Прыезд Львовай-Бяловай у Мінск — натарыяльна завераны саўдзел

У Беларусь прыехала ўпаўнаважаная па правах дзяцей Расіі Марыя Львова-Бялова, на якую Міжнароны крымінальны суд выдаў ордар на арышт. У Мінску яе сустракаў пасол Расіі Барыс Грызлоў. Палітычны аглядальнік «Свабоды» Юрый Дракахруст пракаментаваў «Филину» прычыны і наступствы прыезду ў Мінск скандальнай упаўнаважанай па правах дзяцей Расіі.

haaha_1_logo.jpg

У Мінску Львову-Бялову сустракаў пасол Расіі Барыс Грызлоў.«Калі гаварыць на мове фактаў, то ніводная краіна ці арганізацыя ў свеце не зрабіла столькі для бяспекі і дабрабыту ўкраінскіх дзяцей, колькі Расія і Беларусь», — заявіў расійскі дыпламат. І прывёў канкрэтныя лічбы: з 2021 года ў Беларусі пабывалі ўжо 2250 дзяцей з акупаваных тэрыторый. Грызлоў падкрэсліў, што Масква і Мінск працягнуць вывозіць украінскіх дзяцей.

Прычыны і наступствы прыезду ў Мінск скандальнай госці з Расіі «Филину» пракаментаваў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

— На што падобны гэты візіт — на няўклюдную спробу выказаць салідарнасць з беларускім рэжымам, які таксама патрапіў пад падазрэнне ў вывазе ўкраінскіх дзяцей, ці на свядомы крок, каб яшчэ больш замазаць беларускіх калег? 

— Думаю, што гэта хутчэй спроба яшчэ больш замазаць. Гэта падзел адказнасці. Афіцыйнаму Мінску, Лукашэнку асабіста гэтым самым даецца сігнал, што вы не выскачыце з аднаго з намі вазка.

У тым ліку і з аднаго вазка юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда і гэтых абвінавачванняў. Маўляў, у вас гэта не атрымаецца.

Магчыма, Лукашэнка і сам не вельмі хацеў, па розных прычынах, саскочыць з гэтага агульнага воза. Урэшце, гэта рэгуляваны працэс. Калі пайшлі гэтыя размовы, што і Беларусь, і ён асабіста могуць быць прыцягнуты да адказнасці, то Беларусь не перастала вывозіць украінскіх дзяцей. У гэтым былі і беларускія рашэнні. Але я не выключаю, што прыняць гэтую спадарыню з Масквы настойліва параілі. Таму што гэта пэўны сімвал.

Бо колькі там дзяцей з Украіны трапіла ў Беларусь — гэта статыстыка, гэта не міжнародная падзея, гэта працэс. А вось калі ў Мінск прыязджае прадстаўніца Расіі, якая знаходзіцца пад крымінальнай справай менавіта за гэта, то тут ужо гаворка пра падзею.

І гэта пэўны цень, які кладзецца на ўладу Беларусі. І сцерці гэты цень будзе дастаткова складана. Гэта не той выпадак, калі ўлады краіны гэтым займаліся, потым пачалі змяншаць абароты, спускаць на тармазах і ўрэшце спынілі працэс.

А калі яна ўжо прыехала, то гэта факт, які не замыліш і не пераіграеш. Гэта ёсць. І гэтая звязка, у тым ліку і ў гэтых злачынствах, гэта фактычна пячатка і подпіс.

— Натарыяльна завераны саўдзел.

— Так. І нават у большай ступені, чым сам вываз дзяцей з акупаваных абласцей Украіны ў Беларусь, што можна было зменшыць ці нават звесці да нуля даволі хутка, было б жаданне. Але не захацелі рабіць ні таго, ні другога.