679-ты дзень вайны. Расія разбамбіла школу ў Харкаве
Баі на франтах ва Украіне сцішыліся на фоне значнага ўзмацнення паветраных удараў. Расіяне б’юць па цывільнай інфраструктуры, але невядома, як гэта дапаможа ім на фронце. Тым часам Пуцін заяўляе, што ва Украіне ён ваюе не з Украінай, а з Захадам. Што азначае — ён не разглядае сур’ёзна свае ж прапановы аб мірных перамовах.
Расійскія акупацыйныя войскі абстралялі Харкаў увечары 2 студзеня. Ракета трапіла ў будынак школы ў Аснавянскім раёне. Частка двухпавярховага будынка абрынулася. На месцы выбуху ўтварылася варонка дыяметрам каля дзесяці метраў, яна напоўнена вадой. Ратавальнікі мяркуюць, што ракетны ўдар пашкодзіў падземны вадаправод.
Таксама мэр горада Ігар Церахаў паведамляў пра «прылёт» побач з жылым домам. Кіраўнік Харкаўскай АВА адзначаў, што, па папярэдніх даных, акупанты ўдарылі па Харкаве ракетамі С-300.
* * *
У часова акупаваным расійцамі Севастопалі ў Крыме прагрымелі магутныя выбухі ўвечары 2 студзеня. Адзначаецца, што пасля двух магутных выбухаў у небе над Севастопалем з'явіліся два вялікія слупы дыму. Мясцовыя Telegram-каналы пісалі, што, верагодна, мог быць «прылёт» па вайсковым аэрадроме Бяльбек.
Акупацыйны губернатар Севастопаля Разважаеў заявіў, што, паводле папярэдняй інфармацыі, над морам нібыта была збіта ракета. Паводле яго, пашкоджанні інфраструктуры не зафіксаваны.
* * *
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак правёў тэлефонную размову з дарадцам прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джэйкам Саліванам. Падчас перамоў лідары абмеркавалі наступствы нядаўніх масіраваных абстрэлаў тэрыторыі Украіны з боку РФ з выкарыстаннем розных тыпаў ракетнага ўзбраення і дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед». Бакі дамовіліся аб узмацненні ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW), аналізуючы расійскія паветраныя атакі, адзначае, што для Украіны крытычна важнымі застаюцца пастаўкі краінамі Захаду сістэм супрацьпаветранай абароны і ракет. Расійскія вайскоўцы будуць спрабаваць прыстасавацца да магчымасцей украінскай сістэмы СПА, каб навучыцца яе абыходзіць і наносіць максімальныя разбурэнні і ахвяры.
У справаздачы адзначаецца, што падчас абстрэлаў 1-2 студзеня ўкраінскія вайскоўцы збілі больш беспілотнікаў «Шахед» у параўнанні з маштабнай атакай 29 снежня, а таксама шмат ракет тыпу «Кінжал». Аналітыкі Інстытута мяркуюць, што сілы СПА, імаверна, адаптаваліся да ўдарнага комплексу, які расійскія сілы ўжылі 29 снежня. Гэта стала магчымым пасля месяцаў эксперыментаў агрэсара і выпрабаванняў украінскай супрацьпаветранай абароны з ужываннем розных сістэм узбраенняў, маршрутаў нанясення ўдараў і тактык паслаблення супрацьпаветранай абароны.
У ISW адзначаюць, што расійскія ўдары па Украіне з'яўляюцца часткай тактычнага і тэхналагічнага спаборніцтва паміж наступам і абаронай, у якім абодва бакі пастаянна эксперыментуюць і прыстасоўваюцца адзін да аднаго, асабліва ў сферы далёкіх удараў і супрацьпаветранай абароны.
«Дапамога Захаду Украіне застаецца крытычна важнай, паколькі расійскія войскі, верагодна, будуць працягваць эксперыментаваць і ўкараняць новыя спосабы абыходу ўкраінскай супрацьпаветранай абароны», — адзначае Інстытут вывучэння вайны.
* * *
Ва Украіне на фронце на працягу сутак адбылося 57 баявых сутыкненняў. Сілы абароны працягваюць пашыраць плацдарм на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 студзеня.
На бахмуцкім кірунку УСУ адбілі 6 нападаў праціўніка, на аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. Сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 8 нападаў праціўніка паблізу Новабахмутаўкі, Бердычава, Аўдзееўкі і яшчэ 16 нападаў у раёнах Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці. «На паўднёвым усходзе ад Новабахмутаўкі УСУ палепшылі тактычнае становішча», — паведамляецца ў зводцы.
* * *
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ўкраінскія войскі працягваюць весці зацятыя баі з акупантамі на некалькіх кірунках. УСУ працягваюць утрымліваць плацдарм на левым беразе Херсонскай вобласці і адбіваюць атакі расійцаў у раёне Крынак.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 1 і 2 студзеня, сведчаць, што расійскія войскі прасунуліся на паўночную і ўсходнюю ўскраіны Багданаўкі (на паўночны захад ад Бахмута).
Дадатковыя геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 31 снежня, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на поўнач ад Курдзюмаўкі (на паўднёвы захад ад Бахмута).
Расійскія крыніцы абвінавацілі ўкраінскія войскі ў нанясенні ўдару па гатэлі «Данбас Палас» у акупаваным Данецку 1 студзеня. Як паведамляецца, там загінулі расійскія вайсковыя блогеры.
Украінскія войскі, верагодна, нанеслі ўдар па раёне засяроджвання Добраахвотніцкага атрада БАРС-16 «Кубань» (рэзервовай баявой арміі РФ) у акупаваным Лісічанску Луганскай вобласці.
* * *
АналітыкіІнстытута вывучэння вайны (ISW) прааналізавалі заявы расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна аб тым, што Захад з'яўляецца «ворагам Расіі», а РФ «вядзе ва Украіне экзістэнцыяльную вайну супраць Захаду».
Пуцін заявіў, што «Украіна сама па сабе не з'яўляецца ворагам», але заходнія гульцы, «якія хочуць знішчыць расійскую дзяржаўнасць» і дасягнуць «стратэгічнага паражэння Расіі на полі бою», з'яўляюцца ворагамі Расіі.
Пуцін заявіў, што заходнія эліты спрабуюць разбіць Расію на пяць частак і спрабуюць зрабіць гэта, выкарыстоўваючы Украіну, але сітуацыя на франтах мяняецца, і Расія «разбярэцца (з Захадам — Рэд.) хутчэй», чым Захад зможа расправіцца з Расіяй на палях баёў ва Украіне.
Аналітыкі адзначаюць: гэтая фармулёўка азначае, што Пуцін бачыць канфлікт і патэнцыйныя перамовы паміж Расіяй і Захадам, а не канфлікт і патэнцыйныя перамовы паміж Расіяй і Украінай.
Тое, што Пуцін прадстаўляе сваю вайну ва Украіне як барацьбу Расіі супраць Захаду, а не Украіны, паказвае, што ён не мае намеру весці добрасумленныя перамовы з Украінай і ставіць інфармацыйныя ўмовы, накіраваныя на тое, каб пераканаць Захад здрадзіць Украіне шляхам перамоў.
«Заява Пуціна ад 1 студзеня аб перамовах тычыцца яго намеру весці перамовы выключна з Захадам пра будучыню Украіны ў расійскай сферы ўплыву і толькі аб адмове Захаду ад Украіны», — гаворыцца ў справаздачы.
Любая прыхільнасць Захаду да перамоў пра будучыню Украіны ў абыход Украіны будзе сігналам для Расіі, што яна можа навязваць сваю волю краінам, якія, на яе думку, знаходзяцца ў сферы яе ўплыву, патэнцыйна ўключаючы Фінляндыю і Малдову, у якіх расійскія дзеячы пачалі ствараць інфармацыйныя ўмовы для будучых кампаній, адзначаюць у ISW.