597-мы дзень вайны Расіі з Украінай: Цяжкія баі пад Аўдзееўкай, дзе РФ ужывала забароненую зброю

Расіяне кінулі на аўдзееўскі кірунак шмат сіл, выкарыстоўваюць фосфарныя боепрыпасы, «хочуць закідаць усё вакол сваім мясам». Але пакуль моцнага поспеху пад Аўдзеееўкай у рускіх няма.

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Караблі РФ пашкоджаны ўкраінскай эксперыментальнай зброяй?


Украінскія дроны «Марскі малюк» атрымалі эксперыментальнае ўзбраенне, сцвярджаюць крыніцы ў СБУ.

Расійскі ракетны карабель «Буян» і вартавы карабель «Павел Дзяржавін» былі паспяхова атакаваны дзякуючы эксперыментальнаму ўзбраенню марскіх дронаў, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы.

Дэталяў у спецслужбе не раскрываюць, але сцвярджаюць, што абодва караблі былі пашкоджаны дронамі «Марскі малюк» з эксперыментальным узбраеннем.

«Пасля першага падрыву расійскія тральшчыкі і вадалазы так і не змаглі выявіць наша ноу-хау. Учора пашанцавала падлодцы «Алроса», якая пакуль здолела ўцячы ад нашых распрацовак. Носьбіт крылатых ракет «Буян» паўтарыць «подзвіг» «Алросы» не здолеў, таму быў сёння пашкоджаны на Севастопальскім рэйдзе эксперыментальным узбраеннем «марскіх малюкоў».

Што здарылася?

Сёння, 13 кастрычніка, у часова акупаваным Севастопалі прагрымеў моцны выбух, які адчуваўся нават у аддаленых раёнах горада.

Расійскі «кіраўнік» Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў, што выбухі нібыта звязаны з вучэннямі расійскіх вайскоўцаў.

Тэлеграм-канал «Крымскі вецер» паведаміў пра выбух на расійскім ракетаносцы праекта «Буян-М», а таксама апублікаваў відэа задымленага карабля. 

А 11 кастрычніка ў Чорным моры ў раёне Севастопаля быў пашкоджаны карабель Чарнаморскага флоту Расіі «Павел Дзяржавін».

Пазней тэлеграм-канал «Крымскі вецер» удакладніў, што карабель, які сёння нібыта выбухнуў у Севастопалі, — гэта не МРК, а патрульны карабель праекта 22160 тыпу Васіль Быкаў. Ён знаходзіцца на знешнім рэйдзе і вонкава выглядае цэлым.


Абсталяны Пакроўск: адзін чалавек забіты і шмат параненых

Расійскія войскі раніцай у пятніцу, 13 кастрычніка, абстралялі Пакроўск Данецкай вобласці. У выніку  разбураны два будынкі, адзін чалавек загінуў, 13 атрымалі раненні.

Паводле пракуратуры, расіяне абстралялі цэнтр Пакроўскага ў 08:30. У МУС адзначылі, што, паводле папярэдняй інфармацыі, расіяне выкарыстоўвалі для абстрэлаў дзве ракеты «Іскандэр-М».

Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях Украіны паведаміла: «Сёння раніцай расіяне нанеслі ўдар па горадзе Пакроўск Данецкай вобласці… Падраздзяленнямі ДСНС з-пад завалаў выцягнулі траіх чалавек».

Акрамя таго, армімя РФ абстраляла адміністрацыйны будынак. Пацярпелі восем супрацоўнікаў дзяржаўнай установы і дзве наведніцы.

Пакроўск Данецкай вобласці — горад, які знаходзіцца ў так званым «адносным тыле».

РФ абстраляла са «Смерчаў» вёску ў Данецкай вобласці: загінула дзіця, ёсць параненыя

У Аўдзееўцы ў выніку абстрэлу варожых «Градаў», артылерыі і танкаў пацярпелі 2 мірныя жыхары і 3 супрацоўніка міліцыі. Бальніца і офіс атрымалі пашкоджанні. 

А ўчора з зенітных ракет «Смерч» абсраляны пасёлак Багатыр Волнаўскага раёна Данецкай вобласці. У выніку ўдару загінуў 11-гадовы хлопчык, трое мірных жыхароў, у тым ліку непаўнагадовы, атрымалі раненні.

Як паведаміла Нацыянальная паліцыя Украіны, у вёсцы пашкоджаны не менш за 20 прыватных дамоў, царква, школа і аўтамабілі.

Паводле звестак украінскіх праваахоўнікаў, агулам за суткі 12 кастрычніка Расія нанесла 22 удары па мірным насельніцтве Данецкай вобласці — 3 чалавекі загінулі, яшчэ 8 атрымалі раненні. У выніку ўдараў разбураны 51 грамадзянскі аб'ект: 32 жылыя дамы, медыцынскія ўстановы, адміністрацыйны будынак, школа, царква, дом культуры, аўтамабілі, цеплатраса, лінія электраперадачы.

Адзначаецца, што ўчора пад варожым абстрэлам знаходзіліся 12 населеных пунктаў рэгіёна. РФ прымяняла авіяцыю, ЗРК С-300, «Ураган», «Смерч», «Град», артылерыю, танкі.

РФ накрыла «Градамі» пасёлак Гірнік Данецкай вобласці, у выніку чаго адзін чалавек загінуў і яшчэ адзін быў паранены. Разбураны 2 прыватныя дамы. Двое мірных жыхароў атрымалі раненні ў Галіцынаўцы, адзін — у вёсцы Раздолаўка. У Канстанцінаўцы ў выніку расійскага абстрэлу пашкоджаны 7 жылых дамоў, адміністрацыйны будынак, цеплатраса, аўтамабіль.

Навіны вайны

  • Херсоншчына: Расіяне ўдарылі дронам-камікадзэ па аўтамабілі з людзьмі ў Берыславе Херсонскай вобласці — адзін чалавек загінуў, адзін паранены. Акрамя таго, два чалавекі паранены ў выніку скідвання гранаты з беспілотніка, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін.
  • Херсонская АВА пашырыла спіс населеных пунктаў абавязковай эвакуацыі сем'яў з дзецьмі. У яго ўвайшлі Станіслаў, Шырокая Бэлька і Аляксандраўка, паведаміў Аляксандр Пракудзін. За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у вобласці два чалавекі загінулі, шасцёра атрымалі раненні, з іх адно дзіця.

Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 13 кастрычніка: асабовага складу — каля 285 920 (+1030 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 4931 (+26), баявых браніраваных машын — 9313 (+49), артылерыйскіх сістэм — 6807 (+44), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню-5264 (+17).

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

На аўдзееўскім кірунку войска РФ не пакідае спроб прарваць украінскую абарону, аднак беспаспяхова, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. Сілы абароны адбілі больш за 20 нападаў ворага ў раёнах населеных пунктаў Аўдзееўка, Ластаўчына, Тоненькае, Першамайскае, Невельскае Данецкай вобласці.

Усяго за мінулыя суткі на фронце адбыліся 64 баявыя сутыкненні. На купянскім кірунку ўкраінскія сілы адбілі атакі РФ у раёне Сінькоўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці; на ліманскім — у раёнах Макееўкі, на паўднёвы захад ад Крамянной і Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці; на мар'інскім — у раёнах Мар'інкі, Перамогі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці. На запарожскім кірунку РФ беспаспяхова спрабавала аднавіць страчанае становішча ў раёне Рабоціна Запарожскай вобласці. Сілы абароны працягваюць наступ на мелітопальскім і бахмуцкім напрамках.

Расіяне кінулі на аўдзееўскі кірунак шмат сіл, выкарыстоўваюць фосфарныя боепрыпасы, «хочуць закідаць усё вакол сваім мясам», паведамілі ў Офісе ўкраінскага прэзідэнта і дадалі, што ўкраінскае войска цяпер «у складаных баях утрымлівае пазіцыі».

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што расійскія войскі пад Аўдзееўкай Данецкай вобласці нясуць вялікія страты. У прыватнасці, кадры з геапрывязкай паказваюць, што войска РФ страціла колькасць бранятэхнікі, роўную батальёну тактычнай групы. У перыяд з 10 па 12 кастрычніка ўкраінскія сілы пад Аўдзееўкай знішчылі 33 расійскія бронемашыны і 15 танкаў.

Аналітыкі адзначаюць, што па стане на 12 кастрычніка расійскія войскі не дамагліся якіх-небудзь значных прарываў каля Аўдзееўкі і наўрад ці змогуць неадкладна адрэзаць украінскія сілы ў горадзе. У ISW лічаць, што расійская інфармацыйная прастора перабольшвае ўзровень сваіх поспехаў на аўдзееўскім фронце.

Расія і зброя

  • Брытанская выведка падлічыла, што самалёты далёкай авіяцыі ВКС РФ не наносілі ўдараў па Украіне на працягу 21 дня — з 21 верасня. Апошні падобны перапынак быў у перыяд з 9 сакавіка па 28 красавіка 2023 года, гэта значыць доўжыўся 51 дзень. Тады, верагодна, далёкая авіяцыя практычна вычарпала свае запасы боепрыпасаў пасля масіраваных нападаў зімой, лічаць эксперты. Гэтым разам, на іх думку, расійская далёкая авіяцыя назапашвае запасы ў чаканні далейшых удараў па Украіне зімой.
  • Расія плануе ў 2024 годзе вырабіць 2,1 млн боепрыпасаў, але ў адзіночку яна гэтага не зробіць, заявіў прадстаўнік ГУР Мінабароны Вадзім Скібіцкі ў інтэрв'ю «УП». Таксама ён прагназуе, што ў восеньска-зімовы перыяд РФ зноў будзе атакаваць энергетычную інфраструктуру Украіны.
  • Паводле інфармацыі выведкі, Расія аднавіла вытворчасць ракет «Калібр» і Х-101 і спрабуе нарасціць аб'ёмы, «але, паводле нашых звестак, не ўсё атрымліваецца — пэўныя планы імі не выконваюцца». Скібіцкі адзначыў памяншэнне колькасці прымянення ракет паветранага базіравання. Пры гэтым Расія пачала больш актыўна ўжываць і крылатыя, і балістычныя ракеты комплексу «Іскандэр». Прадстаўнік ГУР распавёў, што Украіна спрабуе наносіць паражэнне крытычным элементам абаронна-прамысловага комплексу РФ. Паводле яго слоў, некаторыя вытворчасці «ў сваім родзе ўнікальныя».
  • Паводле пацверджаных даных, РФ з пачатку кастрычніка выкарыстоўвае каля 15 тысяч боепрыпасаў у дзень, распавёў Скібіцкі. Таксама, паводле ягоных звестак, Расія аднаўляе 104-ю паветрана-дэсантную дывізію, таксама прадаўжаецца фарміраванне новых войскаў.

Глядзіце таксама

Навіны замежных партнёраў Украіны

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прызнала Расію дыктатурай, паведаміў Кулеба. Таксама ПАРЕ заклікала ўсе дзяржавы Рады Еўропы прызнаць Пуціна нелегітымным пасля заканчэння цяперашняга прэзідэнцкага тэрміну. Усе дэлегацыі ў ПАРЕ прагаласавалі аднагалосна.

pase_2.jpg

Залужны паведаміў, што правёў першую тэлефонную размову з новым кіраўніком Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША Чарльзам Браунам. Распавёў яму пра сітуацыю на фронце і патрэбах УСУ — гэта сродкі супрацьпаветранай абароны, артылерыйскія сістэмы і снарады. Асобна спыніліся на пытанні падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў і аднаўлення падраздзяленняў.

У Нідэрландах чатыры кампаніі паводле пастановы пракуратуры павінны заплаціць штраф на агульную суму 160 тысяч еўра за садзейнічанне ў будаўніцтве Крымскага моста. Акрамя таго, восем чалавек атрымалі пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ ад 20 да 60 гадзін. Адна з кампаній атрымала выгаду ад пастаўкі забароненых тавараў і паслуг у памеры 71 330 еўра — яе канфіскавала пракуратура.

Байдэн на наступным тыдні апублікуе свой запыт на дадатковае фінансаванне, уключаючы вылучэнне сродкаў для Украіны і Ізраіля, паведаміла спікер Белага дома Карын Жан-П'ер.

Паводле korrespondent.net, УНІАН, Украінскай службы РБК