Вялікабрытанія пацвердзіла адпраўку салдат на польска-беларускую мяжу

Лондан афіцыйна пацвердзіў адпраўку брытанскіх салдат на польска-беларускую мяжу, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на пост Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў «Твітары».

pol7_1100.jpg


«Невялікая група брытанскіх вайскоўцаў пасля дамоўленасці з урадам Польшчы была накіраваная, каб вывучаць, якую інжынерную падтрымку мы можам аказаць, каб вырашыць сітуацыю на мяжы з Беларуссю», — гаворыцца ў заяве брытанскага абароннага ведамства.
Раней міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак расказаў, што брытанскія вайскоўцы дапамогуць Польшчы ўмацаваць агароджу на мяжы з Беларуссю.
Як паведамлялася раней, пра тое, што Польшчы трэба аказаць дапамогу ў абароне знешняй мяжы Еўрасаюза, заявіў выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў ФРГ Хорст Зеехофер. Ён таксама заклікаў краіны ЕС да згуртаванасці ў гэтым пытанні. Сітуацыя на мяжы Беларусі з краінамі ЕС і міграцыйны крызіс будуць абмяркоўвацца ў пятніцу ў Парыжы на сустрэчы кіраўнікоў МЗС і Мінабароны Францыі і Расіі.
Крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЕС рэзка абвастрыўся 8 лістапада. Некалькі тысяч чалавек прыйшлі да польскай мяжы ў спадзеве прарвацца праз тэрыторыю Польшчы далей у Германію. Яны разбілі лагер у лесе і перыядычна робяць спробы прарвацца праз мяжу.