«Гэта была камедыя. Але яны былі з аўтаматамі». Як украінцаў на акупаваных тэрыторыях прымушалі галасаваць за Пуціна

Вынікі «выбараў» на захопленых тэрыторыях Украіны ўжо вядомыя. Пуціна абралі амаль аднагалосна. А да таго, як піша ўкраінская служба BBC, некалькі дзён прарасійскія калабаранты са скрынямі для галасавання і вайскоўцы са зброяй хадзілі па акупаваных вуліцах украінскіх гарадоў і вёсак, шукаючы «выбаршчыкаў».

"Выбары" ў ДНР. Фота ўкраінскай службы BBC

"Выбары" ў ДНР. Фота ўкраінскай службы BBC

«Як гэта было? Мясцовыя прыхільнікі расіян разам з узброенымі салдатамі хадзілі па дварах. Вось вам спіс кандыдатаў, галасуйце. Гэта была камедыя».

Мікалай жыве ў акупаваным Кахоўскім раёне Херсонскай вобласці (імя змененае ў мэтах бяспекі). Ён распавядае "Бі-бі-сі", як на поўдні Украіны было арганізавана «галасаванне» за прэзідэнта Расеі.

Гэта ўжо трэція «выбары», якія Масква спрабуе правесьці на захопленых сілай украінскіх тэрыторыях. Для Міколы яны таксама трэція. Спачатку было «галасаванне» на непрызнаным «рэферэндуме» аб далучэнні да Расеі, потым «галасаванне» на парламенцкіх выбарах у Дзярждуму. 

«Такога, каб ламаць дзверы гвалтам, не было. Хаця што гэта за выбары з аўтаматамі? Гэта дэмакратыя? Пяскоў сказаў, што Расія — самая дэмакратычная краіна. Даўно я так не смяяўся», — кажа мужчына.

Гэтым разам Масква разгарнула шырокую кампанію, імкнучыся прыцягнуць як мага больш жыхароў акупаваных тэрыторый Украіны.

Расійскія ўлады заплянавалі галасаваньне на тры дні — з 15 па 17 сакавіка.

А вось на акупаваных тэрыторыях чатырох украінскіх абласцей — Запарожскай, Херсонскай, Данецкай і Луганскай — «галасаванне» пачалося на тры дні раней.

Уладзімір Пуцін, безумоўна, выйграе яшчэ адзін тэрмін на пасадзе, але высокая яўка дапаможа Крамлю легітымізаваць яго далейшае кіраванне.

Некалькі дзён прарасейскія калабаранты са скрынямі для галасавання і вайскоўцы са зброяй ходзяць па акупаваных вуліцах украінскіх гарадоў і вёсак, шукаючы «выбаршчыкаў».

Некалькі жыхароў поўдня Украіны распавялі BBC, што стараюцца не выходзіць на вуліцы ў гэтыя дні, каб іх ніхто не ўбачыў і не прымусіў «галасаваць» за Пуціна.

Эксперты кажуць, што Расія будзе выкарыстоўваць гэтыя выбары, каб апраўдаць чарговае ўварванне.

Разам з Уладзімірам Пуціным у бюлетэнях чатыры кандыдаты, але ні адзін з іх не з'яўляецца яго рэальным канкурэнтам.

Усе апаненты Пуціна былі альбо вымушаныя з'ехаць, альбо пасаджаныя ў турму, альбо памерлі.