641-шы дзень вайны Расіі з Украінай: Украіна атрымае баявыя караблі

Адэская вобласць будзе абароненая дадатковымі еўрапейскісмі сістэмамі СПА, а Украіна атрымае баявыя караблі, каб суправаджаць транспарт з зернем у Чорным моры.

Фота з сацсетак Генштаба УСУ

Фота з сацсетак Генштаба УСУ

Зяленскі: Украіна атрымае баявыя караблі

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі анансаваў атрыманне Украінай баявых караблёў ад заходніх саюзнікаў. Са слоў прэзідэнта Украіны, гэта дазволіць украінскім вайскоўцам канваяваць караблі, якія рухаюцца «збожжавым калідорам» у Чорным моры. 

«Мы дамовіліся з партнёрамі і будзем суправаджаць караблі ў моры, каб забяспечыць іх бяспеку. У нас ужо ёсць канкрэтныя дамоўленасці аб атрыманні караблёў. Гэта пытанне блізкай будучыні», — сказаў ён. 

Акрамя гэтага, Адэская вобласць будзе абароненая дадатковымі «вельмі магутнымі» сістэмамі СПА, дадаў Зяленскі.

Зяленскі таксама паведаміў па выніках праведзенага ў Кіеве Другога міжнароднага саміту Grain from Ukraine, што дзеянне гуманітарнай ініцыятывы «Збожжа з Украіны» працягнутае, на яе мэты акумулявана ўжо больш за 100 млн долараў.

Беспілотнікі атакавалі РФ

Мінабароны РФ заявіла, што расійскія сродкі СПА ўначы нібыта збілі 11 «украінскіх беспілотнікаў» у Цэнтральнай федэральнай акрузе, а раніцай былі знішчаныя яшчэ дзевяць дронаў. Мэр Масквы Сяргей Сабянін сцвярджае, што частка збітых БПЛА ляцела на сталіцу. У Маскоўскай вобласці ў трох выпадках ёсць пашкоджанні будынкаў на зямлі, але загінулых і пацярпелых няма. Маскоўскія аэрапорты Унукава і Дамадзедава прыпынялі працу.

Мінабароны Расіі заявіла, што УСУ нібыта спрабавалі атакаваць пераабсталяванымі для паразы наземных цэляў зенітнымі ракетамі С-200. Сродкамі СПА дзве такія ракеты былі выяўленыя і нібыта знішчаныя ў паветры над акваторыяй Азоўскага мора.

Мінабароны РФ сцвярджае, што раніцай сродкамі СПА нібыта знішчаныя яшчэ чатыры «ўкраінскія беспілотнікі» — над Бранскай, Смаленскай і Тульскай абласцямі. Тым часам расійскія паблікі пішуць, што, па адной з версій, УСУ атакавалі Тулу дронамі, зробленымі па тыпу «лятаючага крыла», з-за чаго яны падобныя на «шахеды». Спецыялісты ў гэты момант высвятляюць, што гэта за апарат. Пакуль вядома, што ён не мае нічога агульнага з UJ-22 і «Бабрамі».

Кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін заявіў, што ўначы Украіна нанесла ўдар па энергасістэме, частка тэрыторыі «рэспублікі» абясточаная. Аб блэкаўце паведамлялі ў Данецку, Макееўцы, Марыупалі, Старабешаўскім раёне.

Калужскі губернатар паведаміў, што ўначы «ўкраінскія беспілотнікі» былі збітыя ў Дзяржынскім і Жукоўскім раёнах, папярэдне, пацярпелых і разбурэння інфраструктуры няма. У Тульскай вобласці збітыя два беспілотнікі, адзін з іх, нібыта, страціў кіраванне і ўрэзаўся ў шматкватэрны жылы дом у Туле, заявіў губернатар вобласці. У Бранскай вобласці збітыя чатыры БПЛА, папярэдне, пацярпелых і разбурэнняў няма, паведаміў кіраўнік рэгіёна.

Глядзіце таксама

Навіны вайны 

  • У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі — у Васкрасенцы. Яшчэ адзін чалавек у вобласці атрымаў раненне, паведаміла АВА.
  • Ноччу супрацьпаветраная абарона Украіны знішчыла восем з дзевяці ўдарных БПЛА тыпу Shahed, якімі Расія атакавала з паўднёва-ўсходняга кірунку (Прыморска-Ахтарск), паведаміла камандаванне паветраных сіл.
  • Расіяне абстралялі з мінамётаў вёску ў памежнай Сямёнаўскай абшчыне Чарнігаўскай вобласці, адзін чалавек паранены, паведаміла ўкраінская Нацпаліцыя.

Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 26 лістапада: асабовага складу — каля 324 830 (+1070 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 5513 (+11), баявых браніраваных машын — 10 279 (+16), артылерыйскіх сістэм — 7874 (+23), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню-5901 (+93).

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

За мінулыя суткі на фронце адбылося 58 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, Сілы абароны Украіны адбілі 23 атакі на Аўдзееўскім кірунку: у раёнах Стэпавага, Аўдзееўкі, Першамайскага і на поўдзень ад Новакалінава Данецкай вобласці.

На Купянскім кірунку УСУ адбілі атакі арміі РФ каля Сінькоўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці; на Бахмуцкім — паблізу Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці; на Мар'інскім — у раёнах Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці; на Шахцёрскім — на поўдзень ад Залатой Нівы і на ўсход ад Старамаёрскага Данецкай вобласці; на Запарожскім — паблізу Рабоціна Запарожскай вобласці. На Ліманскім кірунку ФР наступальных дзеянняў не вяла.

У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць наступ на Мелітопальскім кірунку і штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, а на Херсонскім кірунку ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра.

Глядзіце таксама

Замежныя навіны

  • Зяленскі паведаміў, што падчас сустрэчы з прэзідэнтам Швейцарыі Аленам Берсам абмеркавалі пытанні гуманітарнага размініравання, выкарыстання замарожаных даходаў з актываў РФ, формулу міру, аднаўленне інфраструктурных аб'ектаў.
  • Швейцарыя выдасць 100 млн франкаў (прыкладна 103 млн еўра) на гуманітарнае размініраванне ва Украіне, паведаміў прэзідэнт краіны Ален Берсе.
  • Група «буйных краін» Еўрасаюза дамагаецца змякчэння 12-га пакета санкцый супраць РФ, піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы. Самі краіны агенцтва не называе. Вядома, што гаворка ідзе пра абмежаванні, якія забароняць купляць праз кампаніі-пасярэднікі трэціх краін некаторыя ключавыя тавары, такія, як паўправаднікі. Гэтыя краіны сумняваюцца ў рэалізацыі плана і асцерагаюцца рызык для еўрапейскай прадукцыі, таму хочуць скараціць спіс тавараў.
  • Еўракамісія паведаміла, што выдзеліць 50 млн еўра на рамонт пацярпелых ад расійскіх нападаў украінскіх партоў. Гэта павінна палегчыць экспарт збожжа на міжнародныя рынкі.
  • Учора ў Кіеве з візітам знаходзіліся спікеры і прадстаўнікі парламентаў Бельгіі, Ірландыі, Фінляндыі, Чэхіі, Польшчы, Эстоніі. У ходзе сустрэчы падрабязна абмеркавалі магчымыя шляхі ўзмацнення міжнароднай падтрымкі Украіны, эфектыўнасць гуманітанітарнай ініцыятывы «Зерне з Украіны».