗА, прычым украінцы могуць весці абстрэлы са сваёй тэрыторыі, бо адлегласць невялікая. Па пантонных мастах украінцаў таксама б’юць і звычайнымі FPV-дронамі. А пакуль пераправу рамантуюць або наладжваюць новую, на беразе можа назапашвацца вайсковая тэхніка расейцаў, якая таксама пераўтвараецца ў лёгкую мішэнь для ЗСУ. Паўнавартаснае забеспячэнне расейскай групоўкі ў гэтых умовах становіцца амаль немагчымым.

«Forbes» канстатуе, што пад пагрозай поўнай ізаляцыі апынулася вялікі кавалак Курскай вобласці — каля 776 кв. км. Невядома, колькі яшчэ пераправаў прыйдзецца ўкраінцам знішчыць, але «яны дамагліся вялікага прагрэсу», прызнае выданне.

Вайсковы аглядальнік газеты «Bild» Юльян Рэпке зазначае, што ў расейскай групоўкі таксама застаецца невялікі наземны праход на ўсходзе, але да поўнага закрыцця «катла» ЗСУ застаецца ўсяго 2,6 км. Паводле звестак «Bild», у «кацёл» могуць трапіць каля 3000 расейскіх жаўнераў.

Незалежная аналітычная суполка Conflict Intelligence Team (CIT) не бярэцца ацэньваецца колькасць расейскай групоўкі, але канстатуе, што Глушкоўскі раён фактычна адрэзаны ад асноўнай часткі РФ.

«Можна чакаць з'яўленні новых паведамленняў аб масавым трапленні ў палон чарговых груп расейскіх вайскоўцаў», — зазначае CIT.

Вялікая колькасць палонных — увогуле адметная рыса ўкраінскага наступу ў Курскай вобласці. Паводле звестак крыніцаў выдання «The Independent», ужо па стане на 15 жніўня іх налічвалася каля двух тысяч. Паводле «The Washington Post» толькі праз адзін лагер ваеннапалонных у Сумскай вобласці за гэты час прайшлі мінімум 320 расейцаў, 250 з іх — салдаты тэрміновай службы.

Магчыма, звесткі «Bild» наконт колькасці расейскай групоўкі, якая можа аказацца ў «катле», з’яўляюцца істотна завышанымі. Таксама не факт, што адрэзаныя ад нармальнага забеспячэння расейскія вайскоўцы абавязкова масава пачнуць здавацца ў палон. Не выключана, што хоць і са значнымі стратамі, але расейцы здолеюць вывесці свае сілы на іншы бераг Сейму. Аднак у цэлым сітуацыя ў Глушкоўскім раёне выглядае для Расеі безнадзейнай.

«Я не бачу ніякіх інструментаў у расейскай арміі, якімі б яна магла змяніць сітуацыю ў гэтай кішэні паміж Сеймам і мяжой. ЗСУ напэўна захопяць яго ў найбліжэйшай будучыні», — сцвярджае ў сваім аналітычным аглядзе расейскі незалежны вайсковы аналітык Ян Матвееў.

Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційны спротив» Аляксандр Каваленка лічыць, што праблема Глушкоўскага раёну і Коранева можа быць вырашана ЗСУ яшчэ да канца гэтага тыдня. Тады для ўкраінскіх вайскоўцаў адкрыецца дарога на Рыльск (райцэнтр паўночней Глушкова і Коранева), які з’яўляецца важным лагістычным вузлом.

«Нават не патрэбны штурм горада, з гарадскімі баямі і вось гэтым вось усім, дастаткова агнявога кантролю — дыстанцыйна», — рэзюмуе ў сваім блогу Аляксандр Каваленка.

Пра пагрозу Рыльску піша і расейскі Z-канал «ZАПИСКИ VЕТЕРАНА».

План Пуціна 

Нават калі расейцы здолеюць мінімізаваць негатыўныя наступствы крызісу ў Глушкоўскім раёне, можна будзе канстатаваць: УСУ замацаваліся ў Курскай вобласці і ні што не ўказвае на тое, што расейцы бліжэйшым часам здолеюць іх адтуль выбіць. Цяпер Курскі фронт — гэта надоўга.

«The Wall Street Journal» паведамляе, што расейцы вывелі з Украіны і перакінулі ў Курскую вобласць 5000 жаўнераў, у тым ліку адну брыгаду прыйшлося зняць з Данбасу, дзе працягваецца галоўнае расейскае наступленне. Раней «Інформаційны спротив» даваў лічбу ўдвая больш. Аднак у любым выпадку расейцы не здымаюць з фронту буйныя злучэнні, каб не дапусціць крытычнага аслаблення іншых кірункаў.

На пакроўскім і тарэцкім кірунках расейцы маюць поспехі. Паводле медыяў, тэмпы расейскага прасоўвання за апошні час павялічыліся, а ўкраінскія вайскоўцы на Данбасе сталі адчуваць недахоп боепрыпасаў, бо шмат рэсурсаў ЗСУ цяпер перамешчаны ў Курскую вобласць. Расейцы здолелі захапіць пасёлак Нью-Ёрк. Ідуць баі на ўскраінах Тарэцку. Улады гораду Пакроўску заклікалі мясцовых жыхароў эвакуявацца. Аднак прынцыпова сітуацыя на Данбасе за час курскай аперацыі не змянілася.

Падобна на тое, што рашэнне Уладзіміра Пуціна працягнуць наступ на пакроўскім і тарэцкім кірунках ва ўмовах прарыва УСУ ў Курскай вобласці было выключна палітычным. Ён разлічвае, што поспех на Данбасе здолее зацямніць у рэпутацыйным і прапагандысцкім плане курскі правал. Каментуючы 12 жніўня прарыў УСУ, Пуцін заявіў, што мэта ўкраінцаў — спыніць наступ расейскіх войскаў на тэрыторыі ЛНР і ДНР. Адпаведна для Крамля важна працягваць наступ любой цаной, каб можна было потым заявіць, што планы Украіны былі сарваныя.

Аднак праблему курскага фронту гэта ўсё роўна не вырашыць. Паколькі Расея не хоча ахвяраваць сваім наступам на Данбасе, то замест аднаго магутнага кулака ў зоне ўкраінскага прарыву яна мае кучу пажарных каманд, якія могуць затармазіць наступ УСУ, але дакладна не выбіць украінцаў з занятых тэрыторыяў. Паводле крыніцаў «The Wall Street Journal», расейцам для адбіцця ўкраінскага наступу трэба будзе сабраць групоўку ў 20 тысяч байцоў, прычым добра падрыхтаваных. Выданне «The Insider» лічыць, што спатрэбіцца яшчэ больш — каля 30 тысяч.

То бок у далейшым расейцам, імаверна, усё роўна прыйдзецца здымаць з іншых участкаў фронту значныя сілы. Толькі за гэты час ЗСУ здолеюць палепшыць свае пазіцыі ў Курскай вобласці, пашырыць плацдарм і падрыхтаваць абарону для адбіцця контрудару. Пры тым, ужо цяпер украінскі наступ аказвае сур'ёзны ўплыў на расейскую лагістыку і абарончыя намаганні РФ.