Financial Times: Украіна і Расія дамагліся прагрэсу па мірным плане з 15 пунктаў
На перамовах Расіі і Украіны бакі дамагліся значнага прагрэсу па папярэдняму мірнаму плану. На сёння ён уключае ў сябе 15 пунктаў.
Выданне Financial Times са спасылкай на трох удзельнікаў перамоваў піша, што мірны план уключае спыненне агню і вывад расійскіх войскаў, калі Украіна абвесціць аб нейтралітэце і пойдзе на скарачэнне сваіх узброеных сіл, піша РБК-Украіна.
Па дадзеных FT, мірны план абмяркоўваецца з панядзелка. Згодна з ім Кіеў павінен адмовіцца ад амбіцый па ўступленні ў NATO і не размяшчаць замежныя ваенныя базы. У абмен на гэта ўкраінскі бок атрымае гарантыі бяспекі ад ЗША, Вялікабрытаніі і Турцыі.
У той жа час выданне адзначае, што прымальнасць заходніх гарантый для Масквы можа стаць перашкодай для заключэння мірнага пагаднення. Як і статус акупаваных у 2014 годзе Крыма і Данбаса.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў Financial Times, што мірнае пагадненне ў любым выпадку будзе ўключаць вывад расійскіх войскаў з тэрыторый, занятых з пачатку ўварвання 24 лютага 2022 года.
Нагадаем, раней Падаляк заявіў, што на перамовах Украіна патрабуе гарантыі бяспекі і ад Расіі. Але дасягнуць гэтага можна толькі пры сустрэчы лідараў Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна.