Кум Пуціна прапанаваў Крамлю «План Б» па Украіне, які, відаць, прынялі

Расія ўсведамляе, што захапіць усю Украіну не атрымаецца. Таму ўзнік пуцінскі план «Б».

26_21.png

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў лічыць, што пасля правалу плану поўнага захопу Украіны Расія перайшла да альтэрнатыўнага варыянту і хоча падзяліць Украіну паводле прынцыпу Паўночнай і Паўднёвай Карэі.

Сваё бачанне цяперашняй палітычнай і ваеннай сітуацыі ва Украіне Данілаў выклаў у размове з карэспандэнтам ВВС. А яшчэ сакратар РНБА лічыць, што расіяне маюць на мэце захапіць Бахмут да 24 лютага.

«План Б» Медзвядчука для Пуціна

«Цяпер перад Расіяй стаіць задача зрабіць так званы карэйскі варыянт, — лічыць Данілаў. — Гэты вар'яцкі план прывёў туды Медзвядчук. Ён лічыць, што з'яўляецца экспертам па Украіне, аднак не — ён проста здраднік».

Доўгі час пра лёс Медзвядчука ў Расіі нічога не было вядома, але ў студзені гэтага года ён апублікаваў у расійскай газеце «Известия» палітычны артыкул, у якім абвінаваціў Захад і ўкраінскія ўлады ў развязванні вайны з Расіяй.

Кум Пуціна таксама неаднаразова падкрэсліваў, што «Паўднёвы Усход» Украіны — гэта нейкая асобная структура ўнутры Украіны, якая нібы заўсёды эканамічна, культурна і палітычна цягнулася да Расіі.

«Унутры Украіны з 1991 года ёсць дзве краіны — антырасійская і Украіна як іншая Расія. Адна не мысліць сябе без Расіі, другая не мысліць сябе з Расіяй», — напісаў Медзвядчук.

Данілаў лічыць, што Медзвядчук і асобныя прарасійскія палітыкі і эксперты ва Украіне будуць «прапаноўваць стварэнне дзвюх краін». Ён не назваў канкрэтных прозвішчаў, але намякнуў, што гаворка ідзе пра дзеючых дэпутатаў фракцыі «Апазіцыйная платформа — За жыццё».

Мэта Расіі, на яго думку, у бліжэйшы час зрабіць усё, каб цалкам захапіць Данецкую і Луганскую вобласці разам з сухапутным калідорам да Крыма, а затым рэалізаваць гэтую ідэю падзелу Украіны.

«У гэтым удзельнічаюць прадстаўнікі, якія абслугоўвалі Януковіча, прадстаўнікі дэпутацкага корпусу «Апазіцыйная платформа — за жыццё» (АПЗЖ) у Радзе, паліттэхнолагі, якія іх абслугоўвалі, якія жывуць у нашай краіне», — кажа Данілаў.

Ён дадаў, што ідэяй дзвюх краін таксама займаюцца людзі, якія рыхтавалі Будапешцкі мемарандум 1994 года. «Яны іх паднялі, абтрэслі з іх пыл. Гэтай тэмай займаюцца і людзі Януковіча, яны за кулісамі цягнуць за нітку», — дадаў Данілаў.

У траўні 2021 года тады яшчэ дзеючы народны дэпутат Віктар Медзвядчук атрымаў падазрэнне ў дзяржздрадзе і быў адпраўлены пад хатні арышт.

У канцы лютага, калі пачалася поўнамаштабная вайна, Медзвядчук збег з-пад хатняга арышту. Але ў красавіку мінулага года падчас «шматузроўневай спецаперацыі» ён зноў быў затрыманы СБУ і адпраўлены ў СІЗА.

21 верасня ў рамках абмену палоннымі Медзвядчука выдалі Расіі. Яго і яшчэ 55 расійскіх вайскоўцаў абмянялі на 200 украінскіх ваеннапалонных. У студзені Зяленскі пазбавіў Медзвядчука ўкраінскага грамадзянства, пасля чаго Рада пазбавіла яго дэпутацкага мандата.