Прыбраўшы Бабарыку і Цапкалу і пакінуўшы Ціханоўскую, улада перанакіруе пратэст
Палітолаг Андрэй Паротнікаў патлумачыў, чаму ўлады лічаць для сябе пагрозай рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, але пры гэтым цалкам могуць зарэгістраваць Святлану Ціханоўскую.
Выбарчыя камісіі адбракоўваюць тысячы подпісаў, аддадзеных за двух прэтэндэнтаў — Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. У іншых, уключаючы жонку апальнага блогера Сяргея Ціханоўскага, пакуль падобных праблем з падпіснымі лістамі не ўзнікае. У чым прычына такой непаслядоўнасці выбаркамаў?
— Тое, што могуць не зарэгістраваць Цапкалу і Бабарыку — гэта чакана з улікам таго ўзроўню накату, які ідзе ў адносінах да іх, — адзначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. — Гэтыя людзі з пункту гледжання беларускай улады маюць асабістыя якасці і патэнцыял, каб арганізаваць і ўзначаліць пратэст. Такім чынам прыбіраюць і арганізацыйны цэнтр, і патэнцыйны сімвал магчымых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў.
Што тычыцца Ціханоўскай, то, на думку палітолага, па ёй пытанне, хутчэй за ўсё, проста яшчэ не вырашана наверсе.
— Няма пакуль выразнай пазіцыі кіраўніка дзяржавы. Ён жа заяўляў, што ў Беларусі жанчына не можа быць прэзідэнтам, і атрымліваецца, што «ваяваць з бабай» супярэчыць яго самаўпэўненым заявам, — тлумачыць Андрэй Паротнікаў.
Пры адсутнасці ў выбарчым бюлетэні прозвішчаў Цапкалы і Бабарыкі Святлана Ціханоўская можа сабраць большасць галасоў пратэстнага электарату. Але ўлады гэта задаволіць.
— Наверсе, мне здаецца, мяркуюць, што, быўшы выпадковым чалавекам у кампаніі, Ціханоўская не мае ні дастатковага палітычнага досведу, ні дастатковай рашучасці. Плюс да ўсяго заўсёды будзе магчымасць ціску на мужа, які дэ-факта знаходзіцца ў закладніках, і на дзяцей, — тлумачыць Андрэй Паротнікаў. — Калі мы ўбачым Ціханоўскую ў выбарчых бюлетэнях, то, хутчэй за ўсё, гэта будзе спроба ўладаў каналізаваць магчымы пратэст, накіраваць яго па найменш небяспечным для сябе сцэнары. Збяруць незадаволеных вакол Ціханоўскай якая не пойдзе ні на якія рашучыя дзеянні і заклікі.
Палітолаг таксама лічыць, што трэба рабіць адрозненні паміж электаратам Цапкалы і Бабарыкі і электаратам Сяргея Ціханоўскага.
— Электарат Ціханоўскага ўсё ж арыентуецца на лідарскі правадырскі тып палітыка, які ведае і які вядзе. Іх узровень самаарганізацыі адносна невысокі. І калі не будзе заклікаў з боку лідара, то пытанне здольнасці іх выступіць і самаарганізавацца падвісае ў паветры, — адзначае Андрэй Паротнікаў. — А вось электарат Бабарыкі і Цапкалы — гэта электарат вялікіх гарадоў, людзей з пэўным узроўнем дастатку, якія прывыклі прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць. Прынамсі, значная частка гэтых людзей — гэта прадстаўнікі малога, сярэдняга і буйнога бізнесу, якія маюць патэнцыял арганізацыйны і арганізатарскі. Цяпер для ўлады галоўнае — выключыць іх з працэсу.
На думку палітолага, улады дзейнічаюць цалкам рацыянальна, зыходзячы з сітуацыі, якая склалася.
— Яны збіваюць рэпрэсіўнымі інструментамі пратэст на ўзлёце, каб не даць яму самаарганізавацца, структуравацца, набыць нейкую сістэмнасць, што запатрабуе яшчэ больш жорсткай рэакцыі, — тлумачыць Андрэй Паротнікаў. — Разлік, на маю думку, будуецца на тым, што грамадства прыме тую лічбу, якую намалюе Ярмошына, а праз месяц-два можна будзе выпусціць палітвязняў і супакоіць Захад.
Аднак ці можна казаць, што вынік выбараў прадвызначаны і пратэсты перарваныя ў зародку?
— Я б не стаў так казаць адназначна, таму што стрэліць можа ў любы момант, і незразумела, што паслужыць такім спускавым кручком, — адзначае палітолаг. — Справа ў тым, што рэальна Лукашэнка не проста страціў большасць. Калі б лічылі галасы на выбарах, ён, на маю думку, хутчэй за ўсё, паказаў бы трэці ці чацвёрты вынік. Без шанцаў нават трапіць у другі тур. І ў гэтым плане яго сітуацыя вельмі ўразлівая.
Паводле Салідарнасці