969-ты дзень вайны. Расійцы зноў атакавалі Кіеў і Адэсу

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскій вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыма Лукашэнкі.

Выява Генеральнага штаба УСУ

Выява Генеральнага штаба УСУ

За мінулыя суткі на фронце адбылося 202 баявых сутыкненняў, паведамляе Генеральны штаб УСУ. Расійцы нанеслі па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах два ракетныя ўдары, ужыўшы тры ракеты, а таксама нанеслі 64 авіяцыйныя ўдары, у прыватнасці, скінулі 91 кіраваную авіябомбу. Акрамя гэтага, здзейснілі больш за тры з паловай тысячы абстрэлаў, з іх 78 — з рэактыўных сістэм залпавага агню, і задзейнічалі для паражэнняў больш за 1400 дронаў-камікадзэ.

Тры ўдары па раёнах засяроджвання асабістага складу РФ нанеслі за мінулыя суткі авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя Сіл абароны Украіны, да таго ж паражаныя тры гарматы на агнявых пазіцыях і яшчэ адзін важны аб'ект.

На Харкаўскім кірунку расійцы чатыры разы праводзілі наступальныя дзеянні ў раёне Ваўчанска.

Колькасць баявых сутыкненняў за суткі на Купянскім напрамку дасягнула 23.

На Ліманскім напрамку УСУ спынілі 14 нападаў.

Тры спробы захопнікаў рушыць наперад былі каля Ччасовага Яра, Прадцечына і Ступачак на Краматорскім кірунку. Сітуацыя там кантралюемая.

Пры падтрымцы бамбардзіровачнай авіяцыі расійцы сем разоў атакавалі ў раёнах Тарэцка і Дзялееўкі на Тарэцкім кірунку.

Трыццаць пяць нападаў за мінулыя суткі адбіта на Пакроўскім кірунку, дзе акупанты спрабавалі прасунуцца непадалёк Раманаўкі, Селідава, Луча і Міхайлаўкі.

Сілы абароны працягваюць стрымліваць акупантаў на Курахоўскім кірунку. Там расійцы 55 разоў спрабавалі прарваць украінскія абарончыя рубяжы.

Дзесяць нападаў адбіта УСУ на Урэменскім напрамку.

На Арэхаўскім напрамку акупацыйныя войскі адзін раз штурмавалі пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў.

Шэсць марных спробаў захапіць пазіцыі УСУ было на Прыдняпроўскім кірунку.

«Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне аперацыі на Курскім кірунку, дзе праціўнік за мінулыя суткі нанёс 36 авіяўдараў, ужыўшы 54 кіраваныя авіябомбы; да таго ж расійцы здзейснілі больш за 200 абстрэлаў», — гаворыццаў паведамленні Генштаба.


Глядзіце таксама

Расійскія акупанты ў ноч на суботу, 19 кастрычніка, нанеслі ракетны ўдар па Адэсе і патрапілі ў прыватны сектар, дзе знаходзіцца шмат жылых дамоў. Пашкоджаныя больш за 10 прыватных дамоў, паведаміў кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер. Паводле папярэдніх звестак, абышлося без пацярпелых.

«У выніку атакі адбылося ўзгаранне трохпавярховага будынка і двух легкавых аўтамабіляў побач», — адзначыў чыноўнік.

Кіпер дадаў, што ўзгаранне аператыўна ліквідавалі пажарныя: «Праваахоўнікі фіксуюць наступствы чарговага злачынства РФ супраць грамадзянскага насельніцтва Адэскай вобласці».

Паведамляецца, што ратавальнікі аператыўна ліквідавалі наступствы атакі, патушыўшы буйны пажар у жылым доме. Работы па ліквідацыі ўзгарання ўскладняліся з-за паўторнага сігналу паветранай трывогі.


Глядзіце таксама

Расійцы ў ноч на суботу таксама атакавалі Кіеў ударнымі дронамі, ёсць пацярпелая. Сілы абароны Украіны абясшкодзілі ўсе БПЛА, якія пагражалі гораду.

Акупанты не змянілі тактыку — дроны заходзілі на сталіцу з розных напрамкаў, паведаміла Кіеўская гарадская ваенная адміністрацыя. Паводле яе звестак, паветраная трывога, абвешчаная праз пагрозу беспілотнікаў, працягвалася больш за 3,5 гадзіны.

У выніку начнога ўдару дронамі ёсць пацярпелая: «У Дняпроўскім раёне пашкоджаны фасад дома, маладая жанчына атрымала сур'ёзнае раненне ніжняй канечнасці. У Дарніцкім раёне абломкамі пашкоджаныя прыпаркаваныя аўто. Без пацярпелых».


Глядзіце таксама

На Угледарскім кірунку расійскія акупанты спрабуюць пастаянна мяняць і камбінаваць класічную схему нападаў «тэхніка — мясныя штурмы». Яны ўдасканальваюць тактыку штурмаў матацыклетнымі і малымі пяхотнымі групамі, якія больш небяспечныя мабільнасцю, падрыхтаванасцю, абазнанасцю ў мясцовасці і выразным прытрымліваннем інструкцый.

У эфіры тэлемарафона маёр, намеснік камандзіра батальёна Дзяніс Рэгацюк распавёў, што страта Угледара не стварыла моцнай праблемнай сітуацыі для іх ўчастка, паколькі гэта больш тычыцца падраздзяленняў справа, дзе расійцы ціснуць фронт.

«Асноўная мэта па стане на сёння ў ворага — гэта Курахава, якое абыходзяць з розных бакоў, дзе могуць. там і ціснуць. У цэлым, я так разумею, што пасля Угледара яны будуць ісці далей, далей ламаць флангі ў бок Запарожскай вобласці. Вялікая рызыка для Вялікай Навасёлкі. Для гэта таксама стварае вялікія праблемы. Але пакуль стаім, сумежныя падраздзяленні таксама стаяць. Таму пакуль моцных рызык для акружэння няма», — акцэнтаваў ён.

Вайсковец распавёў, што паблізу Вугледара расійцы штодня спрабуюць удасканальваць сваю тактыку і ўвесь час яе мяняюць. Рэгацюк адзначыў: «Тое што мы бачым пастаянна: «мясныя» штурмы вялікімі групоўкамі і тэхнікай —для нас гэта не навіна. Але праціўнік гэтак жа камбінуе сваю тактыку. Пачынае свае штурмы з дапамогай дронаў, FPV, праводзіць разведку. Пастаянную небяспеку нясуць так званыя «матацыклісты», якія прарываюць нашу паласу фронту, закопваюцца. Потым паўдня, а часам 3-4 дні, мы спрабуем выбіць і знішчыць праціўніка. Гэтак жа вялікую небяспеку ствараюць малыя групы праціўніка».

З вялікай групоўкай расійцаў менш складанасцяў для знішчэння, чым з малымі пяхотнымі групамі. «Малыя групы — гэта вельмі небяспечна ад таго, што яны добра праінструктаваныя, падрыхтаваныя, абазнаныя ў мясцовасці. Яны ведаюць выразна сваю задачу, прасочваюцца, штурмуюць і гэта вельмі вялікая небяспека. Калі ідзе вялікая колькасць пяхоты, то яны спяшаюцца, яны дэзарганізаваныя — не ведаюць куды бегчы, іх трошкі лягчэй знішчаць. А калі група ідзе падрыхтаваная, то з ёй цяжэй», — растлумачыў ён.

Таксама расійцы працягваюць актыўна ўжываць тактыку «матацыклістаў», выкарыстоўваючы Матацыклы, багі і квадрацыклы для падвозу сваіх груп на штурмы для вядзення баёў у траншэях.

«Хутка падвозяць групу, закідваюць у траншэі і пачынаецца ўжо стралковы бой у самой траншэі. Іх цяжэй знішчыць артылерыяй, таму што вялікая мабільнасць і хуткасць гэтых матацыклістаў. З дапамогай FPV іх таксама складана злавіць. Гэтак жа яны выкарыстоўваюць іх для падвозу боепрыпасаў і ежы на свае пазіцыі. Вельмі інтэнсіўна і ў вялікіх колькасцях», — падкрэсліў Рэгацюк.

Ён дадаў, што ўкраінскія абаронцы адпрацавалі метады барацьбы і на пазіцыях ўдала адпрацоўваюць па хуткасных расійскіх цэлях стралковай зброяй, «напавал забіваючы адразу па два «матацыклісты».

Паводл слоў вайскоўца, ужо каля паўгода на іх участку на Вугледарскім кірунку супраць іх нязменна стаіць тое ж падраздзяленне войскаў РФ — 57-я асобная мотастралковая брыгада, якую для падтрымання тэмпу наступу расійцы пастаянна папаўняюць асабістым складам і тэхнікай. Рэгацюк адзначыў: «У нас увесь час ідуць звесткі ад выведкі, што прыбывае новы асабісты склад. Папаўненне адбываецца пастаянна асабовым складам і тэхнікай для таго, каб яны працягвалі тэмп наступу. Але ў іх пакуль нічога не атрымліваецца з таго, што іх вышэйшае кіраўніцтва ставіць ім за мэту».


Глядзіце таксама

Украіна вярнула з расійскага палону 95 вайскоўцаў. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«95 нашых людзей зноў дома. Воіны, якія абаранялі Марыупаль і «Азовсталь», Данецкую, Луганскую, Харкаўскую, Кіеўскую, Чарнігаўскую, Херсонскую вобласці. Кожны раз, калі Украіна ратуе сваіх людзей з расійскага палону, мы набліжаем дзень, калі свабода будзе вернутая ўсім, хто знаходзіцца ў расійскай няволі», — напісаў ён.

Прэзідэнт падзякаваў камандзе, якая займаецца пошукам і вызваленнем палонных: «Робім усё, каб выцягнуць усіх нашых, каго ўтрымлівае Расія. Падзяка воінам, якія папаўняюць абменны фонд, і ўсім партнёрам, якія дапамагаюць».

Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі паведаміў, што правёў 58-мы абмен ваеннапалоннымі. Там дадалі: «Асаблівасць гэтага абмену ў тым, што дадому вяртаецца нямала ўкраінцаў, якія атрымалі так званыя «прысуды» судовай сістэмы краіны-агрэсара і былі «асуджаныя»: 28 да доўгіх тэрмінаў, а 20 — да пажыццёвага зняволення за абарону ўласнай зямлі ад агрэсара».

Там адзначылі, што сярод вызваленых з палону нацгвардзейцы, ваенныя маракі, воіны УСУ, пагранічнікі і прадстаўнікі іншых падраздзяленняў сіл бяспекі і абароны. Сярод вызваленых 69 салдат і сяржантаў і 26 афіцэраў.

«Многія з нашых вызваленых хлопцаў маюць сур'ёзныя захворванні і наступствы цяжкіх раненняў, а таксама вялікую страту вагі з-за катаванняў і недастатковага харчавання. Гэта 58-мы па ліку абмен, арганізаваны каардынацыйным штабам. У выніку нашай працы з варожай няволі вызвалена ўжо 3767 чалавек», — дадалі ў штабе.

Таксама стала вядома, што Украіне ўдалося вярнуць з расійскага палону праваабаронцу, сузаснавальніка цэнтра правоў чалавека ZMINA Максіма Буткевіча. Бацька мужчыны Аляксандр Буткевіч адзначыў, што яму тэлефанавалі з Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі і паведамілі, што яго сына вярнулі падчас абмену ваеннапалоннымі. Цяпер Буткевіч знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Праваабаронца вядомы тым, што пасля падзей 2020 года дапамагаў ва Украіне беларускім вымушаным эмігрантам.