«Святлане Ціханоўскай было б правільна як мінімум даць справаздачу за год сваёй працы». Яўген Магда — пра работу над памылкамі дэмсіл
Вучыцца дэмакратыі і выпраўляць свае памылкі ніколі не позна — упэўнены ўкраінскі палітолаг Яўген Магда. Асабліва калі гаворка ідзе пра будучыню тваёй краіны.
— Мяркую, што пратакол узаемадзеяння паміж дэмакратычнымі сіламі ў тым выглядзе, у якім яго падпісалі на канферэнцыі, выглядае не зусім карэктна, — выказаў сваё меркаванне ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» адзін з удзельнікаў канферэнцыі «Новая Беларусь», дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Мяркую, што такім чынам беларускія дэмсілы рыхтуюцца да выбараў 2025 года.
Але, пагадзіцеся, дзіўна, калі, згодна з гэтым дакументам, нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская павінна зацвярджаць дакументы, прынятыя Каардынацыйнай радай і АПК, які ўзначальвае Святлана Ціханоўская.
І арбітрам у выпадку ўзнікнення рознагалоссяў можа быць таксама Святлана Ціханоўская.
Я лічу, што змена ўлады і абнаўленне ўлады — гэта прыкмета дэмакратыі. А змагацца з Лукашэнкам, выкарыстоўваючы яго ж элементы «суперпрэзідэнцкай рэспублікі», недальнабачна.
— Такую прыкмету дэмакратыі, як змена ўлады, як можна ўпісаць у тыя рэаліі, у якіх існуюць цяпер беларускія дэмсілы?
— Мяркую, што Святлане Ціханоўскай было б правільна як мінімум даць справаздачу за год сваёй працы. Напярэдадні яна сутыкнулася з мноствам прэтэнзій адносна абмену, на які беларускія дэмакратычныя сілы не маглі паўплываць.
Аднак усім вядома, што яна актыўна займаецца знешнепалітычнай дзейнасцю. Таму тысячам беларусаў, якія могуць і хочуць браць удзел у грамадска-палітычнай дзейнасці, варта было б растлумачыць механізм яе паўнамоцтваў. Пакуль гэтага няма.
Як і не было, напрыклад, за чатыры гады, пры наяўнасці дзясяткаў пазбаўленых ліцэнзіі адвакатаў, якой-небудзь спробы ствараць судовую сістэму незалежнай Беларусі, якая таксама з'яўляецца адной з асноў дэмакратыі.
Я не бачу спробаў ствараць эфектыўную ўладу, якая б падзялялася на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Думаю, гэта вялікая памылка.
— Якім вы сабе ўяўляеце механізм стварэння судовай сістэмы дэмакратычнымі сіламі ва ўмовах эміграцыі?
— Па-першае, сам працэс падрыхтоўкі суддзяў — няхуткі. Рыхтаваць іх трэба як мінімум год. Частку з іх магла б прызначаць і Ціханоўская. У краінах Еўропы прэзідэнты прызначаюць суддзяў упершыню.
Зразумейце, без абнаўлення судовай улады змена рэжыму вельмі праблематычная. Плюс можна правесці апытанне, якія законы перш за ўсё патрэбныя новай Беларусі, публічна вызначыць, дапусцім, дзесяць прыярытэтаў і накіраваць сілы менавіта на іх распрацоўку.
— То-бок фармальна вы б дадалі яшчэ паўнамоцтваў Ціханоўскай у плане прызначэння суддзяў?
— Прызначэнне суддзяў — гэта і ёсць фармальны працэс, гэта старт іх працы. Гэта значыць, яна проста давала б ім пуцёўку ў жыццё, як адбываецца ў многіх краінах.
— Вы сказалі, што не бачыце спробаў ствараць эфектыўную ўладу, якая б падзялялася на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. А Каардынацыйную раду не лічыце спробай стварыць протапарламент або заканадаўчы орган?
— Безумоўна, я разумею і падтрымліваю працу КР. Згодны з тым, што яна можа стаць протапарламентам.
Я нават не лічу, што колькасць тых, хто прагаласаваў (больш за 6700 беларусаў) — гэта дрэнна. У любым выпадку члены КР — гэта тыя, за каго прагаласавалі іншыя людзі.
Іншая справа, што ў сувязі з такой невялікай колькасцю прагаласаваўшых КР, напрыклад, магла б прыняць рашэнне аб скарачэнні сваіх паўнамоцтваў на год.
Тады наступныя выбары прайшлі б у 2025 годзе. І гэта была б ужо пэўная праца над памылкамі.
Пакуль з таго, што бачу, КР вельмі павольна разгойдваецца, і гэта падрывае давер да прадстаўнічай улады. За больш чым два месяцы працы там, па сутнасці, толькі абралі спікера і віцэ-спікера.
Дарэчы, цікава, што ў беларускіх дэмсілах на топавых пазіцыях шмат жанчын. Гэта досыць важны момант, і яго цалкам можна выкарыстоўваць для супрацьпастаўлення Лукашэнкі.
Але астатнія працэсы ў КР ідуць даволі павольна.
Вяртаючыся да тэмы змены ўлады, думаю, што КР магла б прыняць і рашэнне аб абранні «нацыянальнага лідара» або прэзідэнт-электа.
Там, дарэчы, ёсць большасць, якая арыентуецца менавіта на Ціханоўскую. Гэта быў бы цікавы крок. Гэта магло б паказаць, як напрацоўваюцца парламенцкія традыцыі.
Паказаць, што ў дэмсіл ёсць здольнасць захаваць уладу і ёсць жаданне мяняць палітычную структуру Беларусі, палітычныя правілы. Але я разумею, што для такога кроку патрэбная пэўная палітычная воля.
— Калі аддаць КР паўнамоцтвы на абранне нацыянальнага лідера, першым аргументам стануць лічбы: усё тыя ж 6700, якія прынялі ўдзел у выбарах у КР, супраць мінімум мільёна, якія прагаласавалі за Святлану Ціханоўскую на выбарах у 2020 годзе (паводле даных онлайн-платформы «Голас». — Заўв. рэд.).
— Гэта слабы аргумент, які паказвае на тое, што КР — недастаткова легітымная. Іншая справа, што, на мой погляд, усе ўдзельнікі кампаніі недапрацавалі, не стварылі пазітыўны імідж выбараў, недастаткова добра патлумачылі, што гэтыя выбары — падзея, што такім чынам фармуецца лічбавая дэмакратыя, таму што няма іншай магчымасці.
Цяпер няма сэнсу гаварыць, што было ўчора. Сёння вам, беларусам, па розных аспектах трэба праводзіць працу над памылкамі. І рабіць гэта ніколі не позна.