Казахстан спрачаецца пра змену герба з-за «прыкмет савецкай эпохі»

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў прапанаваў змяніць герб рэспублікі з-за «эклектыкі і прыкмет савецкай эпохі». 

Фота з ia-centr.ru

Фота з ia-centr.ru

Ідэю мадэфікаваць адзін з сімвалаў дзяржавы казахстанскі гарант зрабіў 15 сакавіка падчас пасяджэння Нацыянальнага курултаю (кансультатыўна-дарадчы орган пры прэзідэнце). У прынцыпе на гэтым мерапрыемствы абмяркоўвалася шмат пытанняў наконт умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці. У прыватнасці Такаеў назваў Казахстан спадчыннікам Залатой Арды і паведаміў, што вядзецца работа па напісанні новай акадэмічнай гісторыі Казахстана.

Аднак пакуль грамадства найбольш рэфлексуе на словы прэзідэнта аб неабходнасці стварэння новага герба. Спаслаўшыся на «розныя довады прафесіяналаў і неабыякавых грамадзян, у тым ліку моладзі», гарант заявіў, што герб краіны «занадта складаны для ўспрымання з-за элементаў эклектыкі і прыкмет савецкай эпохі».

«У выпадку агульнай згоды можна было б стварыць адмысловую камісію, якая прадметна разгледзіць усе аспекты, правядзе грамадскія дыскусіі. Затым аб'явіць адкрыты конкурс на лепшы эскіз новага дзяржаўнага герба Казахстана», — падсумоўваў Токаеў.

Герб Казахстана, дарэчы, быў афіцыйна прыняты ў 1992 годзе, пасля абвяшчэння незалежнасці рэспублікі. Герб мае форму кола — сімвал вечнасці. У яго цэнтры на блакітным фоне намаляваная фрагменты юрты, ад якой ва ўсе бакі разыходзяцца сонечныя прамяні. Справа і злева выяўленыя міфічныя крылатыя коні. У верхняй частцы размешчана аб'ёмная пяціканцовая зорка, а ў ніжняй частцы — надпіс Qazaqstan.

Хутчэй за ўсё ініцыятыва з новым гербам узнікла не на пустым месцы. Яшчэ ў лютым сябры праўладнага руху «Новыя людзі» нечакана ініцыявалі правядзенне апытанняў на прадмет ведання людзьмі герба краіны. У даследаванні ўдзельнічалі крыху больш за 500 чалавек рознага ўзросту з Астаны і Алматы. Па даных арганізацыі, 70 адсоткаў рэспандэнтаў не пазналі герб або адказалі, што «не разумеюць значэнні асобных элементаў». «Апытанне паказала, што людзі не ведаюць і не разумеюць адзін з галоўных дзяржсімвалаў. Для іх ён не нясе ніякай семіятычнай нагрузкі», — заявіў прадстаўнік арганізацыі, падводзячы вынікі даследавання.

Зрэшты, адсутнасць «семіятычнай нагрузкі» для шмат каго не прычына, каб імкліва карэктаваць выяву дзяржаўнага сімвалу. Прынамсі ў казахстанскім сегменце інтэрнэту дамінуе менавіта такая пазіцыя. Як правіла яе прыхільнікі гавораць аб несвоечасовасці рэформы. «Ёсць іншыя праблемы, чым мяняць сцяг, герб і пераназываць гарады і вуліцы — не бачу сэнсу. Давайце змагацца з карупцыяй, паляпшаць інфраструктуру, праблемы з воднымі рэсурсамі і энергетычнымі рэсурсамі», — піша адзін з тыповых аматараў такога падыходу. 

Некаторыя актывісты ўжо падлічылі фінансавыя выдаткі на рэформу герба. Адпаведна калькуляцыі, у выпадку змены герба дзяржава выдаткуе на новы сімвал не менш за 10 мільярдаў тэнге (прыкладна 25 мільёнаў долараў ЗША). 

Глядзіце таксама

Але не толькі матэрыяльнымі забабонамі жывуць крытыкі ідэі новага герба. Адзін з чальцоў геральдычнай рады, дапушчаючы, што цяперашні герб не ідэальны, раіць не спяшацца. Паводле яго слоў, цяперашні герб — гэта сімвал пераходнай эпохі ад СССР да поўнай дэкаланізацыі. Аднак працэс трывае, і таму новая сімволіка пакуль, хутчэй, выкліча раздражненне.

Яшчэ адной папулярнай падставай для крытыкі Такаева стала нібыта наяўнасць на гербе савецкай сімволікі. Да апошняй можна аднесці хіба што чырвоную зорку. Аднак і яе «савецкую прыроду» можна аспрэчыць. Адзін з аўтараў цяперашняга герба расказаў, што «ў казахаў былі зоркі яшчэ да прыходу савецкай улады». 

Папулярны пункт гледжання, што Такаеў запусціў дэбаты наконт новай сімволікі, каб выклікаць штучны ажыятаж. Тэма герба, маўляў, дазволіць яму адцягнуць грамадскасць ад пачатку перадачы радовішчаў рэдказямельных металаў еўрапейскім кампаніям. Гэтая прыватызацыя нагадвае шмат каму паўтарэнне перадачы нацыянальных багаццяў, якую ажыццяўляў у 90-я гады Назарбаеў, што заўжды выклікала і выклікае негатыўныя ацэнкі.

Нарэшце, многія ўзгадалі і тое, што Такаеву ўжо не ўпершыню займацца дзяржаўнымі сімваламі. Так, у 2016-2018 гадах ён прапаноўваў перайменаваць Казахстан у Казах елі. Пазней з яго ініцыятывы сталіцу Астана перайменавалі ў Нур-Султан (у гонар Назарбаева). Калі эпоха Назарбаева скончылася, Такаеў аператыўна заклікаў вярнуць сталіцы старую назву. У выніку казахстанская сталіца стала рэкардсменам па колькасці зменаў сваёй назвы. Менавіта дзякуючы гэтаму кур’ёзу казахі ўжо трапілі ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

У гэтым плане шмат хто хвалюецца, што апісаная вышэй амаль анекдатычная гісторыя паўторыцца, аднак цяпер толькі з гербам, які будуць карэктаваць туды-сюды. Тым больш, што герб Казахстана ўжо мадыфікавалі ў 2018 годзе, калі слова «Казахстан» на гербе было заменена на Qazaqstan. Зноў трапляць у Кнігу рэкордаў Гінэса відавочна не жадаюць.

Гэтая забаўная акалічнасць яшчэ больш замацавала стыхійнае паўстанне шырокай кааліцыі апанентаў геральдычных пражэктаў Такаева. Але дыскусіі вакол рэформы герба яшчэ трываюць, і невядома, чым скончацца.