Politico: расійскія кампаніі закупілі ў Кітаі рыштунак для войска РФ на сотні мільёнаў долараў
У 2023 годзе расійскія кампаніі закупілі ў Кітаі тавары падвойнага прызначэння, неабходныя для войска РФ, на сотні мільёнаў долараў, піша Politico са спасылкай на звесткі мытні.
Кітай, нягледзячы на заклікі Пекіна да міру, набліжаецца да чырвонай лініі ў пастаўцы дастатковай колькасці несмяротнага, але карыснага ў вайсковым плане абсталявання ў Расію, каб аказаць істотны ўплыў на 17-месячную вайну прэзідэнта Уладзіміра Пуціна супраць Украіны, піша выданне www.politico.eu. Ахоўнага рыштунку было б дастаткова, каб экіпіраваць многіх людзей, мабілізаваных Расіяй пасля ўварвання. Да таго ж ёсць і беспілотнікі, якія можна выкарыстоўваць для навядзення артылерыйскага агню або скідвання гранат, і цеплавыя аптычныя прыцэлы для навядзення ворага ў начны час.
З пачатку года Кітай паставіў у Расію цывільных беспілотнікаў больш чым на 100 мільёнаў долараў, а кеўлару для бронекамізэлек — на суму больш за 225 мільёнаў долараў, у той час як экспарт кеўлару ва Украіну знізіўся на 61 працэнт — да ўсяго 5 мільёнаў долараў, паказваюць даныя мытні Кітая і Украіны.
Акрамя таго, расійскія кампаніі закупляюць у Кітаі гатовыя бронекамізэлькі і каскі, а таксама цеплавізійныя прыцэлы.
Журналісты выявілі, што з пачатку вайны было ажыццёўлена як мінімум 220 такіх паставак на суму каля 11 мільёнаў долараў.
Так, напрыклад, сёлета Расія імпартавала з Кітая беспілотнікаў на суму больш за 100 мільёнаў долараў — а гэта ў 30 разоў больш, чым Украіна.
«Вельмі відавочна, што Кітай, нягледзячы на ўсе яго заявы аб тым, што ён нейтральны акцёр, насамрэч падтрымлівае пазіцыі Расіі ў гэтай вайне», — сказала журналістам Хелена Легарда, вядучы аналітык, які спецыялізуецца на кітайскай абароне і знешняй палітыцы Інстытута вывучэння Кітая Меркатара, берлінскага аналітычнага цэнтра.
Калі б Кітай перасёк чырвоную лінію і прадаў зброю або ваенную тэхніку Расіі, гэта б прывяло да выканання другасных санкцый ЕС, накіраваных на ўдзельнікаў агрэсіўнай вайны Пуціна, кажа Легарда. Але, дадала яна, такое абсталяванне, як бронекамізэлькі, цеплавізар і нават камерцыйныя беспілотнікі, якія можна выкарыстоўваць у наступальных аперацыях на лініі фронту, наўрад ці выкліча адказ.
Паводле даных выдання, часцяком закупкі тавараў падвойнага прызначэння здзяйсняюць расійскія кампаніі-аднадзёнкі. Нярэдка яны паказваюць у мытных дакументах іншыя назвы тавараў, якія закупляюцца. Напрыклад, кампанія «Пазітрон» з Растова-на-Доне ў лістападзе і снежні 2022 года закупіла «шлемы для страйкбола», «розную кераміку» і іншыя тавары на суму больш за 60 мільёнаў долараў. Эксперты па санкцыях і абароне кажуць, аднак, што гэта звычайная практыка — памылкова пазначаць тавары падвойнага прызначэння як грамадзянскія, калі яны насамрэч прызначаны для вайны.
У 2022 годзе, адзначае Politico, кампанія «Пазітрон», заснаваная ў сакавіку 2021 года, зарабіла каля 20 мільярдаў рублёў, хоць годам раней яе даход не нашмат перавышаў 31 мільён.
Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну краіны Захаду ўвялі супраць Расіі шматлікія санкцыі. Частка абмежаванняў закліканая спыніць пастаўкі ў РФ тэхналогій, якія могуць быць выкарыстаны ў ваенных мэтах. Аднак, нягледзячы на ўсе ўведзеныя абмежаванні, Расія прадаўжае закупляць неабходныя кампаненты праз кампаніі Турцыі, ААЭ, Ганконга і іншых краін.
Паводле www.politico.eu, meduza.io