Беларусь, якая чакае: Шляхамі Слуцкага збройнага чыну

Гэтая старонка найноўшай гісторыі Беларусі ігнаруецца ўладамі, а ўсе спробы захаваць памяць аб ёй — зацята знішчаюцца. Аматарам савецкага пламбіру і прыхільнікам «цвёрдай рукі» вельмі не даспадобы той факт, што прыход савецкай улады на Беларусь вельмі часта ўспрымаўся літаральна «ў штыкі». 

_belarus_sluczczyna_slucki_zbrojny_czyn_szljah_2023_fota_novy_czas__3__logo.jpg

Слуцкі збройны чын — галоўнае таму пацвярджэнне. Напярэдадні чарговых угодкаў фактычна руска-беларускай вайны 1920 года мы наведалі асноўныя месцы гераічнага супраціву беларусаў.

Глядзіце таксама

Халодная і хмурная лістападаўская раніца сустракае нас у дарозе да вёскі Грозаў — аднаго з месцаў фармавання 2-га Грозаўскага палка, які дзейнічаў на лініі Грозаў-Капыль-Цімкавічы-Семежава. Нізкае шэрае неба, часам пачынае сыпацца снег, вецер — здаецца, надвор’е вырашыла нагадаць пра тагачаснае сябе і паспрыяць нам зразумець умовы, у якіх ваявалі нашыя продкі, спрабуючы адстаяць сваю Радзіму.

Грозаў, які неўзабаве ператварыўся ў Грозава. На галоўнай плошчы цішыня, толькі некалькі мясцовых жыхароў па дарозе з крамы дадому робяць таропкія глыткі з бутэлькі і знікаюць у ранішняй імгле. Каб не электрычныя слупы і некалькі нешматлікіх прыкметаў бягучай эпохі, то можна было б казаць, што час тут спыніўся. А вось некалькі дамоў, на нашу думку, могуць памятаць падзеі 1920 году і нашых герояў.

Яшчэ зусім нядаўна побач з Домам культуры стаяў крыж у гонар чальцоў 2-га Грозаўскага палка — абаронцаў Беларускай Народнай Рэспублікі. На пачатку гэтага года ён ціхенька знік. Хто яго скраў і па чым загадзе — пытанні рытарычныя з улікам ліхаманкавага імкнення ўладаў знішчыць памяць пра ўсё беларускае. Але ж, як трапна спяваў некалі гурт «Мроя», — «Ён яшчэ вернецца!» 

Рушым далей уздоўж вялікіх палёў і невялікіх пералескаў, не аднойчы шчодра палітых крывёй нашых продкаў у змаганні за свабоду. Усё больш дрэвы нагадваюць шыхт ваяроў, а купкі хмызняку — назаўсёды застылыя выбухі гарматных снарадаў. Нечакана сустракаецца дарожны знак, які ў кантэксце нашай вандроўкі пазначае тагачасную лінію фронту. 

Завітваем у вёску Цімкавічы, ля якой у той час таксама ішлі напружаныя баі. Дарэчы, тут знаходзяцца руіны яшчэ адной ахвяры як царскай, так і бальшавіцкай Расіі — гэта парэшткі касцёла Святога Міхаіла Арханёла. Пабудаваны ў 1560 годзе слуцкім князем Янам Сямёнам Алелькавічам і адноўлены ў 1647 годзе Львом Сапегам, пасля паразы паўстанняў 1830 і 1863 гадоў касцёл быў перададзены праваслаўнай царкве, а ўжо пасля здушэння Слуцкага збройнага чына ў 1921 годзе бальшавікі ўвогуле яго закрылі. У 1985 годзе будынак згарэў дашчэнту ў выніку раптоўнага пажару, прычынай якога некаторыя лічаць наўмысны падпал. Побач з руінамі — занядбаныя могілкі, на якіх дагледжваюцца адзінкавыя пахаванні.

Па дарозе да іншай кропкі нашай вандроўкі здалёк бачым манументальны храм на рэканструкцыі ля вёскі Кіевічы. Гэта яшчэ адзіны сведка падзей 1920 году — царква Ушэсця Гасподняга, пабудаваная ў 1882 годзе на месцы драўлянага храма 1752 года. Паводле легенды, праект гэтай царквы быў створаны для Кіева, але служачы паштовай установы ў Санкт-Пецярбургу, які паходзіў з гэтых месцаў і ведаў, што аднавяскоўцы шукаюць праект новай царквы, змяніў адрас з «Кіева» на «Кіевічы». Такім чынам у простай вёсцы з’явілася царква, адпачатку праектаваная для самога Кіева. Выглядае яна, дарэчы, адпаведна.

_belarus_sluczczyna_slucki_zbrojny_czyn_kieviczy_carkva_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Семежава. Адно з самых знакавых і значных месцаў падзей тых часоў. Тут часткова ствараўся Грозаўскі полк, вёска не аднойчы пераходзіла з рук у рукі падчас жорсткіх баёў, тут месціліся Рада і галоўны штаб, сюды з усіх бакоў прыходзілі і прабіраліся добраахвотнікі, каб стаць часткай узброеных сілаў БНР. Менавіта на плошчы ў Семежава 26 лістапада 1920 года адбыўся парад, пасля якога войскі БНР уступілі ў бой супраць Чырвонай арміі. Цяпер цэнтр Семежава выглядае так, нібыта анічога падобнага тут не адбывалася, і толькі Другая сусветная вайна прынесла на гэтую зямлю смутак і шматлікія ахвяры. 

Як і ў Грозаве тут быў усталяваны крыж у гонар чальцоў Слуцкага збройнага чыну, і як у Грозаве ён таксама быў скрадзены. Дарэчы, у той жа самы час. І зноўку нагадаем радок з песні гурта «Мроя».

А нашае падарожжа працягваецца. Зіма ўсё больш нагадвае пра сябе, таропка засыпаючы глебу белым, шыхты дрэваў у імгле працягваюць несці сваю вечную варту, а дазоры кустоў пільна сочаць за нашым маршрутам. Мы памятаем, і мы ганарымся ўсімі тымі, хто, ведаючы, што ідзе на смерць, упарта ішоў і змагаўся. Мы памятаем пра сцяг БНР ад Горадні, на якім было напісана: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». 

А зараз мы наведаем вёску Вызна. Прабачце, цяпер гэта Чырвоная Слабада (вельмі рэдкая і цікавая назва, канешне ж). Тут праходзіла паўднёвая частка лініі фронту (Вызна-Семежава), якую бараніў 1-шы Слуцкі полк. Вызна, як і Семежава, зазнала крывавыя баі, таксама некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі, і напрыканцы снежня засталася пад тымі, хто пазней назаве яе Чырвонай Слабадой і не пакіне ніякіх помнікаў аб тым гераічным часе. Але традыцыйны крыж на адным з выездаў яшчэ падае надзею, што калісьці Чырвоная Слабада зноўку будзе Вызнай.

Канешне, было б дзіўна і недарэчна не завітаць у Слуцк. Тут 14-15 лістапада 1920 года ў будынку былога дваранскага сходу адбыўся Першы беларускі з’езд Слуцка і Случчыны, дзе была абрана Беларуская Рада, якая выдала 21 лістапада 1920 года дэкларацыю з заклікам да «барацьбы за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах». Зараз у гэтым будынку краязнаўчы музей пад сцягам тых, хто прыйшоў на беларускую зямлю з прадатрадамі і чырвоным тэрорам.

Глядзіце таксама

Некаторыя гісторыкі схіляюцца да думкі, што з’езд адбываўся у доме Эдварда Вайніловіча, што месціўся насупраць Слуцкай гімназіі. Але савецкія ўлады даўно зруйнавалі яго, і на гэтым месцы цяпер Слуцкая міні-ЦЭЦ № 2. Гімназія пакуль ацалела...

Сучасная Беларусь чакае не толькі сваіх жывых сыноў, якія часова знаходзяцца хто ў выгнанні, а хто за кратамі. Яна таксама чакае вяртання і ўшанавання належным чынам памяці пра сваіх гераічных абаронцах. Але ж пакуль мы памятаем і распавядаем пра іх — яны не сышлі ад нас назаўсёды. Мы будзем працягваць змагацца, каб здзейсніць іх мару аб сваёй незалежнай краіне. Беларусь будзе вольнай!