Былога лідара «Белага легіёну» перавялі з КДБ на «Валадарку»

Фігурант «справы патрыётаў» Міраслаў Лазоўскі пераведзены з СІЗА КДБ ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, паведаміла прадстаўніца сем’яў затрыманых Ніна Шыдлоўская.

 Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота

 Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота

Лазоўскі быў затрыманы ўвечары 21 сакавіка пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лагерах з зброяй». Адзін з лагераў нібы быў «у раёне Бабруйску і Асіповічаў», астатнія ва Украіне і ці Літве, ці Польшчы. У той жа дзень і некалькімі днямі пазней былі затрыманыя яшчэ больш за два дзясяткі чалавек, у тым ліку сябры «Маладога фронту» (на момант публікацыі вызваленыя) і чальцы легальнага клубу «Патрыёт».

Да затрымання Лазоўскі працаваў памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». На пачатку 1990-х гадоў ён быў адным са стваральнікаў арганізацыі «Белы Легіён». Сябры «Белага Легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мітынгаў і шэсцяў у 1996–1999 гадах. Арганізацыя працавала падпольна і спыніла сваё існаванне на пачатку 2000-х.

Па «справе патрыётаў» 16 чэрвеня спынілі пераслед за «масавыя беспарадкі». Справу, у якой засталося «незаконнае ўзброенае фармаванне», перадалі з КДБ у Следчы камітэт.

У «справе патрыётаў» за кратамі застаюцца 14 чалавек, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы за «навучанне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках» і «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання». Праваабаронцы патрабуюць іх неадкладна вызваліць, бо затрыманыя казалі пра катаванні, але Генпракуратура не бачыць падставаў для пракурорскай праверкі.

Нявеста Лазоўскага Сьвятлана была ў ліку тых, хто казаў пра катаванні затрыманых. Паводле яе, Міраслаў быў моцна збіты падчас арышту і што ў першыя дні следства да яго не пускалі адваката, хоць допыты працягваліся, у тым ліку ўначы.

www.svaboda.org