Квэст пра следчы ізалятар і падрыхтоўка вяселля
Чым жывуць, пра што думаюць і аб чым мараць абвінавачаныя па "справе патрыётаў".
14 чалавек застаюцца за кратамі па «справе патрыётаў». Паводле звестак праваабаронцаў, у ходзе следства праз арышты прайшлі 35 асобаў.
Belsat.eu высветліў, што мяняецца для некаторых з іх, пакуль у СІЗА няма магчымасці кіраваць уласным жыццём? Некаторыя губляюць працу, іншыя — упэўніваюцца ў пачуццях.
У турме можна згубіць амаль усё, але не каханне. Прынамсі, Міраслаў Лазоўскі і ягоная нявеста Святлана пачалі планаваць вяселле. У лістах яны абмяркоўваюць, як і калі гэта зрабіць найлепш.
«Мы чакаем яшчэ інфармацыю ад адваката, што патрэбна для гэтай працэдуры і калі нам лепш распісацца: зараз ці пасля суду. З аднаго боку, пасля суду на вяселле даюць тры спатканні ў падарунак. Калі распісацца зараз, то ў нас будзе толькі некалькі хвілінаў разам. Але яшчэ невядома, калі той суд будзе», — распавяла Святлана.
Дзяўчына кажа, што лісты да Міраслава і назад прыходзяць рэгулярна, а Міраслаў настроены пазітыўна.
Міраслаў Лазоўскі працуе памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». Дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі паведаміў belsat.eu, што Міраслаў праз адваката напісаў заяву на адпачынак на неабмежаваны тэрмін, і калі ён выйдзе, до будзе працаваць на сваім месцы, як і да затрымання.
«Канешне, нам не хапае яго. Усё было наладжана, ён быў у курсе ўсіх справаў», — кажа Генадзь Вінярскі.
Мастак-дызайнер Андрэй Бяляўскі быў вызвалены 2 чэрвеня, але дагэтуль не мае магчымасці працаваць. Следчыя забралі ягоны працоўны кампутар, і пакуль што невядома, калі яго аддадуць і ці аддадуць наагул. Андрэй — фрылансер, і графіка для мастака — і праца, і хобі. Таму пакуль што ён не можа не толькі зарабляць грошы, але і маляваць для свайго задавальнення.
«Яны ўсё абяцаюць, што хутка аддадуць, то я не прашу ў пазыку і не купляю новы, чакаю пакуль. Але калі гэта будзе цягнуцца, то трэба будзе вырашаць пытанне. Мне ўжо хочацца хутчэй працаваць, зарабляць на жыццё», — кажа Андрэй.
Андрэй Бяляўскі стварае графіку для кампʼютарных гульняў і жартуе, што ў галаву прыходзілі думкі стварыць кампʼютарны квэст пра СІЗА.
«Такі досвед не забудзеш, і ён будзе мець уплыў на творчасць, канешне. Але пакуль не ведаю, якім чынам», — кажа Андрэй.
У Нацыянальным гістарычным музеі шкадуюць, што Аляксандр Зімніцкі — гісторык і адзіны знаўца калекцыі зброі — адсутнічае. Адміністрацыя музею нават пісала хадайніцтва ў КДБ аб тым, што Аляксандр вельмі патрэбны на працы. На гэты час ён не звольнены з музею.
«Ён неабходны нам, бо калекцыя, з якой ён працаваў, вельмі патрэбная, вельмі папулярная, але і складаная, там шмат прадметаў: абмундзіраванне, зброя, кальчугі, стрэлы, шлемы — усё, што звязана з баявымі дзеяннямі. Ён вельмі добра ўсё гэта ведае, выдатна разбіраецца ў сваёй працы. Гэтая тэма — вузкая і вельмі складана знайсці падрыхтаванага спецыяліста. І зараз мы як без рук», — кажа Людміла Талкачова, якае выконвае абавязкі кіраўніка аддзелу археалогіі, нумізматыкі і зброі ў Нацыянальным гістарычным музеі.
Анатоль Яўдаха, бацька кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдахі распавёў, што ад Алеся таксама рэгулярна прыходзяць лісты. З СІЗА Алесь паведамляе, што з ім не праводзіцца ніякіх следчых дзеянняў, ён проста сядзіць, і нічога не адбываецца. Бацька кажа, што ў сына настрой хутчэй добры, чым дрэнны.
«Але ж ён вельмі сціплы, што тычыцца расповедаў пра сябе, ён мала пра гэта піша», — кажа Анатоль Мікалаевіч.
Алесь Яўдаха — кніганоша, і ягоны прыгожы бізнес без гаспадара затрымаўся. Алесь знаходзіцца ў СІЗА ўжо амаль тры месяцы.
«Алеся няма і справы няма. Гэта ж натуральна, акрамя Алеся, ніхто ж не будзе рабіць працу за яго», — кажа Анатоль Яўдаха.