Кіраўнік Пентагона: ЗША могуць даць Украіне ядзерную зброю

ЗША могуць даць Украіне ядзерную зброю — гэтага не выключыў кіраўнік Пентагона Піт Хегсет. Таксама Штаты могуць накіраваць ва Украіну і сваіх жаўнераў у якасці міратворцаў. А еўрапейцы не сумняваюцца, што з заканчэннем вайны ва Украіне Расія будзе прадстаўляць небяспеку для Захаду. Ідзе 1087-мы дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

2944761.jpg

За мінулыя суткі на фронце адбылося 113 боесутыкненняў, часцей за ўсё армія РФ атакавала на Пакроўскім, Тарэцкім і Новапаўлаўскім кірунках, паведамляе ў ранішняй зводцы 14 лютага Генштаб УСУ.

УСУ спынілі 38 наступальных дзеянняў расійцаў на Пакроўскім кірунку. Сілы абароны Украіны адбілі 16 атак праціўніка на Новапаўлаўскім кірунку, і 14 штурмаў на Тарэцкім кірунку ў раёнах населеных пунктаў Тарэцк, Крымскае і Шчарбінаўка.

Армія РФ атакавала 7 разоў на Ліманскім кірунку і 5 разоў на Краматорскім кірунку ў раёне Часавага Яра.

На Курскім кірунку УСУ спынілі 23 атакі расійцаў. Расійская авіяцыя 51 раз бамбіла ўласную тэрыторыю, ужыўшы 77 кіраваных бомбаў.

* * *

У ноч на 14 лютага аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў у Данецкай і Харкаўскай абласцях. DeepState паведамляе пра «нязначныя» поспехі расійцаў у Харкаўскай вобласці ў раёне Двурэчнай і ў Фігалеўкі, у Данецкай вобласці — у раёнах Андрэеўкі і Бурлацкага.

* * *

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) фіксуе прасоўванне расійскіх войскаў паблізу Баравой Харкаўскай вобласці і Северска Данецкай вобласці.

13 лютага ў Генштабе УСУ паказалі карту, якая паказвае, што расійцы, верагодна, прасунуліся ў палях на захад ад Першамайскага (на ўсход ад Баравой). Таксама, згодна тым жа картам, расіяне, верагодна, прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Фёдараўкі (на поўдзень ад Северска). Іншых прасоўванняў на фронце ISW не зафіксаваў -— ні з таго, ні з другога боку.

* * *

Расійцы з вечара 13 лютага атакавалі Украіну 133-ма ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі-імітатарамі розных тыпаў; 73 дроны ўдалося знішчыць, яшчэ 58 былі лакацыйна страчаныя, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.

Расійская Федэрацыя ноччу атакавала ўдарным дронам з фугаснай баявой часткай сховішча Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС), паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. 

Па словах Зяленскага, сховішча ў свой час было пабудавана тымі, хто жадае бяспекі для людзей — Украінай, Штатамі і еўрапейскімі саюзнікамі. У той жа час Расія застаецца адзінай краінай у свеце, якая здольная атакаваць такія аб'екты, акупаваць тэрыторыю атамных станцый і не лічыцца з наступствамі.

Пажар у выніку атакі дрона ўжо ліквідаваны, радыяцыйны фон не павышаўся, аднак пашкоджанні сховішча ацэньваюцца як «істотныя».

* * *

_rosijan_z_13_na_14_ljutoho_2025.jpg

* * *

Расія ў 2024 годзе зрабіла і адрамантавала больш за 1500 танкаў і 2800 баявых машын пяхоты (БМП) і бронетранспарцёраў (БТР), што дазволіла ёй кампенсаваць леташнія страты бронетэхнікі. У той жа час, паводле ацэнак экспертаў, РФ можа сутыкнуцца з недахопам запасных частак і тэхнічнымі цяжкасцямі ў будучыні, пішуць эксперты ISW са спасылкай на Нацыянальны інстытут стратэгічных даследаванняў (НІСІ) Вялікабрытаніі.

Паводле брытанскіх звестак, Расіі ўдалося кампенсаваць усе страты танкаў і блізу 75% страт бронетэхнікі, якія яна панесла ў 2024 годзе. Але пастаянныя намаганні Расіі па павелічэнні колькасці яе ўзброеных сіл і стварэнне новых падраздзяленняў абвастраюць дэфіцыт тэхнікі. Тыя танкі і бронемашыны савецкіх часоў, што засталіся на складах Расіі, знаходзяцца ў дрэнным стане. Гэта можа ўскладніць здольнасць Расіі кампенсаваць высокія страты тэхнікі ў 2025 годзе і ў далейшым.

«У доўгатэрміновай перспектыве Расія можа сутыкнуцца з цяжкасцямі ў адэкватным забеспячэнні сваіх падраздзяленняў неабходнай тэхнікай, калі расійскія вайскоўцы будуць прадаўжаць выдаткоўваць запасы тэхнікі савецкіх часоў, не павялічваючы вытворчыя магутнасці для стварэння новых танкаў і бронемашын», — адзначаюць эксперты ISW.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра запланаваную на наступны тыдзень сустрэчу высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША, Украіны і Расіі ў Саудаўскай Аравіі, накіраваную на абмеркаваньне шляхоў спынення вайны ва Украіне.

«На наступным тыдні сустрэча ў Саудаўскай Аравіі не са мной ці Пуціным, а з вышэйшымі службовымі асобамі, і Украіна таксама будзе часткай гэтай сустрэчы, і мы паглядзім, ці зможам мы пакласці канец гэтай жудаснай вайне», — паведаміў Трамп.

* * *

ЗША ўдараць па Маскве санкцыямі і, магчыма, ваеннымі дзеяннямі, калі кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін не пагодзіцца на мірнае пагадненне з Украінай, якое гарантуе Кіеву доўгатэрміновую незалежнасць, заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс у інтэрв'ю The Wall Street Journal.

У той жа час ён выказаў меркаванне, што «ў выніку будзе дасягнута пагадненне, якое шакуе многіх». Вэнс адзначыў, што яшчэ занадта рана казаць пра тое, якая частка тэрыторыі Украіны можа застацца ў руках Расіі, ці якія гарантыі бяспекі ЗША і іншыя заходнія хаўруснікі могуць прапанаваць Кіеву — гэтыя дэталі павінны прапрацаваць падчас мірных перамоваў.

«Існуе ўсякая колькасць фармулёвак, канфігурацый, але мы сапраўды клапоцімся пра тое, каб Украіна мела суверэнную незалежнасць», — падкрэсліў Вэнс. Віцэ-прэзідэнт ЗША пагадзіўся, што Трамп можа змяніць сваё меркаванне ў залежнасці ад таго, як будуць разгортвацца перамовы.

«Прэзідэнт Трамп можа сказаць: паслухайце, мы не хочам гэтага, нам гэта можа не падабацца, але мы гатовыя вярнуць гэтае пытанне на стол перамоваў, калі расійцы не будуць добрымі партнёрамі па перамовах, або калі ёсць рэчы, вельмі важныя для ўкраінцаў, якія мы, магчыма, захочам зняць са стала перамоваў», — сказаў Вэнс.

* * *

Міністр абароны ЗША Піт Хегсет у інтэрв'ю Breitbart News дапусціў магчымасць надання Украіне ядзернай зброі. Кіраўнік Пентагону падкрэсліў, што гэта залежыць ад рашэння амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа.

Праўда, кіраўнік амерыканскага абароннага ведамства ў размове з прадстаўнікамі СМІ адзначыў, што не збіраецца «аб'яўляць нешта адкрытае або неразгледжанае». «Гэта не мая праца. Гэта праца прэзідэнта. Ён лідар, ён майстар перамоваў і складальнік пагадненняў», — сказаў Хегсет.

* * *

Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус на мерапрыемстве «ноч інавацый», арганізаваным на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы заявіў, што нават у выпадку дасягнення мірнага пагаднення паміж Украінай і Расіяй кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін працягне прадстаўляць пагрозу для Еўропы.

Па словах Пісторыуса, адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа імкнецца да хуткага заключэння мірнага пагаднення паміж Расіяй і Украінай, а забеспячэнне стабільнасці ў рэгіёне павінна стаць адказнасцю еўрапейскіх краін.

«Ні адно будучае мірнае пагадненне не можа быць дасягнута без уключэння Украіны. І любое пагадненне, якое выключае Еўропу, таксама не спрацуе», — сказаў міністр абароны Нямеччыны.

Аднак нават у выпадку дасягнення дамоўленасцяў Еўропа не зможа расслабіцца, паколькі Пуцін працягне атакі супраць Захаду. «Пуцін працягне нападаць на нас гібрыдным спосабам. Ён і ў далейшым будзе заставацца пагрозай для нашага кантынента», — падкрэсліў Пісторыус.

На яго думку, еўрапейская бяспека павінна грунтавацца на ваеннай сіле і тэхналагічных інавацыях. Ён адзначыў, што вайна ва Украіне прадэманстравала важнасць перадавых распрацовак у ваеннай сферы, бо новыя тэхналогіі ва ўмовах сучаснай вайны мяняюцца «не гадамі, а месяцамі і тыднямі», бо гэта пытанне жыцця і смерці.