Reuters: Беларусь збіраецца запускаць ракеты разам з Расіяй

Міністэрства абароны Беларусі заявіла сёння, што правядзе вучэнні з баявой зброяй і пуск зенітных ракет у рамках сумеснай групоўкі з расійскімі войскамі, паведамляе «Reuters» са спасылкай на «Інтэрфакс».

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/mod.mil.by

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/mod.mil.by


«Воінскія часці са складу злучэнняў плануецца разгарнуць на чатырох палігонах Рэспублікі Беларусь ва ўсходняй і цэнтральнай частцы краіны, пасля чаго яны пачнуць правядзенне мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі», — заяўляюць у беларускім Мінабароны.
Таксама заяўлена, што Беларусь «пакідае за сабою права на прэвентыўны ўдар»:
«Рэспубліка Беларусь будзе адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы з выкарыстаннем усіх наяўных сродкаў, у тым ліку з дапамогай прымянення ваеннай сілы, і пакідае за сабой права прымянення комплексу прэвентыўных мер стратэгічнага стрымлівання ў мэтах недапушчэння нападу або нейтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту».
Нагадаем, на мінулым тыдні стала вядома, што Лукашэнка збіраецца размясціць у краіне расійскія войскі — нібыта для фармавання новай «рэгіянальнай групоўкі» Саюзнай дзяржавы. Афіцыйны Мінск заяўляе, што Украіна рыхтуецца напасці на яе тэрыторыю Беларусі, прычым ніякіх доказаў агрэсіўных намераў Украіны няма. У адказ прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў размясціць на беларуска-ўкраінскай мяжы міжнародных назіральнікаў.
У суботу эшэлоны з расійскімі ваўскоўцамі ўжо пачалі прыбываць у Беларусь. Учора над Мінскам былі заўважаныя расійскія знішчальнікі, якія перакідвалі ў вайсковы аэрадром у Мачулішчах. Пры гэтым з тэрыторыі Беларусі па Украіне зноў пачаліся абстрэлы. Але, нягледзячы на гэта, вайсковае кіраўніцтва адпрэчвае падрыхтоўку да вайны з беларускага боку.