995-ты дзень вайны: Украіна на першае месца ставіць цяпер гарантыі бяспекі, а не вяртанне тэрыторый?
Украіна перад магчымымі мірнымі перамовамі ставіць на першае месца гарантыі бяспекі, а не вяртанне тэрыторый, паведаміла газета The New York Times: «Тэрытарыяльнае пытанне надзвычай важнае, але гэта ўсё яшчэ другое пытанне. Першае пытанне — гэта гарантыі бяспекі».
У Генштабе УСУ заявілі, што ўсе атакі на Купянск напярэдадні былі адбітыя
Горад Купянск у Харкаўскай вобласці знаходзіцца пад кантролем украінскіх вайскоўцаў, усе атакі на гэтым кірунку паспяхова адбітыя, заявілі ў Генштабе УСУ.
«Расійскім захопнікам не ўдалося ўвайсці ў Купянск. Горад пад кантролем Узброеных Сіл Украіны», — заявіў спікер Генштаба УСУ Андрэй Кавалёў у каментары «Укрінфарму».
Паводле яго слоў, у сераду днём расіяне распачалі спробу прарваць абарону на Купянскім кірунку і атакавалі пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў чатырма хвалямі, задзейнічаўшы каля 15 адзінак тэхнікі. Украінскія падраздзяленні спынілі прасоўванне і знішчылі ўсю бранятэхніку і значную частку жывой сілы надыходзячых, заявіў Кавалёў.
Напярэдадні ўвечары ўкраінскі аналітычны праект DeepState паведаміў, што нешматлікія расійскія вайскоўцы на бранятэхніцы зайшлі на ўскраіны Купянска.
Праект адзначаў, што ўкраінскія вайскоўцы падбілі адзін браніраваны цягач МТ-ЛБ, а яшчэ адна такая ж машына змагла «бесперашкодна даехаць у раён вуліцы Сватоўская», дзе з яе выйшлі каля 15 расійскіх вайскоўцаў, якія разышліся ў жылых дамах. На той жа вуліцы, паводле звестак DeepState, УСУ падбілі расійскі танк і знішчылі частку дэсанту.
Генеральны сакратар NATO: толькі Украіна можа вырашаць, калі пачынаць перамовы з Расіяй
«Толькі ўрад Украіны можа вырашаць, ці пачынаць перамовы з Расіяй і як завяршыць гэтую вайну. Але яны павінны рабіць гэта з пазіцыі сілы», — заявіў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ падчас супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Латвіі Эдгарам Рынкевічам.
«Менавіта таму нам неабходна працягваць дастаўляць ва Украіну абаронную дапамогу, каб дазволіць ім быць у пазіцыі сілы, калі яны будуць прымаць такое рашэнне», — дадаў Рутэ.
Генеральны сакратар NATO таксама пракаментаваў перспектывы далучэння Украіны да альянсу. «Гэта незваротны шлях да сяброўства ў NATO для Украіны. Мы будуем «мост» з выдзяленнем 40 мільярдаў еўра, са стварэннем камандавання ў Вісбадэне, з усімі пагадненнямі, якія саюзнікі заключылі з Украінай на двухбаковым узроўні. Гэта ўсё ўклад у будучыню Украіны ў NATO», — сказаў ён.
NYT: Украіна рыхтуецца да мірных перамоваў: на першае месца ставяцца гарантыі бяспекі, а не вяртанне тэрыторый
Украіна напярэдадні магчымых мірных перамоваў ставіць на першае месца пытанне гарантый бяспекі, піша The New York Times са спасылкай на двух высокапастаўленых украінскіх чыноўнікаў.
Суразмоўцы NYT тлумачаць, што пазіцыя Украіны на магчымых перамовах будзе абапірацца не на тэрытарыяльныя межы, якія, хутчэй за ўсё, зменяцца ў ходзе баявых дзеянняў, а на тое, якія гарантыі ёй дадуць для захавання рэжыму спынення агню.
«Тэрытарыяльнае пытанне надзвычай важнае, але гэта ўсё яшчэ другое пытанне. Першае пытанне — гэта гарантыі бяспекі», — сказала адна з крыніц NYT.
Па словах кіраўніка камітэта па абароне і выведцы Вярхоўнай Рады Украіны Рамана Кастэнкі, перамовы «павінны грунтавацца на гарантыях». «Для Украіны няма нічога больш важнага», — сказаў ён. Кастэнка дадаў, што Кіеў пры гэтым афіцыйна не адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на якую-небудзь тэрыторыю, якая знаходзіцца пад расійскай акупацыяй.
Таксама Кіеву важна, каб лінія замаразкі канфлікту не замінала эканамічнаму аднаўленню краіны — напрыклад, пакінула прамысловыя раёны бяспечнымі для інвестыцый. Яшчэ адным ключавым фактарам суразмоўца NYT называе шырыню буфернай зоны паміж двума войскамі.
NYT адзначае, што раней украінскія чыноўнікі цягам доўгага часу заяўлялі, што не саступяць акупаваную Расіяй тэрыторыю ні пры якім варыянце мірнага ўрэгулявання. Але пасля абрання прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа, які прасоўвае паскораны графік перамоваў, Кіеў пачаў надаваць гарантыям бяспекі як мінімум такое ж значэнне, як і таму, дзе пройдзе лінія спынення агню, робіць выснову выданне.
У пачатку кастрычніка Financial Times пісала, што заходнія дыпламаты і ўсё больш чыноўнікаў ва Украіне прыходзяць да меркавання, што кампрамісам можа стаць схема «тэрыторыі ў абмен на сяброўства ў NATO». Пры гэтым гарантыі бяспекі, як адзначае NYT, становяцца самым складаным пытаннем у любым мірным пагадненні. Выданне нагадвае, што на перамовах у 2022 годзе адной з галоўных супярэчнасцяў стаў пункт, які прадугледжвае абавязацельства іншых краін стаць на абарону Украіны, калі яна зноў падвергнецца нападу.
На наступны дзень пасля перамогі Дональда Трампа на выбарах The Wall Street Journal паведаміла, што яго каманда падрыхтавала прапановы па завяршэнні вайны, у ліку якіх былі адмова Украіны ад планаў уступлення ў NATO як мінімум на 20 гадоў і замарозка лініі фронту са стварэннем дэмілітарызаванай зоны (аднак хто будзе яе кантраляваць — незразумела).
У Кангрэсе ЗША бачаць «шанец» зацвердзіць новую дапамогу Украіне да прыезду Трампа
Сенат ЗША бачыць «шанец» зацвердзіць дадатковае фінансаванне Украіны на 2025 год. Яны хочуць зрабіць гэта да таго, як Дональд Трамп вернецца ў Белы дом, піша РБК-Украіна са спасылкай на The Hill.
Сенатар Цім Кейн, які з'яўляецца членам сенацкага камітэта па міжнародных справах, заявіў, што ёсць шанец прыняць дадатковае фінансаванне Украіны да вяртання Трампа.
Кейн папярэдзіў, што зацверджаны Сенатам пакет, верагодна, сутыкнецца з сур'ёзнай перашкодай у Палаце прадстаўнікоў, дзе ўсё больш рэспубліканцаў выступае супраць большай дапамогі Украіне.
«Шанец, шанец… — я кажу пра шанец... У канцы года тут будзе барацьба за самыя розныя прыярытэты, і проста ведаючы цяперашні склад Сената — у Сената ёсць шанец, але Палата будзе жорсткай», — сказаў сенатар.
Кейн сказаў, што верагодны шлях павелічэння фінансавання будзе часткай законапраекта аб асігнаваннях. Аднак рэспубліканцы ў Сенаце наўрад ці павялічаць фінансаванне Украіны.
У той жа час сенатар Марка Рубіа, афіцыйна вылучаны на пасаду дзяржсакратара ў адміністрацыі Трампа, выказаў меркаванне, што фінансаванне Украіны не выклікае занепакоенасці.
«Давайце пачакаем, пакуль новая адміністрацыя ўступіць на пасаду, перш чым мы зможам даведацца... Мы ўсё яшчэ павінны фінансаваць урад у наступным месяцы», — сказаў Рубіа.
- Дадатковае фінансаванне для Украіны
Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван заявіў, што адміністрацыя цяперашняга прэзідэнта Джо Байдэна «дашле сігнал» Кангрэсу адносна дадатковых сродкаў Украіне на 2025 год на працягу наступных двух месяцаў. Байдэн хоча, каб фінансаванне было зацверджана да таго, як рэспубліканец Дональд Трамп уступіць на пасаду прэзідэнта ЗША.
Раней СМІ паведамлялі, што адміністрацыя Байдэна хоча накіраваць Украіне 6 мільярдаў долараў, прызначаных на ваенную дапамогу. Зрабіць гэта хочуць да 20 студзеня, калі Трамп вернецца ў Белы дом.
Паўднёвая Карэя дашле Украіне зброю?
Абранне Дональда Трампа наступным прэзідэнтам ЗША падахвочвае Паўднёвую Карэю перагледзець магчымасць адпраўкі зброі непасрэдна ва Украіну, піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
Агенцтва мяркуе, што Паўднёвая Карэя цяпер з меншай імавернасцю будзе адпраўляць боепрыпасы ва Украіну. Са слоў крыніц, Сеул вывучае, як падыход Трампа да вайны паўплывае на падтрымку Украіны ў іншых краінах.
Навіны вайны
Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што ў ноч на 14 лістапада 2024 года ўзброеныя сілы РФ атакавалі тэрыторыю Украіны 59 ударнымі беспілотнікамі тыпу «Шахед» і іншымі дронамі неўстаноўленага тыпу. Сілы СПА збілі 21 беспілотнік у Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай і Кіеўскай абласцях. Яшчэ 38 дронаў «лакацыйна страчаныя».
Прадстаўнік Генштаба УСУ Андрэй Кавалёў заявіў «Укрінфарму», што расійскія вайскоўцы, задзейнічаўшы блізу 15 адзінак тэхнікі, паспрабавалі прарваць абарону войскаў Украіны на Купянскім кірунку. З ягоных слоў, усе атакі расійскіх вайскоўцаў на гэтым кірунку «паспяхова адбітыя», расійскім захопнікам не ўдалося ўвайсці ў Купянск», а горад знаходзіцца пад кантролем УСУ.