Імператрыцы, матроны і музы: жаночыя сілы, якія фармавалі веліч Рыма
Каб па-сапраўднаму зразумець сутнасць рымскай велічы, трэба выйсці за межы поля бітвы і Сената, у жыццё яго жанчынаў. Імператрыцаў, якія шапталі на вушы кіраўнікам, матронаў, якія сталі захавальнікамі культуры, і музаў, якія распалілі полымя натхнення. У наш час не толькі мужчыны думаюць пра Рымскую імперыю.
Вялікі наратыў пра Рымскую імпэрыю часта выклікае ўяўленьне пра ўладных імпэратараў, загартаваных ў баях легіёнаў, грандыёзных калізеяў і архітэктурных цудаў, якія па-ранейшаму застаюцца сьведчаньнем нязломнасьці духу і доблесьці Рыма. Але за веліччу яго помнікаў і прамовамі ў Сэнаце хаваецца больш тонкі, але вельмі ўплывовы пласт рымскага грамадзтва: яго жанчыны.
У сваёй аснове сіла Рыма заключалася ў яго сацыяльнай і культурнай структуры. Кабеты, якія часта дзейнічалі за кулісамі, удзельнічалі ў яго стварэньні. Зьвернемся да гісторыі некаторых вядомых жанчынаў Рымскай імпэрыі.
Гала Плацыдыя
Гала Плацыдыя, якая нарадзілася каля 388 года нашай эры ў цэнтры імпэрскай улады, была дачкой грознага рымскага імпэратара Феадосія I, апошняга кіраўніка аб'яднанай Рымскай імпэрыі. Падзел імпэрыі пасьля Феадосія паставіла Плацыдыю ў цэнтар палітычных махінацый і гульняў улады, якія сфармавалі ўрэшце будучыню заходнерымскага сьвету.
Адным з вызначальных разьдзелаў яе раньняга жыцьця стаў палон у вэстготаў. Пасьля рабаваньня Рыма ў 410 годзе Аларыхам і яго гоцкімі жаўнерамі, Плацыдыя апынулася закладніцай, каштоўнай пярлінай у перамовах барбараў з імпэрыяй.
Менавіта ў гэты перыяд яна выйшла замуж за Атавульфа, пераемніка Аларыха. Іх шлюб мог сымбалізаваць патэнцыйнае зьліцьцё рымскага і гатычнага. Іх дзіця, на жаль, пражыло нядоўга, а з забойствам Атавульфа ў 415 годзе становішча Плацыдыі стала хісткім. Аднак яна вярнулася ў Рым і ў рэшце выйшла замуж за Канстанцыя III, які стаў суімпэратарам.
Сапраўдны яе росквіт пачаўся з удоўства. Пасьля сьмерці яе брата, імпэратара Ганорыя, і яе мужа, улада фактычна перайшла да яе малога сына, Валентыніяна III. У якасьці рэгента Плацыдыя трымала стырно кіраваньня Заходняй Рымскай імпэрыі. Яна адыграла істотную ролю ў перамовах з правадырамі барбараў, заключэньні патрэбных саюзаў.
Гіпатыя Александрыйская
Гіпатыя нарадзілася каля 360 года, і ёй было наканавана карыстаць свой розум напоўніцу. Яе бацька, Тэон Александрыйскі, быў вядомым матэматыкам і астраномам, і менавіта пад яго апекай узрасталі надзвычайныя таленты Гіпатыі. Але яна не стала вучаніцай бацькі. Неўзабаве яна пераўзыйшла яго, і стала адным з галоўных галасоў нэаплатанізму, філязофскай школы, якая імкнулася аб'яднаць навучаньне Платона з больш шырокімі метафізычнымі рамкамі.
Яе лекцыі ў знакамітым Серапеўме і Александрыйскай катэхетычнай школе прыцягвалі мноства студэнтаў. У адрозьненьне ад сваіх сучасьнікаў, вучэньне Гіпатыі не абмяжоўвалася эзатэрычнымі філязофскімі трактатамі. Яна пісала творы па матэматыцы, астраноміі і механіцы.
Яе шчыльная сувязь з Арэстам, рымскім прэфэктам Александрыі, і меркаваны ўплыў на яго пацягнулі за сабою абурэньне нязгодных зь яе нэапаганскімі ідэямі. У 415 годзе яна была забітая.
Спадчына Гіпатыі
захавалася. На працягу ўсяго Сярэднявечча і Адраджэньня яе ўзгадвалі і як
пакутніцу за філязофію, і як сымбаль ведаў і мудрасьці старажытнага сьвету.
Сьвятая Алена
Паганскія традыцыі, якія фармавалі рымскае жыцьцё напрацягу тысячагодзьдзяў, няўмольна сыходзілі ў нябыт у IV стагодзьдзі. Вера, якая калісьці жорстка перасьледавалася, хрысьціянства, брало ўсё ў свае рукі. Цэнтральнае месца ў гэтай трансфармацыі займаў Канстантын Вялікі, першы рымскі імпэратар, які прыняў хрысьціянства. Але за ім стаяла не меньш вялікая - яго маці, сьвятая Алена.
Раньнія гады жыцьця Сьвятой Алены верагодна прайшлі ў правінцыйных глыбінках імпэрыі. Яе шлюб з будучым імпэратарам Канстанцыем Хлорам і нараджэньне іх сына Канстантына зьмянілі ўсё.
Пасьля сьмерці мужа і ўзыходжаньня Канстантына на трон, Алена трапіла пад глыбокі ўплыў хрысьціянскай веры. Самай трывалай спадчынай Алены, несумненна, зьяўляецца яе пілігрымка ў Сьвятую Зямлю каля 326-328 гадоў. Гэта не было звычайнае падарожжа.
Яна езьдзіла па біблейскіх краявідах, і распачала сваю місію. Традыцыйна лічыцца, што Алена, захопленая пошукам рэліквіяў жыцьця Езуса Хрыста, адыграла істотную ролю ў раскапваньні Сапраўднага Крыжа, на якім быў укрыжаваны Езус.
Яна даручыла будаўніцтва дзьвюх значных цэркваў сусьветнага хрысьціянства. Гэта царква Нараджэньня ў Бэтлееме, якая адзначае месца нараджэньня Хрыста, і царквы Элеоны на Аліўнай гары ў Ерузалеме.
Яе дабрачыннасьць была легендарнай. Яна шчодра забясьпечвала бедных, вызваляла зьняволеных і шмат у чым была прыкладам хрысьціянскіх прынцыпаў спагады і міласьціны.
Будзіка
Яе можна было назваць брытанскай Эміліяй Плятэр. Гэтая каралева Іцэні, якая паходзіць з далёкіх куткоў тэрыторыі імпэрыі ў Брытаніі, стала сымбалем непадпарадкаваньня Рыму.
Будзіка нарадзілася ў кельцкім племені іцэні на тэрыторыі Брытаніі. Пасьля сьмерці яе мужа, караля Прасутага, каля 60 года жыцьцё Будзікі стала вельмі захапляльным. У сваім запавеце Прасутаг імкнуўся супакоіць акупацыйныя рымскія войскі, праз падзел свайго каралеўства паміж дзьвюма дочкамі і Рымскай імпэрыяй. Але Рым, зь яго ненасытнай прагай экспансіі, зразумеў апошнюю волю караля як поўную капітуляцыю тэрыторыі Іцэнаў.
Далей адбылося абуральнае парушэньне правоў і годнасьці каралеўскай сям'і Іцэні. Рымскія жаўнеры захапілі маёмасьць мясцовых “шляхцічаў”, публічна бічавалі Будзіку і нападалі на яе дачок. Але замест таго, каб прымусіць яе падпарадкавацца, гэтыя ўчынкі распалілі агонь паўстаньня.
Будзіка зь яе высокім ростам і грывай вогненна-рудых валасоў стала не толькі лідэрам іцэнаў, але і больш шырокага кельцкага супраціву. Пад яе кіраўніцтвам згуртавалася канфедэрацыя плямёнаў. Паўстаньне ў 60-61 гадах нашай эры, было поўнамаштабнай пагрозай Рыму страціць уладу ў Брытаніі.
Рымляне мяркавалі, што плямёны Брытаніі былі занадта падзеленыя, каб уяўляць рэальную пагрозу, і былі засьпетыя зьнянацку. Сілы Будзікі абрынуліся на шматлікія гарады, у тым ліку сучасны Лёндан, і пакінулі па сабе спусташэньне. Старажытныя крыніцы кажуць пра жорсткасьць яе войскаў, дзесяткі тысячаў як рымлянаў, так і раманізаваных брытанцаў у выніку не вярнуліся ў родны дом.
Урэшце рымскі губэрнатар Гай Сьвятоній Паўлін выставіў свае легіёны, сустрэў сілы Будзікі ў жорсткай бітве. Будзіка пацярпела разгромную паразу.
Агрыпіна Малодшая
Агрыпіна нарадзілася ў 15 годзе нашай эры ў самым цэнтры дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў, была дачкой знакамітага рымскага генэрала Германіка і Агрыпіны Старэйшай. Да дваццаці гадоў яна была сьведкай жарсьцяў рымскага двара, што пацягнула за сабой выгнаньне яе маці і старэйшых братоў Тыберыем.
Вяртаньне Агрыпіны ў Рым пасьля сьмерці Тыберыя стала пачаткам яе ўзыходжаньня да ўлады. Яе шлюб са сваім дзядзькам, імпэратарам Клаўдзіем, у 49 годзе падштурхнуў яе да пасады першай лэдзі імпэрыі. Што яшчэ больш істотна, гэта праклала шлях для яе найвышэйшай амбіцыі: пераканацца, што яе сын ад папярэдняга шлюбу, Нэрон, стане імпэратарам.
Гісторыі пра палітычныя манэўры Агрыпіны ў гэты перыяд легендарныя. Ад нібыта выключэньня сына Клаўдзія - Брытаніка зь лініі спадчыны на трон да абвінавачаньня ў атручаньні самога Клаўдзія. Да 54 года яе амбіцыі былі рэалізаваныя, і Нэрон, хоць і быў яшчэ падлеткам, стаў імпэратарам Рыма, а Агрыпіна мела значны ўплыў за тронам.
Аднак адносінам паміж маці і сынам было наканавана сапсавацца. Агрыпіна, якая ўзьвяла Нэрона, апыналася ўсё больш у баку ад справаў, калі ён імкнуўся адстойваць сваю аўтаномію. Гэтае сутыкненьне амбіцыяў прывяло да аднаго з самых вядомых эпізодаў у рымскай гісторыі — арганізацыя Нэронам забойства сваёй маці Агрыпіны ў 59 годзе.
Лівія Друзіла
Лівія нарадзілася ў 58 годзе да нашай эры ў старажытнай і ўплывовай сям'і Клаўдзіяў. Яе сямейныя карані сягалі глыбока ў рымскую арыстакратыю, што рабіла яе каштоўным хаўрусьнікам або патэнцыйным супернікам у нестабільнай палітыцы позьняй Рымскай рэспублікі. Шлюб з Актавіянам, пазьней вядомым як Аўгуст, у 38 годзе да н.э. прывёў у тым ліку і да стварэньня той самай Рымскай імпэрыі.
Лівія была дарадцам, даверанай асобай і, часам, сама па сабе істотным палітычным дзеячам. Яе дом на Палаціне стаў цэнтрам палітычнай дзейнасьці, дзе сэнатары, генэралы і замежныя эмісары шукалі прыхільнасьці не толькі імпэратара Аўгуста, але і Лівіі.
За межамі палітыкі Лівія стала ўвасабленьнем цноты рымскай матроны. Яе часта малявалі на статуях і манэтах у сьціплым адзеньні, такім чынам сымбалізуючы набожнасьць, урадлівасьць і вернасьць — ідэалы рымскай жаноцкасьці. Яе публічны вобраз быў старанна падрыхтаваны тагачаснай піяр службай, ён служыў узорам для рымскіх кабетаў і эмблемай «новага» маральнага парадку, які жадаў прывіць Аўгуст.
Уплыў Лівіі захаваўся нават пасьля сьмерці Аўгуста ў 14 годзе ўжо нашай эры. Яна была маці імпэратара Тыберыя і бабуляй імпэратара Клаўдзія.