Падаляк: Расію можна перамагчы толькі ва Украіне, інакш у NATO няма шанцаў

Ідзе 1046-ты дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Украінскія войскі ўтрымліваюць агрэсара на франтах. Краіны Захаду працягваюць дапамогу Украіне, але ў наўпроставым супрацьстаянні з Расіяй у NATO няма шанцаў, лічаць некаторыя эксперты.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Усяго за мінулыя суткі на франтах ва Украіне зафіксавана 148 баявых сутыкненняў, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ на раніцу 4 студзеня. Найбольш праблемным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе сілы абароны Украіны адбілі 40 штурмавых і наступальных дзеянняў агрэсара.

Не менш горача было ў аперацыйнай зоне на Куршчыне, дзе падраздзяленні сіл абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі 41 атаку расійскіх войскаў. 

На Ліманскім, Курахоўскім і Врэмаўскім кірунках расійскія войскі атакавалі па 11 разоў на кожным. На Краматорскім кірунку зафіксавана 10 боесутыкненняў у раёнах Часавага Яру, Белай гары. 

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі сем атак.

* * *

На фронце ва Украіне фіксуецца прасоўванне расійскіх акупантаў паблізу Пакроўска, Курахава і Угледара. Захопнікі, верагодна, ссоўваюць увагу з акружэння Пакроўска на наступ у бок адмінмяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Войскі РФ нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 3 студзеня, сведчаць, што акупанты прасунуліся на поўнач ад Наваградаўкі і ўздоўж трасы Т-05-15 Пакроўск — Наватроіцкая Шаша на паўночны ўсход ад Шаўчэнка. 

Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец заявіў, што камандаванне РФ перадыслакуе падраздзяленні з усходу ад Пакроўска на поўдзень і паўднёвы захад ад гэтага горада, а расійскія войскі наступаюць на Котліна, каб перарэзаць трасу Т-04-06 (траса Пакроўск-межавае).

«Заявы Машаўца сведчаць, што расійскае вайсковае камандаванне засяроджанае на раёнах на поўдзень і паўднёвы захад ад Пакроўска, а не на ўсход ад Пакроўска», — гаворыцца ў публікацыі ISW.

Экспэрты Інстытута вывучэння вайны дадаюць, што гэта ўзгадняецца з іх ацэнкай, што войскі РФ, магчыма, прынамсі часова ссоўваюць сваю ўвагу з ахопу Пакроўска з усходу і захаду на ажыццяўленне наступу на захад у кірунку адмінмяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей.

Паведамляецца, што расійскія акупанты нядаўна прасунуліся паблізу Курахава — УСУ, верагодна, нядаўна цалкам адступілі ад Курахаўскай ТЭС на захад ад Курахава, і што расійскія акупанты захапілі Шаўчэнка (на паўночны захад ад Курахава).

Войскі РФ нядаўна прасунуліся на паўночны захад ад Угледара. Геалакацыйныя кадры ад 2 студзеня паказваюць, што акупанты прасунуліся ў палях на поўдзень ад Разліву (на паўночны захад ад Угледара).

* * *

У Смаленскай вобласці РФ уначы 4 студзеня працавалі сілы СПА праз фіксацыю беспілотнікаў. У рэгіёне раздаваліся выбухі. Пра гэта паведаміў губернатар Смаленскай вобласці Васіль Анохін. Паводле яго слоў, на працягу гэтай ночы Нібыта было збіта 5 беспілотнікаў, абышлося без разбурэнняў і пацярпелых.

Паводле звестак ТГ-каналаў, дронавы ўдар быў па горадзе Сафонава. У сацсетках мяркуюць, што мэтай магло быць прадпрыемства АТ «Авангард», якое ўваходзіць у склад буйнога расійскага ракетабудаўнічага холдынгу АТ ВПК НВА «Машынабудаванне» і АТ «Карпарацыя тактычнае ракетнае ўзбраенне».

* * *

472273369_948878310758581_359114220154073491_n.jpg

* * *

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) паказваюць на тое, што ўлады Расіі наўмысна скажаюць заканадаўства Украіны і Канстытуцыю Украіны адносна выбараў ва ўмовах ваеннага становішча, а таксама не маюць намеру змяняць умовы для спынення вайны з 2021 года.

Такое паведамленне ISW зрабіў, рэагуючы на словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў эфіры ўкраінскага тэлемарафона пра тое, што ўкраінская Канстытуцыя і ўкраінскае заканадаўства забараняюць Украіне праводзіць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары падчас ваеннага становішча.

«Крамлёўскія чыноўнікі, уключаючы Пуціна, неаднаразова выкарыстоўвалі наўмыснае няправільнае тлумачэнне ўкраінскага заканадаўства і Канстытуцыі, каб сцвярджаць, што Зяленскі з'яўляецца нелегітымным прэзідэнтам Украіны пасля таго, як Украіна, прытрымліваючыся закона і Канстытуцыі, не правяла выбары ва ўмовах ваеннага становішча ў 2024 годзе», — кажуць у ISW.

«Пуцін і іншыя афіцыйныя асобы Крамля неаднаразова вылучалі ўмовы спынення вайны, якія роўныя поўнай капітуляцыі Украіны, уключаючы ліквідацыю законнай украінскай улады і дэмілітарызацыю Украіны. Гэтыя патрабаванні не змяніліся з 2021 года», — гаворыцца ў справаздачы інстытута.

* * *

Украіна будзе заставацца ў цэнтры ўвагі на пасяджэннях G7 на працягу наступнага года, напісала ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы Х міністарка замежных спраў Канады Мелані Жалі. Нагадаем, што з 1 студзеня Канада пачала сваё старшынства ў «Вялікай сямёрцы», якое працягнецца на працягу ўсяго 2025 года.

Жалі адзначыла, што першая афіцыйная тэлефонная размова пасля пачатку старшынства Канады ў G7 яна правяла з кіраўніком украінскага МЗС Андрэем Сібігай.

«Украіна застаецца прыярытэтам для G7. Мы абмеркавалі бягучую сітуацыю і далейшыя патрэбы. Канада будзе заўсёды заставацца моцным саюзнікам Украіны», — заявіла Жалі.

* * *

Расійцы робяць усё магчымае, каб сарваць працэс перамоваў і абвінаваціць у гэтым Украіну. У той жа час Масква спрабуе назапасіць рэсурсы і размеркаваць іх так, каб расійскія войскі маглі весці вайну супраць Украіны да 2027 года, распавёў у эфіры тэлеканала «Эспрэса» кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Андрэй Каваленка.

* * *

Краіны Паўночнаатлантычнага альянсу псіхалагічна не гатовыя да вайны з Расіяй. І калі Украіна не зможа перамагчы Расію, «тады краінам NATO варта рыхтавацца да вельмі цяжкіх наступстваў», заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у інтэрв'ю тэлеканалу FREEDOM.

Такім чынам, чыноўнік адрэагаваў на заявы шэрагу заходніх палітыкаў пра тое, што Альянс будзе гатовы супрацьстаяць расійскай агрэсіі праз 3-5 гадоў.

«У краін NATO шмат зброі, яна значна больш эфектыўная, але яны не гатовыя яе выкарыстоўваць. Адпаведна, калі праз 5 гадоў Расія захавае тыя тэмпы мілітарызацыі і аўтарытарнасці, што ёсць цяпер, у NATO няма ніякага шанцу», — сказаў Падаляк.

Па яго словах, у Крамлі разумеюць, што краіны NATO «ніяк і ніколі» псіхалагічна не будуць гатовыя да вайны з Расіяй. «Таму Расія паступова ў гэтай вайне павышае стаўкі, паступова адмяняе табу і правілы. У прыватнасці, правілы вядзення войнаў. І, адпаведна, рыхтуе плацдарм, калі яна цяпер не прайграе ва Украіне. Таму адзіная магчымасць перамагчы РФ — перамагчы яе за кошт Украіны. Украіна гэта можа зрабіць», — сказаў дарадца кіраўніка АП.