«Сенатара» Ганну Шарэйку абвінавацілі ў карупцыі
Паводле звестак крыніцы, якая брала ўдзел у закрытай сесіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу 14 жніўня, сябры Савету пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасці «сенатара» Ганну Шарэйку, якая працавала дырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, і далі згоду на яе крымінальны пераслед.
Гэтыя звесткі пацвердзіў і Следчы камітэт Беларусі. Прозвішча «сенатара» ў паведамленні Следчага камітэту не названае, але паведамляецца, што ідзе гаворка пра карупцыю на
Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы.
«Следчымі атрыманыя доказы датычнасці кіраўніка названага прадпрыемства да здзяйснення злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.424 (Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) КК Рэспублікі
Беларусь. У сувязі з тым, што дадзеная службовая асоба з'яўляецца членам Савета Рэспублікі і карыстаецца дэпутацкай недатыкальнасцю, матэрыялы, якія даказваюць яе дачыненне да здзяйснення
супрацьпраўных дзеянняў, былі прадстаўленыя ва ўстаноўленым парадку на пазачарговую сэсію Савета Рэспублікі. У адпаведнасці з арт.47 Закону Рэспублікі Беларусь ад 4 лiстапада 1998 году „Аб
статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь“ атрымана згода на ажыццяўленне крымінальнага пераследу ў дачыненні да члена Савета
Рэспублікі. Следчым камітэтам вынесена пастанова аб затрыманні службовай асобы», — напісаў у Фэйсбуку прэсавы сакратар Следчага камітэту Беларусі Сяргей
Кабаковіч.
Якраз Ганна Шарэйка з'яўляецца Генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» і членам Савету Рэспублікі.
Яна нарадзілася ў 1960 г. у вёсцы Антопаль Чашніцкага раёну Віцебскай вобласці. Скончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут (ветэрынарны лекар); Усерасійскі навукова-даследчы і тэхналягічны інстытут
птушкагадоўлі, (навуковая заатэхнія). Кандыдат сельскагаспадарчых навук.
Звестак пра дзейнасць Ганны Шарэйкі як сябра Савету Рэспублікі няшмат. Паводле інтэрнэту, час ад часу яе прозвішча фігуравала ў справаздачах аб паседжаннях. Так, у кастрычніку 2012 году Ганна
Шарэйка падчас абмеркавання бюджэту паскардзілася на тое, што дзяржаўныя банкі спынілі выдачу крэдытаў на фінансаванне дзяржаўных праграмаў і падвысілі маржу да стаўкі рэфінансавання.
Каментуючы справу, былы следчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак звярнуў увагу найперш на закрытасць паседжання Савету Рэспублікі.
«Найперш звярну ўвагу на тое, што сябры Савету Рэспублікі не абіраюцца выбарцамі, а прызначаюцца на сесіях абласных саветаў ды Аляксандрам Лукашэнкам. І ўсе гэтыя кандыдатуры раней
праходзілі праверку. А цяпер атрымліваецца, што Лукашэнка іх прызначыў, і ён жа кажа пра карупцыю. Дык што, раней ён не ведаў пра іх карупцыю? Яны ўжо былі карупцыянеры ці пасля такімі сталі?
І другі момант: чаму зноў закрытасць інфармацыі, чаму закрытае паседжанне? Мяркую, трэба па тэлебачанні паказваць такія паседжанні, каб выкрываць гэтыя схемы. Мы ж нічога не ведаем, чым яны
займаліся і за што іх арыштоўваюць».
Артыкул, які інкрымінуецца Ганне Шарэйцы, прадугледжвае да 8 гадоў зняволеньня з канфіскацыяй.