«РФ літаральна ўгрызаецца ва ўкраінскую зямлю»: Мегаакоп у 70 кіламетраў выяўлены пад Мелітопалем
Украінскі Цэнтр журналісцкіх расследаванняў (ЦЖР) выявіў на спадарожнікавых здымках Sentinel-2, што адна з ліній абароны расіян на акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці бесперапынна распасціраецца на адлегласць больш за 70 кіламетраў. Так баяцца ўкраінскага наступлення?
"Цэнтр журналісцкіх расследаванняў" апублікаваў спадарожнікавыя здымкі, на аснове якіх аўтары робяць выснову, што расійская армія выкапала траншэю працягласцю 70 км для абароны сваіх пазіцый у акупаванай частцы Запарожскай вобласці.
ЦЖР паведаміў, што ў чаканні контрнаступлення ўкраінскай арміі акупанты ўсю зіму літаральна ўгрызаюцца ў захопленую зямлю поўдня Украіны: будуюць траншэі, бліндажы, усталёўваюць супрацьтанкавыя надолбы. Прычым бліндажы ў запарожскіх стэпах узводзяць остарбайтэры — рознарабочыя з Сярэдняй Азіі, якіх маскоўскія дзялкі завозяць вахтамі, пазней не плоцяць ім за працу ды кідаюць на волю лёсу.
Крайнія пункты выяўленага дзякуючы фотаздымкам са спадарожніка Sentinel-2 расійскага ўмацаванага раёна на захадзе знаходзяцца ў ваколіцах пасёлка Сямёнаўка. Гэта прыкладна дзевяць кіламетраў ад цэнтра Мелітопаля, які акупацыйны ўрад РФ у вобласці прызначыў сваёй сталіцай.
На ўсходзе крайні пункт узведзеных фартыфікацыйных збудаванняў рускіх войскаў знаходзіцца ў полі за межамі пасёлка Марынаўка Прыморскага раёна.
Аналіз спадарожнікавых даных паказвае, што будаўніцтва гэтай лініі абароны пачалося ў першых днях верасня 2022 года.
Рыць траншэю акупанты пачалі адначасова з двух кірункаў, і па стане на 18 кастрычніка мегаакоп ужо быў гатовы. Яго бесперапынная працягласць дасягае 70 кіламетраў.
Для параўнання: даўжыня гэтай лініі абароны ў 70 км — амаль траціна працягласці ўсёй Запарожскай вобласці з усходу на захад (205 км) і прыкладна роўная адлегласці, напрыклад, ад Херсона да Мікалаева або ад Вены да Браціславы.
Як адзначаюць украінскія СМІ, траншэя знаходзіцца прыкладна за 70 кіламетраў за лініяй фронту, каля горада Мелітопаль, які расійскія ўлады абвясцілі сталіцай акупаванага рэгіёна. Даўжыня акопа складае прыкладна трэць працягласці ўсёй Запарожскай вобласці з усходу на захад.
Журналісты выявілі, што будаўніцтва акопа пачалося яшчэ восенню мінулага года. Паводле ацэнак следчых, да будаўніцтва маглі прыцягваць працоўных-мігрантаў з Сярэдняй Азіі. Раней выданне ЦЖР рабіла на гэты конт адмысловае расследаванне.
Раней дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў аб магчымым контрнаступленні ўкраінскай арміі ў бліжэйшыя тыдні. Пра гэта ж кажуць украінскія чыноўнікі і шматлікія ваенныя эксперты.