1022-гі дзень вайны. У выніку расійскага ўдару па Запарожжы загінулі 8 чалавек

Яшчэ 22 чалавекі пацярпелі. Распавядаем пра галоўныя падзеі чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 

Наступствы расійскага ўдара па Запарожжы

Наступствы расійскага ўдара па Запарожжы

Колькасць загінулых у выніку ўдару па Запарожжы павялічылася да васьмі

Колькасць загінулых у выніку ўдару па Запарожжы ўзрасла да васьмі, паведаміла Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях Украіны. Удар быў нанесены напярэдадні.

Яшчэ 22 чалавекі пацярпелі. Нацыянальная паліцыя Украіны ўдакладняе, што сярод параненых — 12 жанчын, дзевяць мужчын і пяцігадовая дзяўчынка.

Па звестках паліцыі, пад заваламі могуць знаходзіцца пяць чалавек. Працягваюцца аварыйна-выратавальныя працы, перадае Бі-бі-сі.

Уначы ратавальнікі дасталі з-пад завалаў дзвюх жанчын — яны ў бальніцы, піша ў тэлеграме кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў.

У выніку ўдару была разбурана прыватная клініка і былі пашкоджаныя размешчаныя побач будынкі. 

Ракетная атака на расійскі Таганрог

У выніку ракетнай атакі на Таганрог у Растоўскай вобласці пашкоджанні атрымала кацельня, паведамляюць мясцовыя ўлады.

У выніку ў 27 шматкватэрных дамах адсутнічае цеплазабеспячэнне, паведаміла мэр горада Святлана Камбулава.

«Пашкоджаная кацельня на вуліцы Цыялкоўскага. Цяпер у 27 шматкватэрных дамах адсутнічае цеплазабеспячэнне. Спецыялісты плануюць да 12:00 мск аднавіць пашкоджаную кацельню », — напісала яна ў тэлеграме.

Да таго ж украінскі Генштаб заявіў аб удары па нафтабазе ў Бранскай вобласці.

«НП „Бранск“ — наліўны пункт нафтаправода „Дружба“, асноўнай функцыяй якога з'яўляецца прыём, захоўванне, размеркаванне і адгрузка дызельнага паліва на аўтацыстэрны і чыгуначны транспарт. Па наяўнай інфармацыі ёсць трапленні па нафтабазе з наступным узгараннем. Пачаўся масіраваны пажар», — паведамілі ва ўкраінскім Генштабе.

Пуцін і Орбан па тэлефоне абмеркавалі сітуацыю ва Украіне

Як паведамляе Крэмль, тэлефонны званок паміж расійскім прэзідэнтам і венгерскім прэм'ерам адбыўся па ініцыятыве Венгрыі.

«Адбыўся грунтоўны абмен меркаваннямі па ўкраінскай праблематыцы», — гаворыцца ў паведамленні Крамля, якое цытуе Бі-бі-сі. Пуцін, як заявілі ў Крамлі, адзначыў, што Кіеў заняў «дэструктыўную» пазіцыю, якая выключае магчымасць заключэння мірнага пагаднення.

«Віктар Орбан выказаў зацікаўленасць у садзейнічанні сумеснаму пошуку шляхоў палітыка-дыпламатычнага вырашэння крызісу, у тым ліку з улікам сваіх кантактаў з шэрагам заходніх лідэраў», — гаворыцца ў паведамленні Крамля.

Некалькі дзён таму прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан сустракаўся з абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.