Беларускія эпідэміёлагі папярэджваюць пра распаўсюд гепатыту А ў Еўропе
У краінах Еўропы складваецца дрэнная эпідэміялагічная сітуацыя па захворванні вірусным гепатытам А, што не выключае рызыку завозу хваробы на тэрыторыю Беларусі, паведамляе санітарна-эпідэміялагічная служба Мінска.
Паводле звестак эпідэміёлагаў, з пачатку гэтага года ў 14 краінах Еўропы (Чэхія, Аўстрыя, Данія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Ірландыя, Латвія, Літва, Галандыя, Польшча, Партугалія, Славенія, Іспанія) зарэгістравана 5983 выпадкі віруснага гепатыту А, піша tut.by. Для параўнання: за перыяд з 2007 па 2016 гады было зарэгістравана 2506 выпадкаў.
Найбольшая колькасць выпадкаў захворванняў са студзеня па жнівень гэтага года зарэгістравана ў Іспаніі — 2639 (за аналагічны перыяд 2016 года — 325), Польшчы — 572 (у 2016 годзе — 20), Германіі — 589 (у 2016 годзе — 430), Чэхіі — 271 (у 2016 годзе — 317), Галандыі — 114 (у 2016 годзе — 20).
Беларусам, якія едуць за мяжу, санітарна-эпідэміялагічная служба Мінска раіць:
- выкарыстоўваць для піцця, мыцця садавіны і агародніны, бытавых мэтаў кіпячоную або бутыляваную ваду (не выкарыстоўваць лёд для напояў);
- не ёсці сырыя і недастаткова тэрмічна апрацаваныя рыбу і морапрадукты;
- не купляць прадукты ў вулічных і выпадковых гандляроў;
- пры купанні ў адкрытых вадаёмах, плавальных басейнах пазбягаць траплення вады ў рот;
- выконваць правілы асабістай гігіены, добра мыць рукі.
Гепатыт A — гэта інфекцыйнае пашкоджанне печані, прычынай развіцця якога з'яўляецца вірус тыпу A, перадаецца ад чалавека да чалавека. Механізм перадачы — фекальна-аральны, гепатыт А яшчэ называюць "хваробай брудных рук".