За 5 хвілінаў да ядзернай вайны
Уся гісторыя магла пайсьці інакш, а нас з вамі быць можа і ўвогуле не было б на сьвеце, калі б падзеі на Кубе ў 1962 годзе скончыліся крыху альтэрнатыўна. За так званую выспу свабоды ўзяліся камуністы і ЗША.
З чаго ўсё пачалося
Кубінская рэвалюцыя 1959 года была па сваёй сутнасьці марксісцкім паўстаньнем. Кіраўнік краіны Батыста быў зрынуты, а на галоўны фатэль у дзяржаве сеў камрад Фідэль Кастра. Куба хутка пераўтваралася ў савецкі сатэліт, сапраўдны пляцдарм камунізму ў Заходнім паўшар'і. Кастра нацыяналізаваў прыватныя, у тым ліку шматлікія амэрыканскія прадпрыемствы, здушыў апазыцыю і пачаў імпартаваць савецкую ваенную тэхніку.
Існаваньне камуністычнага рэжыму ўсяго ў прыблізна 140 кілямэтрах ад узьбярэжжа Фларыды выклікаў шок у Злучаных Штатах. Пагроза была як ідэалягічнай, але, што нават больш істотна, стратэгічнай. На працягу дзесяцігодзьдзяў Злучаныя Штаты дзейнічалі ў адпаведнасьці з дактрынай Манро, якая сцьвярджала, што любое эўрапейскае ўмяшаньне ў Амэрыку будзе разглядацца як акт агрэсіі. Новаствораны альянс Савецкага Саюза з Кубай наўпрост кінуў выклік гэтаму прынцыпу.
Перспэктыва «эфекту даміно» напружвала амэрыканцаў. Вашынгтон баяўся, што рэвалюцыя на Кубе можа натхніць падобныя рухі ва ўсім рэгіёне. Далей адбылася катастрофа з няўдалым уварваньнем ў заліў Сьвіней у красавіку 1961 года. Гэтая спроба зрынуць рэжым Кастра кубінскімі выгнаньнікамі пры падтрымцы ЦРУ скончылася фатальна. Апэрацыя падштурхнула Савецкі Саюз да больш актыўнага ўдзелу ў справах на Кубе, што непасрэдна прывяло да ўсталяваньня ядзерных ракетаў на выспе.
Згадзіцеся, калі вы ў жывяце ў Менску, а прыблізна ў Баранавічах ці Бабруйску паставілі нацэленыя на вас ядзерныя ракеты, добра спаць вы будзеце ня ў стане.
Ракеты
Узбадзёраны няўдачай амэрыканцаў па зрынаньні камрада Фідэля, савецкі камрад Хрушчоў убачыў магчымасьць схіліць балянс сілаў на сваю карысьць.Ён лічыў, што зьмяшчэньне ракетаў на Кубе прымусіць Злучаныя Штаты прыняць новую рэчаіснасьць, а менавіта — нязьменнасьць камуністычнага рэжыму Кастра, і спыніць любыя далейшыя амэрыканскія спробы ўмяшаньня. Таксама Хрушчоў спадзяваўся ўраўнаважыць гонку ядзерных узбраеньняў. У той час ЗША мелі відавочную перавагу з велізарным арсэналам ракетаў далёкага дзеяньня, здольных нанесьці ўдар па Савецкаму Саюзу, у той час як сацыялістычны рай адставаў. Ад гэтага моманту буйныя амэрыканскія гарады былі ў пару хвілінах ад падлёту ядзернай бомбы.
Хрушчоў меркаваў, што ЗША альбо будуць вымушаныя пагадзіцца, альбо, прынамсі, вагацца дастаткова доўга, каб дазволіць ракетам стаць фактам, які ўжо цяжка аспрэчыць.
Але ён натыкнуўся не на глыбокую заклапочанасьць ці пост у сацсетках таго часу, але на рашучы і адзіны магчымы адказ. З ваўкамі жыць...
Крызіс сур'ёзна пачаўся 14 кастрычніка 1962 года, калі амэрыканскі самалёт-выведнік U-2 зрабіў фота савецкіх ракетных установак, якія будуюцца на Кубе. Прэзідэнт Джон Кенэдзі і яго дарадцы сутыкнуліся з трывожнай рэальнасьцю. Кэнэдзі ведаў, што неабдуманыя ваенныя дзеяньні могуць справакаваць катастрафічную эскаляцыю, што прывядзе да ядзернай вайны.
Некаторыя ў адміністрацыі выступалі за неадкладны авіяўдар для зьнішчэньня ракетных аб'ектаў з наступным уварваньнем на Кубу, каб пазбавіцца ад рэжыму Кастра раз і назаўжды. Іншыя, больш асьцярожныя, заклікалі да дыпляматычных рашэньняў. Асьцярожны лягер баяўся наступстваў развязваньня адкрытага канфлікту з СССР. У рэшце Кэнэдзі зацьвердзіў нешта сярэдняе — марскую блякаду, або «карантын» Кубы, каб прадухіліць далейшыя пастаўкі савецкай ваеннай тэхнікі на выспу.
Блякада
22 кастрычніка 1962 года прэзідэнт Джон Кэнэдзі зьвярнуўся да амэрыканскай нацыі ў тэлевізійнай прамове, дзе спакойна растлумачыў сур'ёзнасьць сітуацыі. Ён распавёў пра існаваньне савецкіх ракетаў на парозе і абвесьціў аб увядзеньні на Кубе карантыну. Пасыл быў ясны: Злучаныя Штаты не дазволяць стварэньне савецкага ядзернага фарпоста ў заходнім паўшар'і, і яны былі гатовыя дамагчыся гэтага любымі неабходнымі сродкамі.
Вайсковыя караблі ЗША на чале з авіяносцамі і эсмінцамі ўтварылі сур'ёзную лінію ў Карыбскім моры, патрулюючы воды ля Кубы. Любы карабель, які паспрабаваў бы парушыць карантын, спыняўся і даглядаўся.
Злучаныя Штаты былі гатовыя да вайны, але спадзяваліся пазьбегнуць яе шляхам стратэгічнага ціску.
Амэрыканскія бамбавікі B-52, узброеныя ядзернай зброяй, знаходзіліся ў паветры 24 гадзіны ў суткі, гатовыя нанесьці ўдар па савецкіх аб'ектах у любы момант. Атамныя падводныя лодкі патрулявалі акіяны, а балістычныя ракетныя сілы ЗША былі цалкам гатовыя да запуску.
Тым часам у Крамлі Хрушчоў сутыкнуўся з тым, што яго гульня правалілася, але стары саўдзельнік масавых рэпрэсіяў не здаваўся да апошняга. Калі савецкія караблі наблізіліся да карантыннай лініі, сьвет быў на парозе найвялікшай вайны ў гісторыі чалавецтва.
Пытаньне павісла ў паветры: ці будзе Хрушчоў прасоўвацца наперад, распальваючы тую самую вайну, якой блякада павінна была пазьбегнуць?
Кэнэдзі перадаў асабістае паведамленьне Хрушчову: калі Савецкі Саюз выведзе свае ракеты з Кубы, ЗША паабяцаюць не ўрывацца на выспу. У той жа час Кэнэдзі прапанаваў дадатковую саступку, вядомую толькі нешматлікім яго бліжэйшым дарадцам: ЗША спакойна вывезуць свае састарэлыя ракеты «Юпітэр» з Турэччыны, якія доўгі час турбавалі камрадаў у Крамлі.
Савецкія караблі запаволіліся і павярнулі назад, каб пазьбегнуць сутыкненьня з ВМС ЗША. Блеф камуністаў быў выкрыты. 28 кастрычніка 1962 года Хрушчоў публічна абвесьціў, што СССР дэмантуе і вывезе свае ракеты з Кубы.