Брытанскі вулічны мастак Бэнксі стаў ганаровым грамадзянінам Ірпеня
«Мастак Бэнксі пакінуў на адным з разбураных рашыстамі дамоў у Ірпене сваё графіці, такім чынам прыцягваючы ўвагу сусветнай супольнасці да маштабаў разбурэнняў Ірпеня і ўвекавечыўшы сваёй творчасцю гісторыю барацьбы Ірпеня і ідэю яго адраджэння», — гаворыцца ў рашэнні Ірпенскага гарадскога савета.
У горадзе ёсць графіці мастака, на якім намаляваная гімнастка на дзірцы ад рускага снарада.
Бэнксі намаляваў ва Украіне сем графіці. Сваё аўтарства асабіста пацвердзіў спачатку ў інстаграме, а пасля нават выклаў відэа пра гэта. Кошт украінскіх графіці Бэнксі ацэньваюць прыкладна ад $1 млн да $10 млн.
Хто такі Бэнксі?
Пад гэтым імем вядомы ананімны брытанскі майстар стрыт-арта, левы палітычны актывіст і рэжысёр-дакументаліст, які актыўна працуе з 1990-х. Ужо два дзесяцігоддзі яго спрабуе затрымаць паліцыя, але Бэнксі прадумаў мабільную тэхналогію нанясення малюнка. Спачатку ён стварае карціну ў майстэрні, а потым ранкам хутка наносіць яе на гарадскія сцены з дапамогай трафарэтаў.
Працы Бэнксі часта звязаны з актуальнымі падзеямі ці сацыяльным кантэкстам: яны сатырычныя або драматычныя. Для сваіх твораў ён выкарыстоўвае толькі тры (за рэдкімі выключэннямі) асноўных колеры: чорны, белы і чырвоны. Часам Бэнксі спецыяльна для аўкцыёнаў робіць малюнкі, а часам яго працы выразалі са сцен і выкрадалі. Самая дарагая на сёння праца брытанца — малюнак «Каханне ў смеццевым кошыку», які быў прададзены за $22 млн.У аўтабіяграфічнай кнізе Wall and Piece ("Кавалак сцяны") Бэнксі кажа пра галоўныя патрабаванні, зашыфраваныя ў яго творах: мір, справядлівасць і свабода.