«Высновы, агучаныя ЦВК, не з’яўляюцца рэальным адлюстраваннем волевыяўлення беларускага народа»

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ад 2008 года назірае за выбарчым працэсам максімальна прыбліжана да стандартаў БДІПЧ АБСЕ. Паводле непісаных правілаў гэтай арганізацыі, спачатку трэба за нешта пахваліць, а потым выказваць заўвагі, і журналісты ўвесь час варожаць: за што ж улады ў гэты раз пахваліць старшыня «Беларускага Хельсінкскага камітэту» Алег Гулак? Але, падаецца, у гэтых выбарах і яго праняло.

Архіўнае фота

Архіўнае фота

Варта зазначыць, што ўмовы, у якіх адбываліся выбары, былі прадэманстраваныя журналістам яскрава і відавочна: ахова завода «Гарызонт», дзе месціцца цяпер Прэс-клуб, і дзе павінна была праходзіць прэс-канферэнцыя, проста не прапусціла на яе вялікую частку журналістаў. Прычына? — «Вас вельмі шмат». Таму арганізатарам давялося тэрмінова перанесці мерапрыемства ў меншы па плошчы, але больш гасцінны ПЭН-цэнтр.

Алег Гулак у сваёй прамове адзначыў, што сёлета акрамя праваабаронцаў у назіранні за выбарамі ўдзельнічалі і чальцы Таварыства беларускай мовы. Напэўна, гэта дазволіла б ахапіць назіраннем больш участкаў, каб не дзеянні ўлады. Увогуле ж, як мякка выказаўся старшыня БХК, тое, што мы бачылі, «вельмі далёка ад стандартаў свабодных і справядлівых выбараў», а ўсе этапы выбарчай кампаніі прайшлі «з крытычнымі праблемамі».

Пачаліся гэтыя праблемы, адзначыў праваабаронца, нават да абвяшчэння выбараў, і не скончылася з іх афіцыйным заканчэннем. Выбарчыя камісіі былі створаныя «неплюралістычна», пры зборы подпісаў выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс на карысць аднаго з прэтэндэнтаў у прэзідэнты, а рэпрэсіі не спыняліся ні на хвіліну. Пры гэтым Гулак адзначыў, што назіральнікі бачылі актыўнасць грамадзян, якія ставілі подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў, але не бачылі актыўнасці па такім жа зборы за дзейснага кіраўніка краіны, і таму сабраныя ім за сваё вылучэнне два мільёны подпісаў выклікаюць вялікія сумневы.

Працэдуру рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнта таксама нельга лічыць законнай. А абмежаванне незалежнага назірання пад выглядам клопату пра насельніцтва з-за эпідэміі covid-19 выглядае недарэчна. Бо, як адзначыў Гулак, 9 жніўня з-за гэтых абмежаванняў на ўчастках утварыліся вялікія чэргі і натоўпы, аднак ён не пабачыў аніводнага выпадку, каб адпаведныя санітарныя службы ці нават супрацоўнікі міліцыі, што ахоўвалі ўчасткі, спрабавалі неяк «разруліць» сітуацыю.

Яшчэ адзін каардынатар кампаніі, юрыст Уладзімір Лабковіч спыніўся на галасаванні. Па яго словах, ЦВК сваёю «абсалютна незаконнай» пастановай №115 пра абмежаванне колькасці назіральнікаў на ўчастку фактычна забараніла назіранне. З 798 назіральнікаў, што вылучала кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», толькі 93 здолелі назіраць «розныя этапы» галасавання па некалькі гадзінаў, і толькі адзін назіральнік меў магчымасць назіраць увесь працэс галасавання, толькі тры назіральнікі (з амаль 800, нагадаю) былі пакінутыя на падлік галасоў. Больш за 30 назіральнікаў былі пазбаўленыя акрэдытацыі, а адзін на момант прэс-канферэнцыі яшчэ быў закратаваны. Усяго рэпрэсіі закранулі каля 150 назіральнікаў розных ініцыятыў і арганізацый.

Каля 70% назіральнікаў адзначылі факт завышэння яўкі на датэрміновым галасаванні, 40% адзначалі прымус да галасавання датэрмінова, хаця, па словах Лабковіча, гэта менш, чым у папярэднія выбары. Сам ён, як і многія, звязвае гэта з тым, што студэнты — найбольш уразлівая да такога прымусу група — цяпер былі на вакацыях.

Зразумела, ва ўмовах 40-працэнтнага датэрміновага галасавання многія назіральнікі пабачылі перавышэнне яўкі выбаршчыкаў за лічбу ў 100%. Але камісіі ў такіх выпадках, не ведаючы, што рабіць, рабілі адно — выклікалі міліцыю на назіральнікаў, каб тыя завышанай яўкі не пабачылі.

І, як сказаў Лабковіч, «татальна» выбарчыя камісіі не вывешвалі на ўсеагульны агляд пратаколы па выбарах на ўчастках. А гэта — найгрубейшае парушэнне Выбарчага кодэксу.

Такім чынам, «Праваабаронцы за свабодныя выбары» вымушаныя заявіць, што:

«У цэлым выбарчы працэс на ўсіх этапах не адпавядаў міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і справядлівых выбараў, суправаджаўся шматлікімі парушэннямі гэтых прынцыпаў і патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства. Гэта было абумоўлена актыўным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу на карысць дзеючага прэзідэнта, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, няроўным доступам да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў, уключаючы датэрміновае галасаванне, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў. Таксама істотныя парушэнні пры правядзенні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нацыянальнага заканадаўства і асноўных прынцыпаў правядзення справядлівых і дэмакратычных выбараў, у тым ліку пазбаўленне назіральнікаў магчымасці бачыць падлік і вынікі галасавання, не дае нам падставаў давяраць вынікам выбараў, агучаных Цэнтральнай выбарчай камісіяй і лічыць іх адлюстроўваючымі рэальнае волевыяўленне грамадзян Рэспублікі Беларусь. Таму мы лічым, што выбары поўнасцю не адпавядаюць міжнародным стандартам і абавязальніцтвам, якія на сябе ўзяла Рэспубліка Беларусь, нацыянальнаму заканадаўству, а тыя высновы, якія былі агучаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй, не з’яўляюцца рэальным адлюстраваннем волевыяўлення беларускага народа на гэтых выбарах».

Прыкладам таго, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, Лабковіч лічыць яшчэ і тое, што іншым разам на двух выбарчых участках, што размяшчаліся ў адным памяшканні, літаральна праз сценку, лічбы адрозніваліся кардынальна. На адным участку, напрыклад, камісія налічыла 80% галасоў Лукашэнку і 20% — Ціханоўскай. На другім, што знаходзіўся, паўтаруся, праз сценку, 80% набірала Ціханоўская і 20% — Лукашэнка. Статыстычна такога не можа быць, але было. Чаму? Таму што на першым участку не было назіральнікаў, а на другім яны былі.

Асобным выпадкам праваабаронцы адзначылі падзеі, што адбыліся ў ноч з 9 на 10 жніўня. Па іх дадзеных, у шпіталях знаходзіцца каля 50 чалавек, траўмаваных гумовымі кулямі і аскепкамі светлашумавых гранат. Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, уся віна за інцыдэнты, што адбыліся ўночы, ускладаецца на дзяржаву.

Таму што па законе, па Канстытуцыі грамадзяне маюць права на свабоду мірных сходаў, а абавязак дзяржавы — забяспечыць гэтую свабоду сходаў. Тое, што сход грамадзян быў мірны, ні ў каго сумневаў не выклікае, а таму адказныя за бойку — выключна ўлады Беларусі.

Жорсткая рэзалюцыя кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», напэўна, будзе мець наступствы. Таму што, як згадвалася напачатку, яны праводзілі назіранне па стандартах, максімальна набліжаных да стандартаў БДІПЧ АБСЕ. А БДІПЧ АБСЕ сёлета не даслала місію ў Беларусь, бо ёй запозна даслалі запрашэнне на выбары. Такім чынам, АБСЕ, хутчэй за ўсё, у стасунках з беларускімі ўладамі будзе кіравацца менавіта гэтай жорсткай рэзалюцыяй.

Не выключана, што, калі Лукашэнка прыедзе ў Еўропу, у яго запытаюцца: «А хто ты такі?».