Расія напала на Украіну. Галоўнае за трэці дзень вайны
На тэрыторыі Украіны 26 лютага працягваюцца баявыя дзеянні ў выніку развязанай Расіяй вайны.
Галоўныя падзеі 25 лютагатут.
***
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расіі была б «Трэцяя сусветная вайна». Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю блогеру Браяну Коэну.
«Паслухайце, было два варыянты дзеянняў: пачаць Трэцюю сусветную вайну, пачаць фізічна вайну з Расіяй, або варыянт нумар два: зрабіць так, каб краіна, якая дзейнічае настолькі насуперак міжнароднаму праву, заплаціла б цану за тое, што яна гэта зрабіла», — сказаў прэзідэнт ЗША.
***
Міністэрства энергетыкі Украіны адмовілася ад вяртання энергасістэмы ў аб'яднаную з Расіяй і Беларуссю сетку.
Пра гэта паведамляе ў Фэйсбуку міністр энергетыкі Герман Галушчанка.
«У той час, калі Расія пачала ваеннае ўварванне ва Украіну, энергасістэма нашай дзяржавы праводзіла тэставае выпрабаванне працы ў ізаляваным рэжыме ад расійскай і беларускай энергасістэм. Аўтаномная праца ўкраінскай энергасістэмы на працягу 24-26 лютага прайшла паспяхова і даказала здольнасць працаваць у ізаляваным рэжыме. І ўсё гэта ва ўмовах ракетных абстрэлаў, лютых баёў і спроб ворага атакаваць аб'екты крытычнай інфраструктуры», — заявіў ён.
***
Хіросі Мікітані, заснавальнік і кіраўнік «Rakuten» — кампаніі, якая выкупіла беларускі мэсэнджар «Viber», — ахвяраваў Украіне 8,7 млн долараў.
***
Украінскія вайскоўцы пад Севераданецкам разбілі калону і прымусілі адступіць расійскіх салдат ад горада.
Паведамляецца пра збітую тэхніку і шмат загінулых. Таксама пад Рубежным адбілі заход да горада акупантаў. Пра гэта паведамляе старшыня Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай.
***
У гомельскім шпіталі — больш за 150 параненых расійскіх вайскоўцаў.
У Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнай медыцыны (Гомель) — больш за 150 параненых расійскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведамляюць медыкі.
«Частку шпіталя аддалі цалкам пад іх патрэбы. Прычым медыцынскую дапамогу ім аказваюць у першую чаргу. Параненыя працягваюць паступаць. Іх прывозяць на вайсковых грузавых аўтамабілях», — паведамляе крыніца «Свабоды».
Раней медыкі паведамлялі, што параненых прымае і абласны шпіталь.
Рэспубліканскі цэнтр радыяцыйнай медыцыны — найбліжэйшая буйная медыцынская ўстанова на ўездзе ў Гомель. Яна месціцца каля шашы Чарнігаў — Гомель.
***
У ЕС прыгразілі Беларусі адключэннем ад SWIFT.
Кіраўнікі МЗС краін ЕС сустрэнуцца заўтра, каб дасягнуць палітычнага пагаднення аб санкцыях SWIFT.
Пра гэта паведаміў журналіст «RFE/RL» Рыкард Ёзвяк.
«Міністры замежных спраў краін ЕС сустрэнуцца заўтра ў рэжыме відэаканферэнцыі, каб дасягнуць палітычнага пагаднення па санкцыях SWIFT. Таксама ёсць прапанова адключыць Беларусь ад SWIFT», — напісаў ён.
***
Украіна закрывае пункты пропуску праз мяжу з РФ і Беларуссю. Пра гэта паведаміў на брыфінгу прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль.
«Урад прыняў рашэнне аб часовым закрыцці пунктаў пропуску праз дзяржаўную мяжу з Расіяй і Беларуссю», — сказаў кіраўнік урада.
Ён дадаў, што грамадзяне, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі гэтых краін і хочуць вярнуцца дадому, могуць вярнуцца ва Украіну спакойна і бесперашкодна.
«І мы, вядома, заклікаем вяртацца дадому. Дакажыце, што вы на баку святла», — сказаў Шмігаль.
***
Выратавальнае судна «Сапфір» захоплена расійскімі ваеннымі караблямі ля выспы Змяіны
Украінскай выратавальнае судна «Сапфір» захоплена расійскімі ваеннымі караблямі ў Чорным моры, паведамляе РБК-Украіна.
Яно выконвала гуманітарную місію ў раёне вострава Змяіны. Сувязь з выратавальным суднам у цяперашні час страчана. Дзеянні расійскіх ваенных караблёў з'яўляюцца прамым парушэннем нормаў міжнароднага марскога права і Міжнароднай канвенцыі па бяспецы мараходства.
Дырэктар сеткі заправак GLUCO аддаў усё паліва і ўсё бензавозы кампаніі на патрэбы абароны Украіны.
«Кіеўстар», Vodafone і lifecell заблакавалі доступ да сваіх сетак для абанентаў з РФ і Беларусі
Мабільныя аператары «Кіеўстар», Vodafone і lifecell заблакавалі доступ да сваіх сетак для абанентаў Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.
Гэтую інфармацыю пацвердзіла прэс-сакратар Vodafone Ukraine Вікторыя Паўлоўская на сваёй старонцы ў сацсетцы Facebook.
«Магчымасць рэгістрацыі абанентаў Расіі і Беларусі ў сеткі Vodafone Украіна заблакаваная. Раптам вы не ведалі», — напісала яна.
Пацвердзілі гэта рашэнне і ў прэс-службе «Кіеўстар».
«Нам паступаюць пытанні ад абанентаў, ці прадстаўляем мы паслугі ўнутранага роўмінгу для мабільных аператараў Расіі і Беларусі на тэрыторыі Украіны? Інфармуем, што ў ноч з 24 на 25 лютага "Кіеўстар" разам з іншымі ўкраінскімі аператарамі спыніў прадастаўленне паслугі ў сваёй сетцы для абанентаў усіх мабільных правайдэраў Расіі і Беларусі. Яны больш не могуць атрымліваць і здзяйсняць званкі, карыстацца інтэрнэтам, адпраўляць SMS», — гаворыцца ў паведамленні.
Крэатыўна. Вярхоўная Рада Украіны папрасіла дапамогі рыэлтараў у выкрыцці дыверсантаў
На тэрыторыю Украіны ў кожны населены пункт заехалі «спячыя групы». Названыя асобы здымалі кватэры, пражывалі там і чакалі часу «Ч», піша тэлеграм-канал Вярхоўнай Рады.
У асноўным кватэры здымалі карыстаючыся паслугамі рыэлтараў. У населеных пунктах (месцах) у рыэлтараў існуюць свае працоўныя чаты. ВР просіць рыэлтараў і ўсіх грамадзян: інфармацыю аб асобах мужчынскага полу, падобных на расійцаў, якія групамі па 2-3 чалавекі здымалі жыллё ў перыяд са снежня 2021 года па цяперашні час, тэлефанаваць па нумары 0679839403 або на 102️.
Названыя асобы цяпер могуць выкарыстоўвацца ў якасці карэкціроўшчыкаў агню і дыверсійных груп і могуць быць узброенымі️.
Зяленскі: Эрдаган і Аліеў прапанавалі арганізаваць перамовы з Расіяй
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў тэлефонныя перамовы з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам і азербайджанскім лідарам Ільхамам Аліевым.
Яны прапанавалі ўзяць на сябе арганізацыю перамоваў з Расеяй, заявіў Прэзідэнт падчас звароту да ўкраінцаў.
«Ільхам Аліеў і прэзідэнт (Турцыі) Эрдаган прапанавалі арганізаваць перамовы з Расіяй, гэта можна павітаць», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
Кіберпаліцыя Украіны распрацавала Telegram чат-бот для блакавання сэрвісаў дэзінфармацыі
З дапамогай бота можна заблакаваць Telegram-каналы, YouTube-каналы, Facebook-групы, Instagram-профілі, якія распаўсюджваюць дэзінфармацыю, а таксама інфармацыю пра месцы дыслакацый УСУ.
Карыстальнікам чат-бота будуць накіраваныя падрабязныя інструкцыі па блакаванні кожнага з сэрвісаў.
Запрашаюцца усе актыўныя да удзелу ў блакаванні дыверсійных рэсурсаў.
Спасылка на чат-бот: https://t.me/stopdrugsbot — сюды грамадзяне накіроўваюць выяўленыя рэсурсы для іх праверкі і далейшага блакавання.
Спасылка на канал Telegram: https://t.me/stoprussiachannel. Сюды будуць накіроўвацца дыверсійныя рэсурсы для блакавання і падрабязныя інструкцыі як гэта зрабіць.
ЗША дашлюць Украіне новыя «Джавеліны» «так хутка, як толькі змогуць» — Пентагон
Наступны транш дапамогі Украіне будзе ўключаць і пераносныя супрацьтанкавыя ракетныя комплексы (ПТРК) «Джавелін». Пра гэта заявіў высокапастаўлены чыноўнік Пентагона, паведамляе Голас Амерыкі.
Ён пацвердзіў, што ЗША дадуць новы пакет вайсковай дапамогі Украіне «так хутка, як толькі змогуць», «ён прыбудзе траншамі», як і папярэднія.
Каментуючы сітуацыю ва Украіне, чыноўнік Пентагона паказаў, што супраціў украінцаў «большы чым чакалі расійцы» і ЗША бачаць прыкметы, што «расійцы ўсё больш расчараваныя адсутнасцю наступальнага парыву цягам апошніх 24 гадзін».
Паводле ацэнак ЗША, больш на раніцу па Вашынгтоне расійскія войскі выпусцілі па Украіне больш за 250 ракет, расійцы гэтымі ракетамі працягваюць наносіць пашкоджанні «грамадзянскай інфраструктуры і жылым раёнам».
Германія ўпершыню дазволіла адправіць зброю ва Украіну
Германія дазволіла Нідэрландам накіраваць Украіне 400 рэактыўных гранатамётаў для дапамогі ў барацьбе з расійскімі войскамі, што сведчыць аб рэзкай змене ваеннай палітыкі Берліна на фоне ціску з боку саюзнікаў па ЕС і НАТА.
Да суботы Германія прытрымлівалася даўняй практыкі не дазваляць увоз лятальнай зброі, якая знаходзіцца пад яе кантролем, у зоны канфлікту.
Змены ў пазіцыі Германіі адбываюцца па меры таго, як шматлікія заходнія саюзнікі мабілізуюцца, каб адправіць Украіне больш зброі, боепрыпасаў і нават сістэм супрацьпаветранай абароны.
Адмена можа азначаць хуткае павелічэнне еўрапейскай ваеннай дапамогі Украіне, паколькі большая частка зброі і боепрыпасаў на кантыненце, па меншай меры, часткова зроблена ў Германіі, што дае Берліну кантроль над іх перадачай.
Міністэрства абароны Украіны, як і абяцала, адкрывае «прамую лінію» для ўсіх, у каго «дзесьці на ўкраінскай зямлі згубіўся расійскі салдат».
Twitter заблакаваў магчымасць рэгістраваць акаўнты ў Расіі
Сацыяльная сетка Twitter заблакавала магчымасць рэгістраваць акаўнты ў Расійскай Федэрацыі. Пра гэта паведаміў міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў у сваім Telegram-канале.
«Twitter заблакаваў магчымасць рэгістраваць акаўнты ў РФ. Дзякуй! Чакаем Facebook і Instagram!» — напісаў ён.
У Ровенскай вобласці адкрылі «паляванне на акупантаў»: названыя расцэнкі
Народны дэпутат Украіны ад партыі «Слуга народа» Дзмітрый Саламчук заявіў аб грашовых выплатах для ўсіх, хто знішчыць або затрымае акупантаў РФ.
Пра сваё рашэнне прадстаўнік монабольшасці ў Радзе распавёў у Facebook.
Паводле яго слоў, рашэнне аб грашовых выплатах за знішчэнне акупантаў РФ прынялі прадпрымальнікі Ровенскай вобласці.
Выплата за ліквідаванага расійскага акупанта — $50, за палоннага — $100. «Планавалі большыя ўзнагароды, але яны таго не каштуюць», — дадаў Саламчук.
Парашэнка перадаў батальёну тэрабароны партыю кулямётаў і браняваную машыну «Трытон»
Экс-прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка перадаў батальёну тэрытарыяльнай абароны 30 кулямётаў ПКМ вытворчасці «Кузні на Рыбальскім», буйнакаліберны кулямёт і браніраваную машыну «Трытон».
«Родны "Пакемон" — нашы лепшыя байцы разумеюць, што гэта такое — безадмоўная, магутная, моцная зброя, сёння на ўзбраенні батальёна. І ў кожным аддзяленні будзе такі кулямёт. Гэта была ініцыятыва "Кузні на Рыбальскім", рабочых, кіраўніцтва завода. Я хачу падзякаваць кіраўніцтва завода і спадзяюся, што ўсе падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны будуць забяспечаны», — кажа Парашэнка.
Па яго словах, браняваная машына "Трытон" выраблена адмыслова для Узброеных Сіл, для памежнікаў. Яна можа пераадольваць водныя перашкоды.
«Так цяпер камплектуецца ўкраінская тэрытарыяльная абарона. Абарона горада Кіева. Так мы плануем сустракаць ворага і не раім яму рушыць у Кіеў», — сказаў пяты прэзідэнт Украіны.
У часе баёў за Чарнігаў узяты ў палон начальнік штаба расійскай ваеннай часткі
У выніку маланкавай атакі сумесна з узброенымі сіламі Украіны вайскоўцамі Нацыянальнай гвардыі Украіны ўдалося вокамгненна вярнуць свае пазіцыі і захапіць двух расійскіх акупантаў, якія нават не паспелі зрэагаваць на тое што адбылося, вельмі разгубіліся і вымушаныя былі здацца ў палон, каб захаваць сваё жыццё.
Адзін з іх — начальнік штаба в/ч 41659, паведамляе прэс-служба Нацыянальнай гвардыі Украіны.
У Латвіі прапануюць Захаду паабяцаць прытулак расійскім салдатам, якія здадуцца Украіне
Віцэ-прэм’ер Латвіі Арціс Пабрыкс прапануе Захаду даць прытулак кожнаму расійскаму салдату, які здасца украінскім вайскоўцам. Пра гэта ён напісаў у сваім Twitter.
«Я толькі што атрымаў прапанову, як пакласці канец расійскай агрэсіі. Захад аб'яўляе, што кожны расійскі салдат, які здасца ўкраінцам, атрымае прытулак на Захадзе!», — напісаў ён.
На ягоную думку, гэта можа быць пераможнай ідэяй, якую падаў латвійскі мастак і палітык Айгарс Бікшэ.
«Краіны, якія не даюць зброю Украіне, даюць прытулак», — дадаў латвійскі віцэ-прэм'ер.
Нагадаем, раней Еўрасаюз заявіў, што гатовы прыняць неабмежаваную колькасць бежанцаў з Украіны і аказаць любую гуманітарную дапамогу.
Абаронцы выспы Змяіны могуць быць жывыя
Расійскія СМІ паведамілі аб дастаўцы ў часова акупаваны Расіяй Севастопаль вайскоўцаў Украіны, якія знаходзіліся на востраве Змяіны, паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнай памежнай службы.
Папярэдняя інфармацыя пра тое, што сярод памежнікаў могуць быць загінулыя, паступіла перад тым як з абаронцамі згубілася сувязь. Па новай інфармацыі, ваенных маглі перамясціць у Крым. У той жа час гэта можа быць укідам, які Расія выкарыстоўвае, каб паказаць, што ўкраінскія абаронцы здаліся.
«Пасля атрымання інфармацыі аб іх верагодным месцазнаходжанні ГПСУ разам з ВСУ праводзіць працу па ідэнтыфікацыі нашых воінаў, што распаўсюджана ў адкрытых сетках. Мы шчыра спадзяемся, хлопцы як мага хутчэй вернуцца дадому, а інфармацыя, якая была атрыманая ў момант атакі аб гібелі, не пацвердзіцца», — гаворыцца ў паведамленні.
Раней усе 13 абаронцаў лічыліся загінулымі, а зададзены імі кірунак ракетнаму крэйсеру «Масква» перад ракетна-бомбавым ударам стаў мемам супраціву Украіны.
На трасе Ізюм — Харкаў расійскія вайскоўцы абстралялі пасажырскі аўтобус: ёсць ахвяра, 14 параненых
У Харкаўскай вобласці на трасе Ізюм — Харкаў расійскімі вайскоўцамі абстраляны пасажырскі аўтобус з людзьмі. Пра гэта паведаміў Уладзімір Мацокін, намеснік Ізюмскага гарадскога галавы.
У выніку абстрэлу аўтобуса пад Валахавым Ярам 14 параненых, 1 загінулы.
Ганаровы консул РБ у Львове падаў у адстаўку ў знак пратэсту
Ганаровы консул Беларусі ў Львове Ігар Драцяк падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць удзелу Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны.
Драцяк склаў свае паўнамоцтвы з учорашняга дня. Ён з'яўляўся Ганаровым консулам Беларусі ў Львове больш за 10 гадоў.
ЕС з 28 лютага прыпыніць спрошчаны візавы рэжым з Расіяй
ЕС з 28 лютага часткова прыпыняе спрошчаны візавы рэжым з Расіяй з-за ваеннага ўварвання ў Украіну.
Рашэнне датычыцца членаў афіцыйных дэлегацый, урада і парламента, канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, уладальнікаў дыпламатычных пашпартоў, а таксама прадпрымальнікаў.
Пагадненне паміж Еўрасаюзам і Расіяй аб спрошчанай выдачы віз дзейнічае з лета 2007 года. Гаворка ідзе аб кароткатэрміновай візе з правам знаходжання не больш за 90 дзён на працягу 180 дзён. Кожны бок можа прыпыніць дзеянне дакумента поўнасцю або часткова з меркаванняў грамадскага парадку, абароны нацыянальнай бяспекі або аховы здароўя насельніцтва.
Украўтадар заклікаў грамадзян Украіны і мясцовыя адміністрацыі дэмантаваць дарожныя шыльды
У сваю чаргу, прадстаўнікі камандавання ўкраінскіх Узброеных сіл просяць жыхароў гарадоў зняць шыльды з назвамі вуліц і нумарамі дамоў. Гэта тлумачыцца неабходнасцю пагоршыць магчымасці арыентавання расійскіх дыверсійных груп, паколькі яны не ведаюць мясцовасці.
Украўтадар суправадзіў свой зварот да грамадзян калажам з шыльдаў, дзе надпіс напрамкаў заменены на адказ украінскіх пагранічнікаў з вострава Змяіны расійскаму караблю.
Турцыя забараніла праход расійскіх ваенных караблёў у Чорнае мора
Турцыя забараніла праход расійскіх караблёў праз Чорнае мора, паведаміў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў Twitter.
«Дзякую сябру, спадару Прэзідэнту Эрдагану і яго народу за магутную падтрымку. Забарона на праход расійскіх ваенных караблёў у Чорнае мора і важкая ваенная, гуманітарная дапамога сёння вельмі важныя. Народ Украіны ніколі гэтага не забудзе!» — напісаў Зяленскі.
P.S. Турэцкія СМІ паведамляюць, што рашэнне яшчэ не прынятае.
Расійцы ўзарвалі шлюзы на дамбе праз раку Ірпень, ёсць пагроза затаплення
Дамба засталася адзінай пераправай праз раку Ірпень, паколькі ўсе астатнія масты ўзарваныя. На дамбе таксама пашкоджаныя выбухам яе канструкцыі, у прыватнасці шлюзы. Цяпер вада з Кіеўскага вадасховішча цячэ ў даліну Ірпень, што пагражае падтапленнем населеных пунктаў на дзясяткі кіламетраў уздоўж ракі.
Рака Ірпень знаходзіцца ніжэй за ўзровень вадасховішча і яе перапампоўваюць электрычнымі помпамі ў Кіеўскае вадасховішча.
SWIFT для Расіі — усё? Апошняя дзяржава ЕС падтрымала адключэнне Расіі ад SWIFT
Германія, апошняя дзяржава ЕС, якая дагэтуль устрымлівалася ад падтрымкі адключэння Расіі ад SWIFT з-за вайны ва Украіне, пагадзілася на ўвядзенне гэтай санкцыі, паведаміў карэспандэнт «Радыё Свабода» Рыкард Юзвяк.
Ён не ўдакладніў сваіх крыніц, але ўсё, пра што ён паведамляў раней, аказвалася праўдай.
Мінабароны Украіны адкрые гарачую тэлефонную лінію для сваякоў расійскіх акупантаў
Міністэрства абароны Украіны адкрые гарачую тэлефонную лінію для сваякоў расійскіх акупантаў. Яна будзе называцца «Вярніся жывым з Украіны».
Дарадца міністра ўнутраных спраў Антон Герашчанка паведаміў, што па нумары можна будзе даведацца ці жывы захопнік у палоне і перадаць яму вестку. Ці ж вырашыць пытанне калі можна забраць цела загінулага расійца.
З просьбай вывозіць целы загінулых акупантаў звярнулася да Чырвонага Крыжа віцэ прэм'ер-міністр Ірына Верашчук.
Намесніца міністра абароны Украіны Ганны Маляр: важна не дапусціць папаўнення паліва, боепрыпасаў і харчавання расійцам
«Супернік нясе вялікія страты, праціўнік знясілены. У яго зведзены на нішто магчымасці папаўнення паліва, боепрыпасаў і харчавання», — паведаміла Маляр у звароце.
Па яе словах, важна не дапусціць гэтага папаўнення. «Чакаецца, што вораг будзе выкарыстоўваць магчымасці папаўняць свае запасы за кошт мірных жыхароў, камерцыйных устаноў, суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу пераважна шляхам рабавання, адабрання, марадзёрства і іншымі злачыннымі спосабамі», — зазначыла яна.
Узброеныя Сілы Украіны звяртаюцца да грамадзян максімальна аб'ядноўвацца і аказваць супраціў у сваіх тэрытарыяльных супольнасцях.
СБУ папярэдзіла пра падрыхтоўку правакацыі з хімрэчывамі ў Данецку.
У гэтай дыверсіі плануюць абвінаваціць украінскіх вайскоўцаў.
Паводле наяўнай выведвальнай інфармацыі з часова акупаванага Данецка, баевікі збіраюць учыніць дыверсію супраць мірнага насельніцтва. Пра гэта паведамілі ў прэс-цэнтры СБУ.
«Акупанты раздаюць мясцовым баявікам і расійскім вайскоўцам супрацьгазы. Існуе верагоднасць правакацыі, падрыву прамысловых ёмістасцей з хімічнымі рэчывамі», — гаворыцца ў паведамленні.
У гэтай дыверсіі супраць мірнага насельніцтва баевікі плануюць абвінаваціць украінскіх вайскоўцаў.
«Мы заяўляем, што, у адрозненне ад расійскіх акупантаў, Украіна не звяртаецца да такіх метадаў. Заклікаем нашых грамадзян на часова акупаванай тэрыторыі быць пільнымі!» — падкрэслілі ў СБУ.
***
Флот агрэсара абвясціў пра «контртэрарыстычную аперацыю» ва ўкраінскіх водах.
ВМС Расіі закрылі раён у паўночна-заходняй частцы Чорнага мора — нібыта для контртэрарыстычнай аперацыі.
«Знаходжанне караблёў і судоў у гэтым раёне будзе расцэньвацца, як тэрарыстычная пагроза», — гаворыцца ў паведамленні, якое расійскія ВМС распаўсюджваюць па адкрытых каналах бяспекі суднаходства.
У ГПСУ адзначылі, што на паўночным захадзе Чорнага мора — украінскае, а не расійскае ўзбярэжжа.
***
Кіраўнік Мікалаеўскай адміністрацыі Віталь Кім паведаміў, што горад Нікалаеў рыхтуецца да кругавой абароны. Паводле яго інфармацыі, прарваліся 12 танкаў расійскіх акупантаў і іншыя сілы РФ.
«Паступіла каманда: кругавая абарона горада. З боку Кахоўкі ёсць прарыў — там 12 танкаў, яшчэ заходзяць сілы. Мабілізуем цяпер усе сілы для вайскоўцаў па перыметры там, дзе працуе артылерыя. Па нашых гараджанах — атрымаецца хаатычна, але нічога не зробіш, — прашу неабыякавых, хто валодае сілай і жаданнем, выходзіць, звязвацца з тэрытарыяльнай абаронай... Цяпер усё перадамо, што тычыцца "кактэйляў Молатава", зброі і гэтак далей. Я думаю, што трэба будаваць і ўнутры барыкады, каб не заходзілі ў канкрэтным раёне. Прашу звязвацца, аб'ядноўвацца, мы ім зараз надаём. Час у нас ёсць, таму што там вайскоўцы першыя спыняць. Думаю, дай Бог, нам трэба дабіць да ночы, каб яны не зайшлі, ноччу, хутчэй за ўсё, яны не зойдуць. У нас гадзін пяць дакладна ёсць для арганізацыі абароны нашага горада».
***
25 краін пагадзіліся аказаць ваенную дапамогу Украіне на канферэнцыі донараў, арганізаванай учора брытанскім Міністэрствам абароны.
Ахвяраванні ўключаюць боепрыпасы і супрацьтанкавую зброю. Вялікабрытанія прапанавала арганізаваць лагістыку аперацыі для дастаўкі ахвяраванняў.
Міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес сказаў: «Мы стаім плячо да пляча з Украінай і выкарыстоўваем усе варыянты, каб падтрымаць іх у абароне ад беспадстаўнага і незаконнага ўварвання прэзідэнта Пуціна».
***
План «Анаконда»: у Маскве будуць правяраць машыны з украінскімі нумарамі.
Паліцыя Масквы і Маскоўскай вобласці праводзіць «спецыяльнае мерапрыемства»: дадатковыя нарады з супрацоўнікаў патрульна-паставой службы і супрацоўнікаў ДІБДР дзяжураць на асноўных магістралях паўднёвага кірунку і спыняюць машыны з украінскімі нумарамі, паведамляе «Новая газета».
***
У Харкаве каменданцкая гадзіна ўводзіцца з 18:00 па 06:00.
***
«С презрением!». Кіраўнік памежнай службы Украіны Сергій Дейнеко напісаў жорсткі ліст беларускаму калегу.
«Можу також додати — ви не достойні називати себе прикордонниками», — напісаў кіраўнік Памежнай службы.
***
Расійскія войскі абстрэльваюць Чарнігаў з «Градаў».
Пра гэта паведамляе ў Фэйсбуку прэс-служба Чарнігаўскай абласной вайскова-грамадзянскай адміністрацыі.
Паводле інфармацыі мясцовых жыхароў, у горадзе раніцай ідуць вулічныя баі. Ад выбухаў у дамах вылятаюць шыбы.
***
Каменданцкая гадзіна ў Кіеве будзе дзейнічаць з 17:00 па 08:00.
***
У Ахтырцы Сумскай вобласці прагрымелі выбухі: агрэсарам знішчана вайсковая частка.
Сам горад пад кантролем Узброеных Сіл Украіны, заявілі ў вайсковай адміністрацыі.
***
Ёсць праблемы з доступам да інтэрнета на поўдні і ўсходзе Украіны, а таксама ў Кіеве. Гэтыя перабоі могуць перашкодзіць грамадзянскім групам, створаным для абароны сваіх гарадоў.
Дзяржаўная украінская каманда камп’ютарнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі паведамляе пра кібератакі, меркавана арганізаваныя працаўнікамі Міністэрства абароны Беларусі і накіраваныя на асабістыя адрасы электроннай пошты, якія належаць кіеўскім сілам. УККР адзначае, што хакеры нападалі не толькі на ўкраінцаў, але і на палякаў, расіян і беларусаў, а таксама на некалькі беларускіх СМІ.
***
Так выглядае чыгуначны вакзал Нікалаева пасля абстрэлу.
***
Каля Стаянкі падарваны мост Кіеў-Жытомір: з'явілася інфармацыя пра загінулых (відэа)
Народны дэпутат Украіны ад «Еўрапейскай салідарнасці» Аляксей Ганчарэнка заяўляе, што каля вёскі Стаянка падарваны мост, праехаць з Кіева ў Жытомір немагчыма.
Пра гэта ён напісаў у сваім Telegram-канале.
«Мост ля Стаянкі падарваны. Праехаць з Кіева ў Жытомір немагчыма», — заявіў Ганчарэнка.
Іншых падрабязнасцей ён не дадаў.
***
На месцы бою з расійскімі дыверсантамі ў Кіеве.
Украінскія вайскоўцы і службы хуткага рэагавання стаяць ля пашкоджанай машыны ў Кіеве на месцы баёў з расійскімі войскамі пасля таго, як Расія пачала масіраваную ваенную аперацыю супраць Украіны.
***
«У Сумах ідзе сур’ёзны бой. У горадзе абарона пачала спыняць калону варожых бензавозаў. Мясцовых жыхароў просяць трымацца далей ад вокнаў. Не хадзіць на вуліцы, не фатаграфаваць. Гэта небяспечна! Авіяцыя раскідвае па рэгіёне дзіцячыя цацкі, мабільныя тэлефоны і каштоўныя рэчы. Усё запоўнена выбухоўкай. Не кранайце нічога!» — паведамляе Сумская абласная ваенна-грамадзянская адміністрацыя.
У гэты час у сацсетках зʼяўляюцца шматлікія відэа з расійскімі машынамі, якія засталіся без паліва.
***
Кіраўнік адміністрацыі Луганскай вобласці Сяргей Гайдай распавёў пра страту гэтых трох пунктаў.
Па сітуацыі з рэштай рэгіёну:
– Севераданецк рыхтуецца да абароны
– у Гары: абстрэлы Кацярынаўкі, Новатошкіўскага, Бахмуцкага шашы
– у Лысічанску, Рубіжне, Попасне, Белаводску, Новаайдару, Старабельску, Сватаву, Навапскову – зараз ціха. Здараюцца праблемы з палівам. Бамбасховішчы гатовыя. Гуманітарная сітуацыя здавальняючая.
– адсутнічае сувязь з Муратава
– у Алексіеўцы ў выніку абстраляны дом шматдзетнай сям’і. Пацярпелых няма.
– У Шчасці пахавальная служба хавае трупы без дакументаў. Дакладная колькасць ахвяр пакуль не вызначана.
Улады папярэджваюць, што сітуацыя можа змяніцца ў любы момант.
***
МУС Беларусі: унутраныя войскі не будуць ваяваць ва Украіне.
Намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Беларусі Хазалбек Атабекаў запэўнівае, што ўнутраныя войскі не адправяцца ва Украіну.
***
СБУ абвергла інфармацыю пра расійскі дэсант пад Львовам
Мэр Львова Андрэй Садовы раней напісаў у Фэйсбуку:
«У раёне Бродаў а 9-й раніцы на 3 верталётах высадзіўся расійскі дэсант. Каля 60 людзей. Нашы войскі далі адпор. Цяпер яны адступаюць у бок лесу ў раён Лявяціна. Узброеныя сілы даюць годны адпор акупанту! Трымаем сітуацыю на кантролі».
СБУ ў Львоўскай вобласці назвала недакладнай распаўсюджаную інфармацыю: «Просім жыхароў захоўваць спакой! Паведамляем: працавала ўкраінская авіяцыя».
***
Украіна просіць Чырвоны Крыж дапамагчы з вывазам мёртвых целаў расійскіх захопнікаў.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Зяленскага Міхаіл Падаляк заявіў, што з пачатку вайны, паводле стану на сённяшнюю раніцу, былі забітыя 3,5 тысячы расійскіх жаўнераў, менш за 200 былі ўзятыя ў палон.
«Мы просім, каб Міжнародны Чырвоны Крыж дапамог вывезці целы расійскіх салдат у Расійскую Федэрацыю. Гэта тысячы целаў акупантаў, гэта гуманітарная патрэба, і мы просім зрабіць так, каб целы расійскіх акупантаў пакінулі тэрыторыю Украіны і паехалі ў Расійскую Федэрацыю», — падкрэсліла міністарка па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук.
***
У станіцу Луганскую ўвайшлі акупацыйныя войскі. Гэта пацвердзіў кіраўнік Луганскай ВГА Гайдай. Фота Типичный Донецк.
***
Украіна звярнулася ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа з просьбай перадаць Расіі целы загінулых расійскіх вайскоўцаў.
***
У раёне Бродаў на Львоўшчыне высадзіўся расійскі дэсант
Каля 9 гадзін раніцы па ўкраінскім чае каля горада Броды на Львоўшчыне з трох расійскіх верталётаў высадзіліся каля 60 дэсантнікаў, якіх сустрэлі агнём украінскія вайскоўцы, паведамляе ZAXID.NET.
***
"Вы, беларусы, чаго сюды прыехалі?"
Украінскія медыя апублікавалі відэа, на якім мясцовы жыхар звяртаецца да акупанта і называе яго беларусам.
***
Зяленскі: наступіў вырашальны момант, каб прыняць рашэнне аб членстве Украіны ў ЕС
«Надышоў вырашальны момант, каб раз і назаўжды закрыць шматгадовую дыскусію і прыняць рашэнне аб членстве Украіны ў ЕС. Абмеркаваў з @eucopresident далейшую дзейсную дапамогу і гераічную барацьбу украінцаў за сваю свабодную будучыню», — напісаў ён у Twitter.
***
Зборная Польшчы па футболе адмаўляецца праводзіць стыкавы матч адбору да чэмпіянату свету 2022 года супраць зборнай Расіі з-за сітуацыі ва Украіне, заявіў прэзідэнт польскага футбольнага саюза Цэзарый Кулеша. Пра гэта паведамляе ТАСС.
***
Тэлекамунікацыйная кампанія А1 (Аўстрыя) заявіла, што з улікам сітуацыі ва Украіне тэлефанаванні і СМС абанентаў кампаніі паміж Украінай і Аўстрыяй будуць бескаштоўнымі.
***
За апошнія 24 гадзіны ўкраінска-польскую мяжу перасеклі 35 тыс. бежанцаў з Украіны, гэта даныя МУС Польшчы, паведамляе DW. У асноўным гэта жанчыны з дзецьмі і мужчыны непрызыўнога ўзросту. На ўкраінскім баку мяжы ўтварыліся доўгія чэргі. Польшча штодня здольная прапускаць праз мяжу да 50 тысяч уцекачоў з Украіны.
***
Кіеўскае метро працуе ў рэжыме сховішча. Транспартныя перавозкі ажыццяўляцца не будуць. Пра гэта абвясціў мэр горада Віталь Клічко.
***
Вось так выглядае жылы дом у Кіеве, у які трапіла расійская ракета.
Момант удару трапіў на відэа
***
Расійскія лекары падпісалі адкрыты ліст Пуціну з патрабаваннем спыніць ваенную атаку на Украіну
«Мы, расійскія лекары, медсёстры і фельчары, рашуча выступаем супраць ваенных дзеянняў, якія здзяйсняюцца расійскімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Украіны», — гаворыцца ў тэксце ліста.
Медыкі падкрэсліваюць, што іх задача — захоўваць чалавечыя жыцці, і ў цяжкі для абедзвюх краін час яны заклікаюць да неадкладнага спынення баявых дзеянняў і вырашэння ўсіх палітычных пытанняў мірным шляхам.
На момант публікацыі адкрыты ліст да Пуціна падпісалі больш за 300 чалавек.
***
Новыя спадарожнікавыя здымкі Maxar паказваюць на тое, што на поўдні Беларусі, прыкладна ў 32 км ад беларуска-ўкраінскай мяжы, сканцэнтраваныя каля 150 транспартных верталётаў, а таксама сухапутныя войскі РФ.
***
Стваральнікі «Сімпсанаў», самага доўгага мультсерыяла ў гісторыі амерыканскага тэлебачання, падтрымалі Украіну.
***
Міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў звярнуўся да кіраўніка карпарацыі Apple Ціма Кука з просьбай заблакаваць Apple Store для расіян.
Сухапутныя войскі Украіны падлічылі прыкладныя страты праціўніка на раніцу, 26 лютага
Сухапутныя войскі Украіны на старонцы Facebook паведамляюць пра перадыслакацыю рэзервовых падраздзяленняў у памежныя з Украінай раёны. «Вораг працягвае наносіць авіяцыйныя ўдары па аэрадромах, груповак войскаў УСУ на Усходзе і ў паўночнай часткі Кіеўскай вобласці. Ажыццёўлены адзінкавыя авіяцыйныя ўдары ў раёнах Сумы, Палтава, Марыупаль. З Чорнага мора вораг ажыццявіў пуск крылатых ракет марскога базавання Калібр», — гаворыцца ў паведамленні.
Кіраванне дзеяннямі тактычнай авіяцыі РФ адбываецца з Беларусі і Крыму. У раёне Мазыра знаходзяцца батальённыя тактычныя групы 35 агульнавайсковай арміі РФ, могуць быць ужытыя для нанясення ўдараў па аб'ектах ва Украіне.
Прыкладныя страты праціўніка на раніцу 26 лютага складаюць:
- Самалёты — 14 адз.,
- Верталёты — 8 адз.,
- Танкі — 102 адз.,
- ББМ — 536 адз.,
- Гармат — 15 адз.,
- ЗРК БУК — 1 адз.
- Загінулых — больш за 3,5 тысячы расійскіх акупантаў
- Палонныя — 200.
Камандаванне ВМСУ заявіла пра збіты ў Кіеўскай вобласці Іл-76 з расійскімі дэсантнікамі, а таксама пра два збітыя Су-25.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з Банкавай звярнуўся да ўкраінцаў:
«Добрай раніцы, украінцы. Цяпер у сеціве з'явілася шмат фэйкавай інфармацыі, быццам я заклікаю складаць зброю нашу армію і ідзе эвакуацыя. Значыць так. Я тут, ніякай зброі мы не складзём. Будзем абараняць нашу дзяржаву, таму што наша зброя — гэта наша праўда. Гэта наша зямля, наша краіна, нашы дзеці. І мы ўсё гэта будзем абараняць», — заявіў ён.
Украінскія ваенныя адстаялі Васількаў. Мэр горада Наталля Баласіновіч заявіла, што штурм расійскімі ваеннымі Васількава Кіеўскай вобласці, які доўжыўся ўсю ноч, скончыўся перамогай ВСУ.
«Цяпер заканчваюцца баі. Можна сказаць, што ў Васількаве ўжо ціха і наша страшная ноч падышла да свайго канца», — сказала кіраўніца горада.
ВСУ адстаялі Нікалаеў. Як паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай адміністрацыі Віталь Кім, працавалі сістэмы супрацьпаветранай абароны. Удары праціўніка з паветра не ўдаліся.
Акрамя таго, ВСУ перашкодзілі высадцы варожага дэсанта ў Ачакава. Усе атакі праціўніка паспяхова адбітыя.
Уначы была атака на Кіеўскую ГЭС, але яе адбілі і цяпер станцыя працуе ў звычайным рэжыме, паведаміла міністэрства энергетыкі Украіны.
***
Што вядома на гэты час.
У Кіеве ідуць баі. У пачатку ночы стральбу і выбухі чулі на захадзе горада, затым — бліжэй да цэнтра. Раніцай снарад трапіў у жылы шматпавярховы дом, ніхто не пацярпеў.
Расія заблакавала ў Радзе Бяспекі ААН рэзалюцыю з асуджэннем яе дзеянняў ва Украіне.
ЕС увёў санкцыі супраць 98 прадстаўнікоў кіраўніцтва Расіі. Сярод іх — Уладзімір Пуцін, Міхаіл Мишусцін, Сяргей Лаўроў, Дзмітрый Мядзведзеў, Уладзімір Калакольцаў. Таксама пад санкцыі трапілі дзясяткі кампаній банкаўскага, авіябудаўнічага і касмічнага сектараў.
ЗША дадалі ў санкцыйныя спісы Пуціна, Лаўрова, Шайгу і кіраўніка Генштаба РФ Валерыя Герасімава.