953-ы дзень вайны ва Украіне: Зяленскі назваў адступленне з Вуглядара «вельмі правільным»
УСУ афіцыйна пацвердзілі выхад з Вуглядара з-за пагрозы акружэння горада. Зяленскі патлумачыў, чаму так адбылося. Ён заявіў, што калі Расія «разбурае пазіцыі нашых байцоў, ім трэба захаваць свае жыцці, таму што яны значна важнейшыя за любыя забудовы».
Расія захапіла Вуглядар, за які змагаліся 2 гады
Расійскія войскі ўзялі пад кантроль горад Вуглядар на поўдні Данецкай вобласці. Баі за гэтую «крэпасць» ішлі два гады.
3 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы зрабілі «абсалютна правільна», адышоўшы з горада. Паводле яго слоў, гэта звязана з тым, што РФ фактычна знішчыла ўкраінскія абарончыя пазіцыі ў Вуглядары.
«Калі яна (Расія. — Рэд.) знішчае пазіцыі нашых байцоў, яны павінны захоўваць свае жыцці, таму што яны нашмат важней любых будынкаў. Таму што гэта нашы людзі, гэта грамадзяне Украіны, і таму гэта вельмі правільна, што яны сыходзяць і могуць выратавацца дзеля дзяржавы і дзеля сваёй гераічнай службы», — сказаў Зяленскі.
Каб спыніць расійскую армію, Украіне патрэбна заходняя дальнабойная зброя і дазвол на яе выкарыстанне на расійскай тэрыторыі, дадаў прэзідэнт Украіны.
«Дайце дазвол, забяспечце адпаведныя сістэмы. Ці можна без гэтага спыніць Расію? Сёння гэта адзін са сродкаў умацавання Украіны, рэальны сродак».
Удзень 3 кастрычніка Міністэрства абароны Расіі публічна заявіла, што ўзяло пад свой кантроль горад Вуглядар.
У канцы верасня з’явіліся фота- і відэапацьверджанні таго, што расійскае войска ўвайшло ў жылую забудову гораду спачатку з паўднёва-ўсходняга, а потым з заходняга боку. Пазней стала вядома, што рускія прасунуліся ў цэнтральную і паўночную частку Вуглядара.
Напярэдадні пракрамлёўскія вайсковыя блогеры апублікавалі некалькі відэаролікаў, на якіх бачныя расійскія вайскоўцы са сцягамі на дахах розных будынкаў у горадзе.
2 кастрычніка ўкраінскае камандаванне пацвердзіла, што вывела з Вуглядара гарнізон Узброеных сіл, каб не трапіць у акружэнне.
«Вышэйшае камандаванне дало дазвол на правядзенне манеўру па адводу падраздзяленняў з Вуглядара з мэтай захавання асабістага складу і баявой тэхнікі, заняцця пазіцый для вядзення далейшых дзеянняў», — гаворыцца ў паведамленні Хорціцкай групоўкі.
Адзначаецца, што расійскія войскі падчас баёў за горад панеслі «шматлікія страты», але змаглі «накіраваць рэзервы для нанясення флангавых удараў, што знясіліла абарону падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны». Узнікла пагроза акружэння горада, падкрэслілі ў прэс-службе ўкраінскага войска.
Увесь перыяд абароны горад утрымлівалі 72-я асобная механізаваная брыгада Узброеных сіл Украіны.
Заходнія аналітыкі з амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) адзначаюць: «Захоп Вуглядара Расіяй наўрад ці кардынальна зменіць ход наступальных дзеянняў на захадзе Данецкай вобласці, галоўным чынам таму, што Вуглядар не з’яўляецца асабліва важным матэрыяльна-тэхнічным вузлом і таму, што расійскія войскі кантралявалі большасць асноўных дарог, якія вядуць да Вуглядара, яшчэ да 1 кастрычніка», — гаворыцца ў справаздачы арганізацыі.
Аднак небяспека палягае ў тым, куды далей пойдуць расійскія войскі пасля заняцця Вуглядара. Відавочны вектар руху — на поўнач да Курахава. Да гэтага стратэгічна важнага горада каля 20 км, але рухацца трэба па адкрытай мясцовасці, дзе абсталяваны рубяжы абароны.
Прасоўванне расійскай бронетэхнікі, асабліва позняй восенню і зімой, можа быць цяжкім.
Першая лінія абароны праходзіць тут, на мяжы сёл Новаўкраінка і Багаяўленка. Расійская армія ўжо спрабуе рухацца ў гэтым кірунку і атакуе гэтыя населеныя пункты з паветра.
Навіны вайны
- Марк Рутэ — у Кіеве
Новы генеральны сакратар NATO Марк Рутэ прыбыў з неанансаваным візітам у Кіеў, паведаміла прэс-служба Альянсу. Гэта першы афіцыйны візіт Рутэ ва Украіну пасля таго, як ён заняў пасаду генеральнага сакратара. Кіраўнік альянсу ўжо сустрэўся з Зяленскім.
- Мінабароны Украіны паведаміла, што ўкраінскі легіён пачаў набор добраахвотнікаў — грамадзян Украіны ў польскім Любліне.
Першы рэкрутынгавы цэнтр адкрыўся на базе ўкраінскага консульства ў Любліне, на месцы дзейнічае ваенна-ўрачэбная камісія. Падрыхтоўка добраахвотнікаў праходзіць на палігоне, прадастаўленым польскім бокам. Пры гэтым Украіна забяспечвае форму і тылавое забеспячэнне, Польшча — узбраенне і тэхніку. Навучанне на палігоне доўжыцца 35 дзён, а далейшае павышэнне кваліфікацыі адбываецца на базах NATO ў Еўропе.
- Украіна адправіла ў Курскую вобласць свае найлепшыя танкі, піша Forbes
Так, паводле інфармацыі выдання, у гэтым расійскім рэгіёне былі заўважаныя шведскія Stridsvagn 122 і нямецкія Leopard 2A6. Журналісты адзначаюць, што гэта кажа пра важнасць дадзенага кірунку для ўкраінскага камандавання. У той жа час Forbes канстатуе, што прарыў мяжы ў Курскай вобласці быў рызыкоўным крокам з боку Украіны, паколькі туды былі накіраваныя «апошнія добра абсталяваныя падраздзяленні», праз што падраздзяленні на ўсходзе і поўдні Украіны былі пазбаўленыя неабходнага падмацавання.
- Сілы абароны Украіны з дапамогай балістычных ракет ATACAMS знішчылі расійскую радыёлакацыйную станцыю Неба-М
Пра гэта паведаміў Генштаб УСУ. Знішчэнне гэтай РЛС істотна зніжае здольнасць арміі РФ выяўляць, адсочваць і перахопліваць аэрадынамічныя і балістычныя мэты, дадалі ў ведамстве. Таксама там распавялі, што РЛС Неба-М — вельмі складаны аб'ект для паразы, які працуе ў стэлс-рэжыме, скануючы гарызонт у пошуках паветраных аб'ектаў. Па наяўнай інфармацыі, у РФ засталося ўсяго дзесяць працуючых сістэм гэтага тыпу, кошт кожнай ацэньваецца больш чым у 100 млн долараў. Таксама знішчэнне РЛС »створыць спрыяльны паветраны калідор для эфектыўнага выкарыстання крылатых ракет Storm Shadow і SCALP-EG», адзначылі ў Генштабе.
- Супрацьпаветраная абарона Украіны ўначы знішчыла 78 з 105 ударных БПЛА тыпу Shahed
Пра гэта паведамілі ў паветраных сілах УСУ. Адзін беспілотнік паляцеў у напрамку Беларусі, яшчэ 23 дроны лакацыйна страчаныя ў розных рэгіёнах Украіны. Сілы СПА працавалі ў Кіеўскай, Чаркаскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай, Херсонскай, Адэскай, Харкаўскай, Сумскай, Днепрапятроўскай, Ровенскай і Івана-Франкоўскай абласцях.
- Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 3 кастрычніка
Асабовага складу — каля 656 710 (+1150 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 8893 (+6), баявых браніраваных машын — 17 596 (+17), артылерыйскіх сістэм — 18 906 (+37), РСЗА — 1204 (+0), сродкаў СПА — 964 (+1), самалётаў — 368 (+0), верталётаў — 328 (+0), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню-16 393 (+43), крылатых ракет-2613 (+0), караблёў / катэраў — 28 (+0), Падводныя лодкі — 1 (+0), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 25 750 (+58), спецыяльнай тэхнікі —3330 (+12).