Дональд Трамп можа склікаць канферэнцыю па Украіне ў бліжэйшы час — The Telegraph.

Ідзе 1048-ты дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Расія спрабуе атачыць Пакроўск, а Украіна атакуе ў расійскай Курскай вобласці. Тым часам усе чакаюць мірных перамоў, але яны могуць і не адбыцца з-за «няяўкі» туды Расіі.

Фота: Генштаб УСУ / Facebook

Фота: Генштаб УСУ / Facebook

За мінулыя суткі на фронце зафіксавана 184 баявыя сутыкненні, 78 атак акупантаў Сілы абароны Украіны адбілі на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках, 47 разоў расійцы штурмавалі Курскі плацдарм, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 студзеня.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 12 разоў. Столькі ж атак расійцы ажыццявілі на Тарэцкім кірунку.

* * *

Расійскія сілы актывізавалі наступальныя дзеянні на ўсход ад Пакроўска, спрабуючы акружыць горад з паўночнага ўсходу, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

«Расійскія войскі пачалі актывізаваць наступальныя аперацыі на ўсход ад Пакроўска, а апублікаваныя 1 студзеня геалакацыйныя відэаматэрыялы сведчаць аб тым, што яны нядаўна захапілі Узвіжанку (на ўсход ад Пакроўска). Відэа, апублікаванае 5 студзеня, паказвае, што расійскія войскі, верагодна, таксама занялі Свірыдонаўку і Цімафееўку (абедзве на ўсход ад Пакроўска) цягам апошніх дзён, а таксама прасунуліся ў паўднёва-ўсходнюю Лізаветаўку (на поўдзень ад Пакроўска) падчас механізаванай атакі», — паведамляюць у ISW.

Па меркаванні аналітыкаў, актывізацыя ў зоне адказнасці 41-й расійскай арміі на ўсход ад Пакроўска паказвае, што расійскае ваеннае камандаванне ўсё яшчэ разглядае атачэнне Пакроўска як адну з ключавых аператыўных мэтаў у гэтым раёне.

У той жа час расійскія войскі прасунуліся наперад паблізу Баравой, Тарэцка, Пакроўска і Курахава.

* * *

УСУ аднавілі наступальныя аперацыі мінімум у трох раёнах украінскага плацдарма ў Курскай вобласці Расіі. УСУ правялі некалькі механізаваных атак на кірунку Бердзін-Навасотніцкі (паўночны ўсход ад Суджы). Таксама расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінскія сілы актывізавалі наступальныя аперацыі ў кірунку Леанідава (паўднёвы ўсход ад Коранева) і правялі узмоцненую механізаваную атаку колькасцю ў ўзвод каля Пушкарнага (на ўсход ад Суджы).

Геалакацыйныя кадры ад 5 студзеня паказваюць, што УСУ прасунуліся ў палях на паўднёвы захад і поўдзень ад Бердзіна і ўвайшлі ў паўднёвую частку населенага пункта.

Таксама па словах ваенкораў РФ, УСУ невялікімі пяхотнымі групамі праводзілі наступальныя аперацыі ў раёне Нікапольскага і Аляксандраўкі, і на поўнач ад Рускай Канапелькі ў напрамку Пушкарнага.

Расійскія ваенкоры выказалі занепакоенасць, што аднаўленне атак УСУ ў Курскай вобласці можа быць адцягваючым, і заявілі, што яшчэ занадта рана вызначаць, ці могуць гэтыя аперацыі ў рэгіёне стаць часткай будучых асноўных намаганняў.

У той жа час войскі РФ таксама прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Суджы і контратакавалі УСУ на паўднёвы ўсход ад Коранева, на поўнач ад Суджы. Войскі РФ прасунуліся ў заходняй і паўднёвай частцы Махноўкі (паўднёва-ўсход ад Суджы).

* * *

472391358_950232643956481_2842743025111122382_n.jpg

* * *

У ноч на 6 студзеня расійскія захопнікі атакавалі Украіну двума кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59 і 128-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі-імітатарамі розных тыпаў. Супрацьпаветраная абарона збіла 2 ракеты і 79 БпЛА, паведамляе камандаванне паветраных сіл Украіны.

49 беспілотнікаў-імітатараў былі лакальна страчаныя (без негатыўных наступстваў).

З-за падзення збітых варожых беспілотнікаў ёсць пашкоджанні будынкаў прадпрыемстваў, устаноў і прыватных дамоў на Чарнігаўшчыне, Сумшчыне, Чаркашчыне, Палтаўскай вобласці і Кіеўшчыне. Папярэдне без ахвяр і пацярпелых.

* * *

Адміністрацыя Дональда Трампа можа склікаць канферэнцыю па Украіне ў бліжэйшы час з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. Пра гэта ў нядзелю, 5 студзеня, напісаў The Telegraph

Па даных выдання, яе час будзе залежаць ад гатоўнасці кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага правесці такую сустрэчу, а таксама ад пагаднення аб кіраўніку канферэнцыі, парадку дня і месцы яе правядзення. 

«Гэта можа залежаць і ад Расіі, асабліва ад таго, ці не стануць яе прадстаўнікі рабіць абуральныя рэчы, што можа зрабіць такія перамовы немагчымымі ў святле міжнароднай думкі. Нядаўняе збіццё азербайджанскага авіялайнера — гэта менавіта той акт, які пацвярджае, што Расія — беспрынцыповая дзяржава-ізгой», — гаворыцца ў артыкуле.

* * *

Нават калі перамовы адбудуцца, Украіна ўсё роўна будзе мець патрэбу ў «адэкватных гарантыях бяспекі», паколькі кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін не будзе лічыць, што «гульня скончана», заявіў журналістам у Сеуле ў панядзелак, 6 студзеня, дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

«Яго (Пуціна) імперскія амбіцыі застаюцца, і тое, што ён будзе спрабаваць зрабіць — гэта адпачыць, пераўзброіцца і, урэшце, зноў атакаваць», — сказаў дзяржсакратар.

* * *

Адміністрацыя Байдэна плануе ўвесці дадатковыя санкцыі супраць «ценявога флоту» нафтавых танкераў Расіі і скараціць яе даходы для вайны ва Украіне, паведамляе Reuters са спасылкай на свае крыніцы. Адміністрацыя Байдэна імкнецца ўзмацніць падтрымку Украіны да ўступлення на пасаду абранага прэзідэнта Дональда Трампа 20 студзеня. 

Крыніцы паведамілі, што санкцыі закрануць танкеры, якія перавозяць расійскую нафту, прададзеную коштам вышэй устаноўленага Захадам ліміту 60 долараў за барэль. Расія выкарыстала гэты так званы «ценявы флот» з старэючых судоў, каб абысці ліміт. Многія суды небяспечныя і схільныя да разліваў нафты, кажуць эксперты па суднаходстве.

Санкцыі, верагодна, таксама будуць уключаць меры супраць людзей, уцягнутых у некаторыя сеткі, што гандлююць нафтай вышэй устаноўленай цэнавай мяжы.