Дзярждэп ЗША: нармалізацыя адносін з Беларуссю без спынення рэпрэсій немагчымая

ЗША заўсёды хацелі стабільнасці ў адносінах з Беларуссю, але дзеянні ўлад краіны супраць апазіцыі не дазваляюць вярнуцца да нармальнага вядзення спраў, заявіў прадстаўнік Дзярждэпа Нед Прайс.

j0s5qvahwsvp1v3b5oen.jpg


«ЗША заўсёды дамагаліся ўстойлівых і прадказальных стасункаў з Беларуссю з моманту здабыцця ёю незалежнасці ў 1991 годзе», — сказаў Нед Прайс на брыфінгу.

«Але пакуль у Беларусі будзе працягвацца тое, чаму мы сталі сведкамі — парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі — нельга весці справы па-ранейшаму», — цытуе амерыканскага чыноўніка «Інтэрфакс-Захад».

Пры гэтым Нед Прайс згадаў пастанову ЗША аднавіць санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

У той жа час прадстаўнік Дзярждэпа заявіў, што ЗША жадаюць нармалізацыі дыпламатычных адносін з Беларуссю і прыбыццё амерыканскага амбасадара ў Мінск было б вельмі важным для дасягнення гэтай мэты.

Пасада амбасадара ЗША ў Мінску заставалася вакантнай з 2008 года.

У пачатку траўня 2020 года ў той час прэзідэнт ЗША Дональд Трамп афіцыйна высунуў кандыдатуру намесніка памочніка дзяржсакратара Джулі Фішэр на пасаду амбасадара ў Мінску. 16 снежня яе кандыдатуру зацвердзіў сенат ЗША. Аднак беларускія ўлады да гэтага часу не выдалі ёй візу для прыезду ў краіну. Гэта прывяло да таго, што Фішэр як амбасадар ЗША ў Беларусі можа быць часова акрэдытаваная ў Вільні.

Канкрэтная дата яе прыбыцця ў Мінск не называецца.