Закляймілі чырвона-зялёным. Якія змянялася форма беларускіх спартоўцаў
За апошнія некалькі гадоў спаборніцкая форма беларускіх спартсменаў усё больш афарбоўваецца ў чырвона-зялёныя колеры. Калі раней лукашэнкаўскі сцяг на форме быў не абавязковы, то цяпер без яго могуць не дапусціць да спаборніцтваў, заўважыла выданне «Трыбуна».
12 лютага Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі апублікавала змены ў рэгламент правядзення адкрытага чэмпіянату краіны. Згодна з абноўленай версіяй дакумента, «спартсмены, якія не маюць на спаборніцкай форме (майка, топ з вонкавага боку) дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, не будуць дапушчаныя да ўдзелу ў спаборніцтвах (гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца на замежных спартсменаў). Не дапускаецца закрыццё дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь нумарам удзельніка. Наяўнасць дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь будзе правярацца ў CALLROOM».
Яшчэ на мінулым чэмпіянаце краіны, які праходзіў у ліпені 2023-га, сцяг хоць і прысутнічаў на спартсменах, але яго, верагодна, размясцілі самі арганізатары на выдадзенай спартсменам налепцы з прозвішчам. І гэтага было дастаткова.
А вось на чэмпіянаце краіны, які праходзіў у жніўні 2020-га, рэжымны сцяг увогуле быў не абавязковым – і ніхто з гэтай нагоды не пераймаўся.
Лёгкая атлетыка – не адзіны від спорту, дзе насаджваюць чырвона-зялёную сімволіку. Напрыклад, першыя два матчы фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па баскетболе сезона 2022/23 галоўныя трэнеры «Гродна-93» і «Мінска» правялі без рэжымнага кляйма на лацкане свайго пінжака, а ўжо на трэцяй гульні там з'явіўся спецыяльны значок.
Паводле інфармацыі «Трыбуны», вынік абурэння так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука, які наведаў адну з сустрэч і застаўся незадаволены ўзроўнем патрыятызму з боку баскетбалістаў.
Акрамя таго, у новым сезоне чырвона-зялёны сцяг больш грунтоўна дадалі баскетбалістам на гульнявую форму: раней ён неўзаметку прысутнічаў на спіне, а цяпер налеплены яшчэ і спераду большага памеру.
Ідэалагічная экспансія здарылася і ў хакеі. Калі ў 2019-м на форме хакейнага «Юнацтва» ЧЗ-атрыбут адсутнічаў, то ад сезона-2020/21 чырвона-зялёны прысутнічае на гульнявой форме і толькі часам змяняе месца.
З пачатку сезона-2023/24 на трэніровачнай форме мінскага «Дынама» з'явіўся чырвона-зялёны сцяг.
Сімволіку нанеслі і на кіпу галкіпераў.
Пры гэтым на гульнявой форме «Дынама» чырвона-зялёнага сцяга няма. Расійскія клубы ў КХЛ таксама не наносяць дзяржаўную сімволіку на майцы. А вось «Куньлунь» і «Барыс» пайшлі іншым шляхам – сцягі Кітая і Казахстана знаходзяцца на левым плячы.
У беларускім футболе метамарфозы адбыліся не адразу – на прыкладзе брэсцкага «Дынама» бачна, што да мінулага сезона сцяг адсутнічаў на форме, але ўжо ў 2023 годзе ён заняў месца па цэнтры футболкі.
Падобная сітуацыя і з валейболам. Так, у «Будаўніка» яшчэ ў 2022-м на форме прысутнічае толькі герб Мінска, а ўжо ў наступным сезоне прама цэнтру быў прылеплены і лукашэнкаўскі сцяг.
У міні-футболе сцяг на гульнявым камплекце таксама з'явіўся толькі ў сезоне-2023/24, праўда, мяркуючы па ўсім, месца не строга рэгламентавана – каманды наносяць яго на свой густ.